Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

2 Май 2016

Прысвечаны Уладзіміру Мулявіну спектакль "Пясняр" пакажуць у гарадах Беларусі

2 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Спектакль "Пясняр", прысвечаны Уладзіміру Мулявіну, пакажуць у гарадах Беларусі. Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага, першымі пастаноўку ўбачаць гледачы ў Гомелі 1 чэрвеня.

Потым спектакль адправіцца ў Брэст, дзе будзе паказаны 3 і 4 чэрвеня. Гродзенскі глядач будзе вітаць артыстаў Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага 6 чэрвеня.

Спектакль "Пясняр", пастаўлены да 75-годдзя з дня нараджэння народнага артыста СССР, будзе таксама пастаўлены на фестывальных сцэнах: 11 чэрвеня на XVI Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі "Маладзечна", 16 ліпеня на XXV Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". А 3 верасня спектакль "Пясняр" пакажуць у Дзень беларускага пісьменства ў Рагачове.

Гісторыя пра сучасніка, геніяльнага музыканта, народнага артыста СССР, заснавальніка і нязменнага кіраўніка легендарнага ансамбля "Песняры" Уладзіміра Мулявіна пастаўлена на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага заслужаным дзеячам мастацтваў Рэспублікі Беларусь Валянцінай Ераньковай. Яна паставіла гэты відовішчны і незабыўны спектакль паводле эксклюзіўнай п'есы маладога драматурга Васіля Дранько-Майсюка. Спектакль ужо амаль два гады з вялікім поспехам ідзе на сцэне НАДТ імя М. Горкага.

Кампазітар Аляксей Еранькоў стварыў для гэтай пастаноўкі ўнікальную музычную канцэпцыю. Пад яго кіраўніцтвам адна з самых спяваючых труп сярод драматычных тэатраў Беларусі філігранна справілася з работай над складанай, але ў той жа час чароўнай музыкай Мулявіна. Выкананне "ўжывую" вядомых усяму свету хітоў зачароўвае гледачоў сваім цудоўным шматгалоссем.

Дэкарацыі мастака-сцэнографа Андрэя Меранкова, касцюмы Таццяны Лісавенка ствараюць візуальную атмасферу, надаюць дзеянню дынамізм і сучаснасць. Валянціне Ераньковай удалося сабраць па-сапраўднаму "зорны" акцёрскі ансамбль, дзе на высокім узроўні бліскуча працуюць і майстры сцэны, і маладое пакаленне: заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Ганна Маланкіна, Андрэй Душачкін, Сяргей Чэкерэс, а таксама артысты Сяргей Жбанкоў, Сяргей Юрэвіч, Аляксандр Ждановіч, Андрэй Захарэвіч, Настасся Шпакоўская, Іван Стральцоў, Вераніка Пляшкевіч, Уладзімір Глотаў, Андрэй Сенькін, Павел Еўтушэнка, Васіль Грачухін, Юлія Кадушкевіч і многія іншыя.

У 2016 годзе спектакль "Пясняр" быў узнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.

Гастрольны тур "Песняра" па гарадах Беларусі праходзіць пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі па праграме Года культуры і мерапрыемстваў, прымеркаваных да 75-годдзя з дня нараджэння народнага артыста СССР Уладзіміра Мулявіна.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі