Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

2 Jul 2015

Трэці міжнародны велапрабег "Еўропа без граніц" стартуе ў Гродне 4 ліпеня

2 ліпеня, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Трэці міжнародны велапрабег "Еўропа без граніц" стартуе ў Гродне 4 ліпеня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА арганізатары мерапрыемства.

Велапрабег будзе праходзіць з 4 па 14 ліпеня па гарадах Гродна, Алітус, Каўнас, Паневяжыс, Рыга, Даўгаўпілс, Браслаў і Друя Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці. Удзельнікі пачнуць рух ад кафэ "Каралеўскае паляванне" ў цэнтры Гродна ў 10.00. Рухаючыся адрэзкамі, яны праедуць амаль 700 км.

Чакаецца, што на старт у Гродна выйдуць каля 50 веласіпедыстаў з Беларусі, Расіі, Літвы, Латвіі, Польшчы і Германіі, у тым ліку - прадстаўнікі ААТ "Гродзенскі мясакамбінат", які выступае спонсарам мерапрыемства. На працягу ўсяго маршруту колькасць веласіпедыстаў можа мяняцца, паколькі жадаючыя могуць далучыцца або пакінуць трасу на любым яе ўчастку.

Ініцыятарам велапрабегу з'яўляюцца беларускія і замежныя веласіпедныя і спартыўныя клубы. У марафоне можа прыняць удзел любы чалавек пры адсутнасці медыцынскіх проціпаказанняў.

Велапрабег праводзіцца з мэтай развіцця і ўмацавання добрасуседскіх адносін і пашырэння кантактаў паміж грамадзянамі розных краін, прапаганды здаровага ладу жыцця, папулярызацыі веларуху сярод насельніцтва, развіцця веласіпеднага турызму, азнаямлення з гісторыка-культурнай спадчынай, якая аб'ядноўвае дзяржавы, а таксама для прыцягнення моладзі да актыўнага ладу жыцця. Акрамя таго, яго ўдзельнікі імкнуцца прыцягнуць увагу да пытанняў, звязаных з перасячэннем дзяржаўных граніц на веласіпедах.

Першы велапрабег "Еўропа без граніц" адбыўся ў 2013 годзе. Яго ўдзельнікі стартавалі ў Брэсце і, праехаўшы праз польскія і літоўскія гарады, фінішавалі ў Лідзе. У 2014 годзе веламарафон пачаўся ў польскай Белавежы і фінішаваў пад Гроднам каля варот агратурыстычнага комплексу "Гарадзенскi маёнтак "Каробчыцы".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі