21 чэрвеня, Мядзельскі раён /Вера Грамчакова - БЕЛТА/. Сем прыродных заказнікаў плануецца стварыць у Беларусі ў 2013 годзе. Аб гэтым паведаміла начальнік упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Наталля Мінчанка 20 чэрвеня на выязным пасяджэнні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У Беларусі да 2015 плануецца павялічыць плошчу прыродаахоўных устаноў да 8,3 працэнта ўсёй тэрыторыі краіны. Работа ў гэтым напрамку ўжо вядзецца. У 2013 годзе прадугледжваецца пераўтварыць 12 існуючых заказнікаў і аб'явіць 7 новых заказнікаў, - сказала Наталля Мінчанка. - Гэтыя заказнікі будуць у розных кутках краіны і зоймуць у асноўным водна-балотныя ўгоддзі. Акадэмія навук рыхтуе прадстаўленне аб абвяшчэнні гэтых тэрыторый, ідзе работа па ўзгадненню з землеўпарадчыкамі, міністэрствамі".
Структура плошчаў асабліва ахоўных прыродных тэрыторый Беларусі змяняецца ў бок павелічэння балотных і лугавых экалагічных сістэм. Вядзецца работа па фарміраванню нацыянальнай экалагічнай сеткі і ўключэнню яе ў адзіную экасетку Еўропы.
У склад асабліва ахоўных прыродных тэрыторый у Беларусі ўваходзяць Бярэзінскі біясферны запаведнік, 4 нацыянальныя паркі ("Белавежская пушча", "Браслаўскія азёры", "Нарачанскі" і "Прыпяцкі"), 85 заказнікаў рэспубліканскага і 248 заказнікаў мясцовага значэння, а таксама 306 помнікаў прыроды рэспубліканскага і 576 - мясцовага значэння. Агульная плошча асабліва ахоўных прыродных тэрыторый складае 1569,65 тыс. га, або 7,6 працэнта ўсёй тэрыторыі Беларусі.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|