24 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі чакаюць павелічэння колькасці турыстаў з Балгарыі. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам пасля цырымоніі падпісання пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне фізічнай культуры і спорту паміж Міністэрствам спорту і турызму Беларусі і Міністэрствам моладзі і спорту Балгарыі кіраўнік беларускага спартыўнага ведамства Аляксандр Шамко, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА.
"Пагадненне, падпісанае сёння паміж двума спартыўнымі ведамствамі, безумоўна, паўплывае на больш плённае супрацоўніцтва ў сферы турызму. Сапраўды, Балгарыя з'яўляецца любімым месцам адпачынку для беларусаў. Але я ўпэўнены, што і для грамадзян Балгарыі наша краіна будзе цікавай. У Беларусі актыўна развіваецца аграэкатурызм, медыцынскі турызм. Усё гэта зробіць рэспубліку больш прывабнай для замежных турыстаў", - сказаў Аляксандр Шамко.
Ён таксама падкрэсліў, што дзве краіны будуць пашыраць супрацоўніцтва ў спартыўнай сферы. "У апошнія гады ў Беларусі пабудавана шмат новых і рэканструявана існуючых спартыўных збудаванняў. Безумоўна, мы зможам знайсці агульныя падыходы ў пытанні арганізацыі сумесных вучэбна-трэніровачных збораў, правядзення спарынгаў для нашых нацыянальных каманд, што будзе этапам падрыхтоўкі да самых высокіх спартыўных форумаў", - сказаў міністр.
Пятае пасяджэнне Беларуска-балгарскай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве праходзіць у Мінску 23-25 верасня. На пленарным пасяджэнні міжурадавай камісіі бакі абмеркавалі бягучы стан і перспектывы развіцця двухбаковага супрацоўніцтва ў галіне прамысловасці, сельскай гаспадаркі, стандартызацыі, транспарту, навукі і тэхналогій, спорту і турызму, развіццё інвестыцыйнай дзейнасці, узаемадзеянне на рэгіянальным узроўні.
У час пасяджэння акрамя пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне спорту падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы сельскай гаспадаркі. Таксама ў час бізнес-форуму, які адбыўся сёння на базе Мінскага аддзялення Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, заключаны мемарандум аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальным агенцтвам інвестыцый і прыватызацыі Беларусі і Балгарскім агенцтвам па інвестыцыях.