12 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Каля 300 юных гімнастак ва ўзросце ад 3 да 10 гадоў прымуць удзел у традыцыйным турніры
Baby Cup BelSwissBank-2013 па мастацкай гімнастыцы. Аб гэтым журналістам на прэс-канферэнцыі, прымеркаванай да пачатку 14-га турніру, паведаміла ініцыятар яго стварэння галоўны трэнер нацыянальнай каманды Беларусі па мастацкай гімнастыцы Ірына Ляпарская, перадае карэспандэнт БЕЛТА.Турнір гэтага года пройдзе ў мінскім Палацы спорту. Ірына Ляпарская расказала, што падрыхтоўка да яго была вельмі карпатлівай. "Гэты год з'яўляецца асаблівым таму, што 20 гадоў мінула з таго часу, як нацыянальная каманда Беларусі стала выступаць самастойна на міжнароднай арэне, - расказала Ірына Ляпарская. - Упершыню беларускі выступілі ў 1993 годзе на чэмпіянаце Еўропы ў Штутгарце. У камандным заліку яны выйгралі сярэбраныя медалі. У тым жа годзе на чэмпіянаце свету ў іспанскім Алікантэ зборная Беларусі таксама заняла 2-е месца сярод каманд. 2013-ы год увайшоў у гісторыю як год, калі на чэмпіянаце свету ў Кіеве беларуская каманда ў групавых практыкаваннях выйграла залатыя ўзнагароды".
Паводле слоў Ірыны Ляпарскай, турнір
Baby Cup можа атрымаць статус самага масавага дзіцячага спартыўнага мерапрыемства краін СНД. Яна таксама паведаміла, што ў адпаведныя органы пададзены дакументы на зацвярджэнне брэнда Baby Cup. "Лічым, што маем права на атрыманне патэнта, паколькі з 1998 года самі праводзім турнір, самі прыдумалі яго назву, з выкарыстаннем якой узнікаюць некаторыя складанасці", - падзялілася Ірына Ляпарская.Галоўны трэнер нацыянальнай каманды па мастацкай гімнастыцы адзначыла, што папулярнасць гэтага віду спорту пастаянна расце. "На адборачным туры да Baby Cup BelSwissBank-2013 было нават крыху страшна, калі заявіліся 412 удзельніц. Адбор праходзіў у мінскай спартзале на вуліцы Даўмана, і арганізатары пастараліся чарговы раз дапусціць да асноўных спаборніцтваў максімальную колькасць спартсменак, аднак не ўсіх. Інакш турнір бы зацягнуўся на значны час (боль за 5 гадзін), што было б нязручным для гледачоў. Хацелася б папрасіць выбачэння ў бацькоў і трэнераў, чые гімнасткі ўсё ж не трапілі ў асноўныя спаборніцтвы, але прашу паставіцца з разуменнем да такога рашэння. Гэта спорт", - адзначыла на заканчэнне Ірына Ляпарская.
Упершыню ў гісторыі турніру Baby Cup юныя грацыі будуць выступаць пад жывы гук. Гэты факт прадугледжвае дадатковую адказнасць для саміх удзельніц і для іх маладых трэнераў, паведамілі арганізатары.
Турнір 2013 года пройдзе 17 снежня (пачатак у 18.00) у мінскім Палацы спорту. Арганізатарамі Baby Cup BelSwissBank 2013 выступаюць Міністэрства спорту і турызму Беларусі, Нацыянальны алімпійскі камітэт, Беларуская асацыяцыя гімнастыкі, Мінгарвыканкам, BelSwissBank. Сярод партнёраў турніру амаль два дзясяткі арганізацый.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|