Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

2 Чэр 2025

Тыдзень дэгустацый і адкрытых дзвярэй. У Беларусі стартавала акцыя "Вандруй. Адчуй. Натхняйся"

Тыдзень дэгустацый і адкрытых дзвярэй. У Беларусі стартавала акцыя
Фота з архiва

2 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі стартавала маштабная IV Рэспубліканская акцыя "Вандруй. Адчуй. Натхняйся", прызначаная папулярызаваць унутраны турызм і адкрыць беларусам і гасцям краіны ўсю разнастайнасць турыстычных магчымасцей, паведамілі БЕЛТА ў Нацыянальным агенцтве па турызме.

У ёй прымаюць удзел больш за 1,4 тыс. аб'ектаў турыстычнай сферы ўсіх абласцей. Гэта аграэкасядзібы, установы культуры, адукацыі, аб'екты харчавання і пражывання, санаторна-курортныя ўстановы, турыстычныя комплексы, экалагічныя паркі, заказнікі, мастацкія і карцінныя галерэі, вытворчыя прадпрыемствы, спартыўныя ўстановы і інш.

Наведвальнікам прапануюць бясплатныя экскурсіі і квесты, пройдуць дні адкрытых дзвярэй, майстар-класы, дэгустацыі страў нацыянальнай кухні, прэзентацыі паслуг.

У Віцебскай вобласці ў Сенненскім раёне арганізуюць квест-гульню "Партызанскімі сцежкамі", у Шуміліне - велапрабег "Іх імёнамі названы вуліцы". Орша запрашае гасцей наведаць 6-7 чэрвеня фестываль лёну, у час якога адбудзецца шэсце "Льняная палітра", модны паказ ад Аршанскага льнокамбіната, канцэрт і інтэрактыўная праграма.

Гомельская вобласць прапануе стаць удзельнікамі экскурсій па Гомелі, Хойніцкім раённым краязнаўчым музеі, Гомельскім абласным драматычным тэатры. Веткаўскі музей стараверства і беларускіх традыцый правядзе майстар-клас па ткацтве.

Удзельнікамі акцыі ў Магілёўскай вобласці стануць Быхаўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей, Магілёўскі абласны краязнаўчы музей, туркомплекс "Мікалаеўскія сажалкі", КУП "Бабруйсккіно" і інш. Турыстычны інфармацыйны цэнтр "Рэгіён Магілёў" правядзе экскурсіі па гістарычным цэнтры Магілёва. У Клімавіцкім лясгасе адкрыецца экасцежка.

У Мінскай вобласці Старобінскі торфабрыкетны завод прапануе экскурсію па вузкакалейнай чыгунцы. Турыстычны інфармацыйны цэнтр Валожынскага раёна правядзе экскурсію па Валожыне, квест "Пазнай Валожын".

У Гродзенскай вобласці пазнаёмяць з турыстычнымі магчымасцямі Дзятлава, Ваўкавыска, Навагрудка, эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Мастоўскага раёна, Гальшан. Са скідкай можна трапіць на экскурсію па экспазіцыі музея "Замкавы комплекс "Мір". Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей прапануе ў пэўны час бясплатна наведаць выстаўкі з фондаў музея ў Новым замку. 6 чэрвеня ў 15.00 адбудзецца квест-гульня "Чорны замак Альшанскі" паводле аднайменнага рамана Уладзіміра Караткевіча.

У Брэсцкай вобласці Косаўскі палацава-паркавы комплекс правядзе бясплатную экскурсію, РУВП "Граніт" арганізуе наведванне паўднёвай агляднай пляцоўкі гранітнага кар'ера "Мікашэвічы" і новай агляднай пляцоўкі з музейнай экспазіцыяй. Адбудуцца экскурсіі па Ляхавічах, ландшафтным заказніку рэспубліканскага значэння "Сярэдняя Прыпяць" і "Прастыр", Мерчыцкім цэнтры традыцыйнай культуры і побыту "Спадчына Палесся". У Пінскім раённым Доме рамёстваў прадставяць анімацыйную праграму "Спадчына продкаў".

У Мінску для гасцей адкрыюць дзверы гасцінічныя комплексы, арганізуюць бясплатнае наведванне музея пажарнай і аварыйна-выратавальнай справы. Музей гісторыі медыцыны прадаставіць магчымасць бясплатна прайсці квест па экспазіцыі. Удзельнічаюць у акцыі таксама Нацыянальны гістарычны музей, музей прыроды і экалогіі, музей гісторыі беларускага кіно і інш. Нацыянальны алімпійскі стадыён "Дынама" запрашае 7-8 чэрвеня на ZOO Fest.

З падрабязным пералікам аб'ектаў, якія ўдзельнічаюць у акцыі, можна азнаёміцца, спампаваўшы спіс у фармаце .xlsx або .pdf на сайце Нацыянальнага агенцтва па турызме. Абавязковы папярэдні запіс.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі