Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

1 Жнв 2017

Сярэдневяковыя забавы і пачастункі чакаюць гасцей рыцарскага фэсту ў Мсціславе

1 жніўня, Магілёў /Вольга Емяльянава - БЕЛТА/. Свята сярэдневяковай культуры "Рыцарскі фэст" пройдзе 4-6 жніўня ў Мсціславе Магілёўскай вобласці. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мсціслаўскага райвыканкама.

Праграмай дзясятага фестывалю запланавана мноства забаў. "Гасцей свята чакаюць як яркія мерапрыемствы мінулых сезонаў, так і зусім новыя, - расказалі ў аддзеле. - Мы пастараемся зрабіць усё магчымае для таго, каб форум прайшоў на высокім узроўні і стаў відовішчным, масавым і запамінальным".

З кожным годам рыцарскі фестывальны рух у Мсціславе набірае абароты. У беларускі Суздаль з'язджаюцца тысячы гледачоў з усіх куткоў Беларусі, Расіі і іншых краін, каб акунуцца ў атмасферу даўніны, азнаёміцца з гісторыяй раённага цэнтра і навакольных зямель. Арганізатарам удаецца на некалькі дзён ператварыць сучасны горад у сярэдневяковы, дзе на вуліцах з'яўляюцца дамы, рыцары, лучнікі і коннікі.

Дзясяты фестываль не будзе выключэннем. На свята прыедуць музычныя, танцавальныя і тэатральныя групы, народныя ўмельцы. Чакаецца, што ў форуме прымуць удзел каля 300 воінаў з 39 рыцарскіх клубаў і клубаў гістарычнай рэканструкцыі з розных гарадоў Беларусі і Расіі.

Рыцарскі блок будзе насычаны разнастайнымі забавамі. Госці фэсту змогуць стаць сведкамі рыцарскіх турніраў, баталій лучнікаў, тактычных бугуртаў, масавых бітваў, тэатралізаванага штурму замка. Конныя паказы і забавы арганізуюць удзельнікі мінскага конна-гістарычнага клуба "Залатая шпора". Расійскае ваенна-спартыўнае аб'яднанне "Варта" і клуб "Шатландская пяхота" з Маладзечна правядуць паказальныя выступленні і гульні з гледачамі. А мінскі тэатр сярэдневяковай культуры "Яварына" прапануе майстар-клас па сярэдневяковых танцах. Атмасферу свята падтрымаюць канцэрты фолк-груп ENCelt, Irdorath, музычных калектываў Rivia, "Тутэйшая шляхта" і інш., а таксама дыскатэка.

Гасцей фестывалю чакаюць тэматычныя спектаклі. Напрыклад, сталічны Тэатр агню і фарса BalaganBand падрыхтаваў паказы "Балаганы" на хадулях, сцяг-шоу, у якіх спалучаюцца элементы пластыкі, акрабатыкі і вогненнага шоу. Спектакль "Легенда старога замка" пакажа шоу-тэатр "Барысфен" з Магілёва. Таксама запланавана некалькі шоу: неонавае святлодыёднае цыркавое выступленне і тры вогненныя паказы.

Тэматычныя забавы падрыхтаваў парк сярэдневяковых забаў. Тут можна будзе страляць з лукаў і арбалетаў, кідаць коп'і, стаць удзельнікам бою на мяккіх мячах, бою з мішэнню вярхом на драўляным кані на колах.

Не абыдзецца без традыцыйных экскурсій. Арганізатары прапануюць наведаць раскоп старажытнага гарадзішча на Замкавай гары. У час экскурсіі ў Кармеліцкі касцёл можна будзе азнаёміцца з апошнім на ўсходзе Еўропы помнікам віленскага барока, убачыць каля 20 фрэсак, якія адлюстроўваюць не толькі рэлігійныя, але і свецкія сюжэты, падняцца на адну з веж, з якой адкрываецца панарама старога горада і Замкавай гары.

Смачным і шчодрым на пачастункі будзе кулінарны блок. На фарпостах горада спецыялісты мясцовай цэнтральнай бібліятэкі ў сярэдневяковых касцюмах будуць сустракаць і частаваць гледачоў напіткамі, стравамі беларускай кухні. Наведаць дэгустацыі пакліча карчма і "Парыжская таверна". А гледачы новага кулінарнага шоу змогуць убачыць падрыхтоўку сярэдневяковых страў на адкрытым агні прадстаўнікамі Літоўскай асацыяцыі барбекю. Пачаставацца стравамі па старадаўніх рэцэптах запросіць "Манастырскі паграбок". Тут жадаючыя змогуць не толькі азнаёміцца з выстаўкай-дэгустацыяй вінных і безалкагольных напіткаў, але і пакаштаваць напітак збіцень, розныя віды малочнай і хлебабулачнай прадукцыі.

Гаворачы аб выстаўках, арганізатары падкрэслілі іх каларытнасць. Некаму будзе цікава наведаць выстаўку сярэдневяковых прылад катаванняў катаржнікаў і рабоў, халоднай зброі ўсіх краін і народаў, іншым - старадаўніх прадметаў побыту або карцін беларускіх мастакоў. Трэціх прыцягне экспазіцыя "На службе пажарнай..." з наведваннем агляднай пляцоўкі.

Канцэртна-гульнявую праграму для дзяцей "Сярэдневяковы марафон" правядзе Мсціслаўская дзіцячая школа мастацтваў імя М. М. Чуркіна. Тут прапануюць наведаць майстар-класы па сярэдневяковых танцах. Дамы і кавалеры змогуць прыняць удзел у конкурсах і забавах, ацаніць цяжар ратнай працы. Паралельна ўстанова культуры арганізуе "Кірмаш сярэдневяковых пацех", дзе моладзь зможа паўдзельнічаць у вясёлай віктарыне, зрабіць тэматычныя фота на памяць.

У дні свята ў праваслаўных з'явіцца магчымасць прыкласціся да мошчаў святой Матроны Маскоўскай. Святыня будзе знаходзіцца ў храме ў гонар Тупічэўскай іконы Божай маці 4-6 жніўня.

"Рыцарскі фэст. Мсціслаў-2017" пачнецца 4 жніўня ў 17.00, а завершыцца раніцай 6 жніўня. Урачыстае адкрыццё фестывалю з шэсцем і прадстаўленнем удзельнікаў форуму адбудзецца 5 жніўня на плошчы Пятра Мсціслаўца.

Дарэчы, для размяшчэння гасцей фестывалю будзе арганізаваны палатачны гарадок на тэрыторыі Мсціслаўскага цэнтра фізкультурна-аздараўленчай работы "Алімп", (вул. П. Мсціслаўца, 8а). Адміністрацыя цэнтра забяспечыць размяшчэнне біятуалетаў, бесперабойную падачу гарачай вады, стаянку.

Арганізатарамі свята выступаюць Мсціслаўскі раённы выканаўчы камітэт, Цэнтралізаваная клубная сістэма Мсціслаўскага раёна пры падтрымцы экстрым-тэатра "Берсерк".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі