Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

3 Jun 2015

Святы сала, мёду і "Гасцёўня бульбаша" чакаюць гасцей праекта "Александрыя збірае сяброў"

3 чэрвеня, Магілёў /Сяргей Кулягін - БЕЛТА/. Народныя святы сала, мёду і "Гасцёўня бульбаша" чакаюць гасцей праекта "Александрыя збірае сяброў" (свята "Купалле"), які пройдзе 4-5 ліпеня ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў галоўным упраўленні ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама.

Асноўныя мерапрыемствы свята пачнуцца 4 ліпеня з адкрыцця выстаўкі-кірмашу "Каля дняпроўскіх вод - зноў купальскі карагод". Традыцыйна на цэнтральным уваходзе гасцям свята будзе прадстаўлена экспазіцыя тэматычнай сувенірнай прадукцыі "Днепр - рака дружбы" народных майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі, Расіі і Украіны. Запланавана работа творчых пляцовак: міжнароднага музычна-спартыўнага свята "Вялікая бард-рыбалка" і абласнога этапу рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта "Уладар вёскі". Таксама ў праграме майстар-класы па традыцыйных для Беларусі відах рамёстваў, канцэртныя праграмы з удзелам творчых калектываў Магілёўскай вобласці.

"Паколькі гэты год у краіне аб'яўлены Годам моладзі, то мы прапануем на Купалле таксама маштабную маладзёжную праграму. Гэта і выстаўка "Нашы ідэі табе, Беларусь!", святочная праграма "Маладосць. Традыцыі. Будучыня", купальскае мікс-шоу "Васільковае лета" з удзелам пераможцаў абласнога конкурсу маладзёжнага творчага праекта "Лесвіца ў неба" і іншыя. Яркай кульмінацыяй першага дня свята стане паказ мюзікла "Папараць-кветка", які завершыцца феерверкам", - расказалі ва ўпраўленні.

У другі дзень свята на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання перадавікоў аграпрамысловага комплексу Магілёўскай вобласці з удзелам аркестра народных інструментаў імя народнага артыста Беларусі Л.Іванова, салістаў студыі класічнага вакалу, ансамбля песні і танца "Медуніца" Магілёўскай абласной філармоніі і харэаграфічных калектываў вобласці. Потым адбудзецца святочны канцэрт народнай артысткі Расіі Кацярыны Шаўрынай і заслужанага дзеяча мастацтваў Расіі Ігара Карнелюка.

Ідэя арганізаваць у Шклоўскім раёне фестываль "Александрыя збірае сяброў" узнікла не на пустым месцы. Паколькі здаўна Днепр быў важнай суднаходнай артэрыяй Беларусі, часткай шляху "з варагаў у грэкі", Александрыя, Копысь і Шклоў былі традыцыйнымі месцамі правядзення кірмашоў і народных гулянняў. Так, напрыклад, Шклоў славіўся сваімі выдатнымі разьбярамі па дрэве, якія ў тым ліку выраблялі іканастасы для храмаў у Маскве і Смаленску. Александрыя знакамітая майстрамі лозапляцення. А ганчары з Копыся былі вядомыя не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі. Таму мерапрыемства мае пад сабой глыбокія гістарычныя карані. Яно з'яўляецца важным элементам захавання культурных, моўных традыцый беларускага народа, рамёстваў.

Гулянні традыцыйна будуць праходзіць у маляўнічым месцы на беразе Дняпра, каля моста, які злучае не толькі два населеныя пункты - Александрыю і Копысь, але і дзве вобласці - Магілёўскую і Віцебскую. У мінулым годзе Александрыя сабрала больш за 55 тыс. гасцей. Чакаецца, што ў гэтым годзе прыгожае беларускае свята наведае яшчэ большая колькасць людзей.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі