У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Прэс-цэнтр
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Прэс-цэнтр | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

19 Стд 2016

Творы Льва Бакста і яго сучаснікаў прадставяць на выстаўцы ў Мінску

19 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Творы сусветна вядомага мастака, сцэнографа, мадэльера Льва Бакста і яго сучаснікаў прадставяць на выстаўцы ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў музеі.

Арт-праект будзе праходзіць з 10 лютага па 17 красавіка. У экспазіцыі "Час і творчасць Льва Бакста", прымеркаванай да 150-годдзя з дня нараджэння майстра, будуць дэманстравацца больш за 40 яго работ, выкананых у розных жанрах і тэхніках: ад жывапісу і графікі да тэатральных эскізаў. Беларускі глядач, у прыватнасці, зможа ўбачыць сем твораў Льва Бакста з карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка - уладальніка самага багатага на сённяшні дзень прыватнага збору станковых твораў ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе. Адзін з самых каштоўных экспанатаў на выстаўцы - палатно "Купальшчыкі на Лідо. Венецыя", набытае ў калекцыянера з Англіі. Тры аўтарскія літаграфіі Льва Бакста прадставіць са сваіх фондаў Нацыянальны мастацкі музей. Тэатральныя работы выдатнага сцэнографа прыбудуць з Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага музея тэатральнага і музычнага мастацтва. Сярод іх - эскізы касцюмаў, выкананыя да балетных пастановак знакамітых "Рускіх сезонаў" Сяргея Дзягілева.

Наведвальнікі музея змогуць убачыць арыгіналы акварэльных малюнкаў яшчэ аднаго знакамітага майстра - Напалеона Орды. 12 унікальных акварэлей прадастаўлены Нацыянальным музеем у Кракаве. На іх адлюстраваны віды Гродна другой палавіны XIX стагоддзя - такімі, якімі іх застаў Леў Бакст.

З горада на Няве паступяць дзве тэатральныя афішы аўтарства французскага пісьменніка, мастака і кінарэжысёра Жана Както, які раней у Беларусі не экспанаваўся.

Несумненную цікавасць у наведвальнікаў выклічуць работы сучаснікаў Бакста - М.Валошына, К.Пятрова-Водкіна, К.Багаеўскага. Мастацкі музей Літвы прадаставіў для выстаўкі аўтарскія творы М.Чурлёніса, чые арыгіналы экспанаваліся ў Мінску апошні раз больш як 100 гадоў таму.

Выстаўка ў Мінску стане першым этапам міжнароднага праекта, прысвечанага творчасці Льва Бакста. Пасля беларускай сталіцы экспазіцыя адправіцца ў Вільнюскую карцінную галерэю і мастацкі музей "Рыжская біржа". Завершыць турнэ экспазіцыя на радзіме майстра - у Новым замку ў Гродне.

Леў Бакст (Розенберг) нарадзіўся ў 1866 годзе ў Гродне. Пасля вучобы ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў і парыжскіх мастацкіх школах стаў адным з заснавальнікаў легендарнага аб'яднання "Свет мастацтва" і аднайменнага часопіса. Ён быў выдатным партрэтыстам, ілюстратарам, дэкаратарам і мадэльерам свайго часу. Сусветную вядомасць яму прынесла супрацоўніцтва з балетным імпрэсарыа Сяргеем Дзягілевым, па запрашэнні якога Бакст бліскуча аформіў шэраг пастановак "Рускіх сезонаў" у Парыжы, у тым ліку "Клеапатра" (1909), "Шэхеразада", "Жар-Птушка" (1910), "Нарцыс" (1911), "Дафніс і Хлоя" (1912). Выстаўкі работ Бакста праводзяцца ў прэстыжных музеях свету. Цэны на яго творы б'юць рэкорды продажаў на аўкцыёнах. У 2012 годзе з аўкцыёну Christie’s у Лондане тэатральны эскіз "Жоўтая султанша" Бакста быў прададзены больш як за 1 млн еўра.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс