Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

14 Jul 2021

Прэзентацыяй работ беларускіх мастакоў адкрылася выставачная праграма "Славянскага базару"

Прэзентацыяй работ беларускіх мастакоў адкрылася выставачная праграма

14 ліпеня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Выставу жывапісу беларускіх мастакоў "Каляровыя гісторыі" адкрылі сёння ў канцэртнай зале "Віцебск", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

З прэзентацыі экспазіцыі галерэі "АртХаос" стартавала выставачная праграма на "Славянскім базары". Прадстаўлены каля 30 работ мастакоў, як знакамітых, так і маладых. Гэта Мікалай Ісаёнак, Іван Дзмухайла, Вікторыя Ільіна, Ягор Батальёнак, Валерый Патвораў, Уладзімір Кожух, Міхаіл Ляўковіч, Алег Скавародка і іншыя.

Дырэктар галерэі "АртХаос" Лілія Лукашэнка адзначыла: ёй прыемна зноў вярнуцца з карцінамі на "Славянскі базар". Першую выставу галерэя прывезла ў 2019 годзе. "Славянскі базар" - фестываль мастацтваў, і мастацкія выставы з'яўляюцца яго неад'емнай часткай. "Каляровыя гісторыі" - гэта не столькі пра фарбы і колер карцін, а больш пра ўнутраны свет кожнага з нас. Праз работы хочам прыцягнуць гледача да дыялогу з аўтарам. Побач амаль з кожнай карцінай ёсць невялікі каментарый аўтара да яе. Кожны зможа суаднесці свае адчуванні з перажываннямі мастака, каб зразумець, што ён у яе ўкладаў", - расказала Лілія Лукашэнка. Яна таксама анансавала, што на гала-канцэрце майстроў мастацтваў Беларусі 18 ліпеня ў Летнім амфітэатры будзе рэалізаваны праект з ажываннем карцін на экране. Там прадставяць работы з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея.

Дырэктар фестывалю Глеб Лапіцкі звярнуў увагу: з сённяшняга дня пачынаецца дзіўнае фестывальнае жыццё Віцебска, у якім стагоддзямі жылі і тварылі таленавітыя мастакі. Калі два гады таму канцэртная зала "Віцебск" стала і выставачнай пляцоўкай, арганізатары зразумелі, што гэта ўдалая прастора для такіх праектаў. "Гэтыя карціны змогуць бачыць шмат людзей, у тым ліку ўдзельнікі нашага дзіцячага конкурсу, якія прыехалі з 16 краін свету. Яны ўбачаць беларускае мастацтва на ўласныя вочы і змогуць пранікнуцца нашымі аўтарамі. Гэта і ёсць тое непадробнае, што нясе "Славянскі базар", - адзначыў Глеб Лапіцкі. Ён таксама параіў крытыкам форуму звяртаць увагу не толькі на праекты ў Летнім амфітэатры, але і на многіх іншых пляцоўках, дзе жыве атмасфера фестывалю. Таксама нельга забываць яго дэвіз: "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення", дадаў кіраўнік творчага форуму.

XXX Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 15 па 18 ліпеня, але першыя мерапрыемствы стартавалі ўжо сёння. Урачыстая цырымонія адкрыцця форуму адбудзецца 15 ліпеня на галоўнай сцэне. У час гала-канцэрта ўручаць спецыяльную ўзнагароду Прэзідэнта "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення". Закрыюць фестываль гала-канцэртам з узнагароджваннем пераможцаў конкурсаў 18 ліпеня. Журы дарослага конкурсу ўзначаліць народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка, дзіцячага - спявак Піліп Жмахер (Сербія). На форуме чакаюць прадстаўнікоў 33 краін, у тым ліку каля 5 тыс. артыстаў.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі