5 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр, адзін з самых старажытных у Беларусі, сёлета адзначае 800 гадоў з дня свайго заснавання.
Знаходзіцца святы праваслаўны манастыр у Навагрудскім раёне Гродзенскай вобласці. Паводле царкоўнага падання, гісторыя заснавання манастыра цесна звязана з імем прападобнага Елісея Лаўрышаўскага, які паходзіў з роду літоўскіх князёў і займаў высокую пасаду пры двары. У той час літоўскія князі былі на чале балцкіх племянных саюзаў, якія трымаліся язычніцтва. Але малады князь прыняў хрышчэнне, а затым і манаскі пострыг з імем Елісей. Вакол яго сталі збірацца людзі, для якіх ён пабудаваў царкву і манастыр. Датай яго заснавання прынята лічыць 1225 год.
У жыццяпісе прападобнага расказваецца аб тым, што каля 1250 года ён быў забіты звар'яцелым юнаком-слугой. Пасля гібелі ад мошчаў Елісея Лаўрышаўскага адбывалася нямала цудаў і выздараўленняў. Цікавы факт: дакрануўшыся да астанкаў прападобнага, вылечыўся і звар'яцелы паслушнік, які забіў яго.

Яшчэ адзін цуд адбыўся каля 1505 года. Паводле падання, калі татары, спустошыўшы наваколле Навагрудка, наблізіліся да Лаўрышаўскага манастыра, то ўбачылі ў яго агароджы адборную, добра ўзброеную і шматлікую конніцу. Зразумеўшы, што сілы няроўныя, качэўнікі адыйшлі без бою. На самай справе манастыр не меў абароны, там на той час пражывалі толькі манахі. Лічыцца, што такім чынам Елісей збярог манастыр ад татарскага спусташэння.

У 1514 годзе на Віленскім саборы Елісей Лаўрышаўскі быў праслаўлены ў ліку святых.
Гісторыя Лаўрышаўскага манастыра ў другой палавіне XIII стагоддзя амаль не адлюстравана ў крыніцах. Першыя вядомыя дакументы адносяцца да XIV стагоддзя.

У пачатку XVII стагоддзя манастыр быў перададзены ўніятам, увайшоў у склад базыльянскага манаскага ордэна, пасля чаго прыйшоў у заняпад. Гэтаму садзейнічаў і пажар 1628 года, калі згарэла большая частка пабудоў і дакументаў манастырскага архіва.
У 70-я гады XVIII стагоддзя базыльянскі Лаўрышаўскі манастыр быў адбудаваны нанава, у тым ліку адноўлены Успенскі храм, які захаваўся. У манастыры былі драўляная на мураваным фундаменце званіца, агароджа, злева ад царквы - келейны корпус. На мясцовых могілках стаяла Крыжаўзвіжанская капліца. Манастыру прыналежалі два фальваркі: Лаўрышава і Лычыцы. На могілках недалёка ад Лычыцкага фальварка знаходзілася капліца Узнясення Гасподняга. Манастыру таксама прыналежаў і млын.
Паводле даных вопісаў маёмасці 1822-1824 гадоў, бібліятэка манастыра налічвала прыкладна 600 кніг. Сярод іх было і знакамітае Лаўрышаўскае Евангелле, якое па сваёй гістарычнай значнасці параўнальна з Крыжам Еўфрасінні Полацкай і фрэскамі XII стагоддзя ў Спаса-Праабражэнскай царкве ў Полацку. Яно лічыцца адной з самых старажытных кніг на беларускай зямлі і знаходзіцца ў адным радзе з Тураўскім і Полацкім Евангеллямі. Яго ўнікальнасць у тым, што гэта высокамастацкая кніга. Яна змяшчае 18 мініяцюр на біблейскія тэмы.
Таксама ёсць згадванні пра існаванне ў манастыры адукацыйнай установы - багаслоўскага класа, пазней рэарганізаванага ў Брэсцкую епархіяльную семінарыю. У 1827 годзе ў манастыры было адкрыта духоўнае вучылішча.
У 1836 годзе манастыр быў закрыты, а яго Успенская царква ператворана ў прыходскую ўніяцкую. З 1839 года яна стала належаць праваслаўным. Цудатворныя абразы Збавіцеля і Божай Маці былі перададзены ў царкву ў Дзярэчыне (цяпер аграгарадок Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці).
Спроба адрадзіць Лаўрышаўскі манастыр была зроблена ў пачатку XX стагоддзя. У 1913 годзе на яе тэрыторыі была пабудавана драўляная царква ў імя прарока Елісея, у хуткім часе ўзведзены брацкі корпус і дамы паломнікаў. Адроджаны манастыр лічыўся як Лаўрышаўскі падворак Мінскага архірэйскага дома.
У 1914 годзе, з пачаткам Першай сусветнай вайны, лінія фронту пачала набліжацца да манастыра. У 1915 годзе ў выніку ваенных дзеянняў храм згарэў, пабудовы былі разбураны, а брація пакінула манастыр.

У 1984 годзе імя прападобнага Елісея было ўключана ў Сабор Беларускіх святых.
У 1993 годзе было асвячона месца, дзе стаяла манастырская царква. А ў 1997-1998 гадах узведзены храм у імя прападобнага Елісея Лаўрышаўскага. У далейшым паблізу культавага збудавання ўзвялі корпус, у якім пасялілася брація. У 2001 годзе пры храме быў зарэгістраваны прыход, а 21 красавіка 2007 года рашэннем Сінода Беларускай праваслаўнай царквы ён быў пераўтвораны ў мужчынскі манастыр.
У сценах манастыра сёння нясуць послух 10 чалавек. Тут размясціліся чатыры храмы. У рамках праекта адраджэння Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага манастыра па перыметры тэрыторыі павінна быць створана Алея праваслаўных святынь, на якой будзе 33 капліцы (па гадах зямнога жыцця Ісуса Хрыста), прысвечаныя розным знакавым мясцінам, асобам і святыням. Цяпер пабудавана ўжо 15. Адзін з будынкаў аб'яднаў адразу чатыры капліцы, у будучым годзе ў ім таксама плануюць размясціць музей і бібліятэку.











У манастыры знаходзіцца абраз прападобнага Елісея Лаўрышаўскага, які быў напісаны ў XXI стагоддзі, але ўжо праславіўся шматлікімі цудамі.
5 лістапада, у дзень памяці прападобнага Елісея Лаўрышаўскага, манастыр шырока адзначыць свой юбілей. Дзень пачнецца з богаслужэбнага малебну. Затым у цэнтральным храме будзе зачытаны акафіст прападобнаму. Чакаецца ўрачыстая сустрэча Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, пасля чаго адбудзецца Боская літургія. Пасля яе заканчэння пройдзе хрэсны ход вакол манастыра, пасля якога мітрапаліт Веніямін асвяціць капліцу Жыровіцкага абраза Маці Божай. У гэты дзень тут чакаюць вялікую колькасць паломнікаў не толькі з Беларусі, але і з іншых краін.
