Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

17 Кст 2016

Тытулаваны брадвейскі мюзікл упершыню на рускамоўнай прасторы паставяць у Беларусі

17 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тытулаваны брадвейскі мюзікл "Недалёка ад нормы" (Next to normal) упершыню на рускамоўнай прасторы паставяць у Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў тэатры "Тэрыторыя мюзікла".

Гэты тэатр пры падтрымцы пасольства ЗША ў Беларусі пачаў рыхтаваць пастаноўку ліцэнзійнага брадвейскага мюзікла "Недалёка ад нормы", які на радзіме атрымаў 11 намінацый і 3 вышэйшыя амерыканскія прэміі ў галіне музычнага тэатра Tony Award, а таксама Пулітцэраўскую прэмію ў намінацыі "Драма". Такой прэстыжнай узнагароды мюзікл быў удастоены сярод іншага "За пашырэнне магчымасцей і тэматыкі самога жанру". Нездарма спектакль вытрымаў больш за 700 паказаў на Брадвеі: мюзікл сучасных аўтараў Тома Кіта і Браяна Ёркі ўздымае важныя жыццёвыя, аднак даволі незвычайныя для тэатра тэмы.

Сюжэт будуецца вакол жанчыны, якая церпіць ад біпалярнага расстройства, і паказвае, як хвароба блізкага чалавека ўплывае на ўсіх, хто знаходзіцца побач. Гэта ўважлівы, глыбокі і чулы творчы погляд на тое, што такое нармальная сям'я і якім размытым і складаным можа стаць само паняцце "норма". Спектакль эмацыянальна і даступна расказвае гледачу пра людзей з псіхічнымі расстройствамі, якія жывуць побач з намі.

Падрыхтоўка да беларускай прэм'еры "Недалёка ад нормы" вядзецца ўжо каля двух гадоў і цяпер выходзіць на фінальную стадыю. Прэм'ера плануецца на люты. Для работы з артыстамі, задзейнічанымі ў спектаклі, пасольствам ЗША ў Беларусі ў Мінск запрошаны практыкуючы брадвейскі вакальны педагог Эндру Бёрн. На працягу двух тыдняў ён будзе перадаваць салістам сакрэты свайго майстэрства.

У галоўных ролях - лаўрэаты міжнародных конкурсаў Дзмітрый Якубовіч, Ілона Казакевіч, Святлана Мацыеўская.

Эндру Бёрн - педагог па вакале, вакальны коўч, кампазітар, паэт, выканаўца, музычны кіраўнік і дырыжор. Двойчы быў названы адным з "Любімых вакальных педагогаў" NYC Backstage Reader's Choice Awards, дзе з'яўляецца пастаянным аўтарам калонкі па пытаннях прафесійнага майстэрства. За апошнія некалькі тэатральных сезонаў яго студэнты прынялі ўдзел у 40 брадвейскіх мюзіклах. Эндру Бёрн быў педагогам па вакале ў праекце аскараноснага рэжысёра Сэма Мендэса The Bridge Project.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі