Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

26 Жнв 2015

Святкаванне Дня беларускага пісьменства ў Шчучыне стане маштабным яркім дзействам

26 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Святкаванне Дня беларускага пісьменства стане маштабным яркім дзействам, пляцоўкай для якога два дні - 5 і 6 верасня - будзе горад Шчучын Гродзенскай вобласці. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Міністэрстве інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Урачыстае адкрыццё свята ў XXII літаратурнай сталіцы адбудзецца 6 верасня, але ўжо напярэдадні, 5 верасня, запланавана шмат мерапрыемстваў. Так, прыемнай падзеяй стане адкрыццё пасля капітальнага рамонту Шчучынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Цёткі. У гэты дзень пройдзе міжнародны круглы стол "Сугучча: літаратурны працэс і інфармацыйнае грамадства" з удзелам замежных і беларускіх пісьменнікаў. Навукова-практычная канферэнцыя "Шчучынскія чытанні - 2015", што арганізуюцца Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і іншымі структурамі, таксама ў праграме Дня беларускага пісьменства 5 верасня. Цікавым мерапрыемствам стане конкурс чытальнікаў "Жывая класіка".

Вечар першага святочнага дня завершыць "Тэатральны ўік-энд". Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь "Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі" пакажа спектакль "Ціхі шэпат сыходзячых крокаў" Дзмітрыя Багаслаўскага.

Рэспубліканская навукова-асветная экспедыцыя "Дарога да святынь", арганізаваная напярэдадні Дня беларускага пісьменства, стартуе 2 верасня ў Мінску. Канцавым пунктам назначэння стане Шчучын.

Першымі мерапрыемствамі літаратурнага свята 6 верасня стануць пасадка Саду Малітвы каля храма Святога Міхаіла Архангела, хрэсны ход да храма Богаяўлення і боская літургія ў храме. Потым госці змогуць прысутнічаць на адкрыцці адрэстаўрыраванага палаца князёў Друцка-Любецкіх.

У час урачыстай цырымоніі адкрыцця Дня беларускага пісьменства 6 верасня будзе ўручана першая Нацыянальная літаратурная прэмія. Сем беларускіх пісьменнікаў стануць уладальнікамі першых узнагарод. Затым адбудзецца памятнае гашэнне канверта з арыгінальнай маркай "Дзень беларускага пісьменства".

Для гасцей свята падрыхтавана шмат выставачных праектаў. Так, дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы прадставіць перасовачную выстаўку "Клічу вас я на пабеду", прысвечаную 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і творчасці Янкі Купалы ў ваенныя гады, а Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа прапануе перасовачную выстаўку "Якуб Колас. Дарогамі вайны", якая таксама прысвечана 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і творчасці Якуба Коласа ў перыяд вайны. Акрамя таго, на свяце будуць працаваць выставачныя праекты "Дзяды Адама Міцкевіча. Гісторыя душы" да 160-годдзя з дня смерці пісьменніка і "Уладзімір Караткевіч. Быў. Ёсць. Буду" аб жыцці і творчасці пісьменніка.

Тэме 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне таксама прысвечана кніжная выстаўка "Памяць аб вайне нам кніга пакідае", якая прадставіць унікальныя выданні перыяду Вялікай Айчыннай вайны з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (у тым ліку партызанскія рукапісы, акупацыйныя выданні, кнігі, выпушчаныя беларускімі выдавецтвамі ў эвакуацыі і інш.).

На фестывалі кнігі і прэсы, які разгорнецца на плошчы Свабоды на працягу двух дзён, госці свята змогуць азнаёміцца з экспазіцыяй плакатаў-пераможцаў міжнароднага конкурсу патрыятычнага плаката моладзі краін СНД "Нам дарагі мір" і плакатаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Тут жа будзе працаваць тэматычная кніжная выстаўка "Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання", а таксама выстаўка газет, што выдаваліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны партызанамі і падпольшчыкамі.

Падагульняючая выстаўка рэспубліканскага конкурсу "Фота Беларусі" прадставіць лепшыя здымкі яго ўдзельнікаў. Разгорнецца таксама экспазіцыя кніг-пераможцаў нацыянальнага і міжнароднага конкурсаў "Мастацтва кнігі".

Дзень беларускага пісьменства быў бы няпоўным без прэзентацый новых кніг беларускіх пісьменнікаў, творчых сустрэч літаратараў з чытачамі. На свяце адбудзецца прэзентацыя факсімільных выданняў Францыска Скарыны і цырымонія іх перадачы Шчучынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы.

У праграме таксама маладзёжнае літаратурнае спаборніцтва, флэш-моб, спартыўныя спаборніцтвы, работа горада майстроў, майстар-класы па выцінанцы і шмат іншых мерапрыемстваў. Гасцям свята будзе цікава ўбачыць самаробныя кнігі, друкаваны станок і станок для сушкі газет, якія будуць экспанавацца ў гэтыя вераснёўскія дні ў Шчучыне.

Завершыць XXII Дзень беларускага пісьменства цырымонія перадачы эстафеты свята, канцэрт майстроў мастацтваў і маляўнічы феерверк.

XXII Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў Шчучыне Гродзенскай вобласці 6 верасня. Раённы цэнтр упершыню прымае гэта свята. Дзень беларускага пісьменства па традыцыі праводзіцца ў гістарычных і культурных цэнтрах, з якімі непарыўна звязана жыццё вядомых дзеячаў краіны. У розныя гады свята адзначалася ў Навагрудку, Нясвіжы, Оршы, Пінску, Мсціславе, Міры, Камянцы, Паставах, Шклове, Барысаве, Смаргоні, Хойніках, Ганцавічах, Глыбокім, Быхаве. Двойчы ўрачыстасці прымалі Полацк (1994, 2003), Тураў (1995, 2004), Заслаўе (2000, 2014).

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі