Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

26 Лют 2015

Праграмны комплекс "Разумны санаторый" укараняецца ў беларускіх здраўніцах для ветэранаў і інвалідаў

26 лютага, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. У беларускіх здраўніцах для ветэранаў і інвалідаў укараняецца праграмны комплекс "Разумны санаторый", паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення стацыянарных устаноў сацыяльнага абслугоўвання і капітальнага будаўніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Марыя Гарбацэвіч.

Для арганізацыі санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення ветэранаў вайны, працы і інвалідаў у сістэме Мінпрацы і сацабароны функцыянуюць чатыры рэспубліканскія санаторыі ("Бярэзіна", "Ясельда", "Вяжуці" і "Белая Вежа"). "Эфектыўная арганізацыя працы работнікаў і функцыянавання ўстаноў немагчыма без укаранення новых методык, сучасных інфармацыйных тэхналогій, - сказала спецыяліст. - Санаторый для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў "Белая Вежа" (Брэсцкая вобласць, Камянецкі раён) першым укараніў праграмны комплекс "Разумны санаторый". На базе гэтага санаторыя праведзены рэспубліканскі семінар па распаўсюджванні вопыту ў іншых здраўніцах.

Праграмны комплекс "Разумны санаторый" прызначаны для аўтаматызацыі санаторна-курортных устаноў, ён улічвае асаблівасці работы здраўніц. Сістэма мае модульную архітэктуру, што дае магчымасць выкарыстоўваць яе як сумесна з іншымі модулямі, так і асобна, а значыць, ёсць магчымасць паэтапнага ўкаранення комплексу. Напрыклад, модуль "Браніраванне" стварае выразную карціну напаўняльнасці санаторыя, дае магчымасць планаваць запаўненне нумароў пры дапамозе папярэдняй броні, дазваляе кантраляваць заезды адпачывальнікаў, атрымліваючы аператыўныя даныя з рэгістратуры. Модуль "Рэгістратура" - першае звяно ў прыёме адпачывальнікаў. З яго дапамогай актуалізуецца база напаўняльнасці нумарнога фонду, праводзіцца засяленне, перасяленне і высяленне адпачывальнікаў. Можна ў любы момант атрымаць вычарпальную інфармацыю аб адпачывальніках. Наяўнасць друкаваных форм дае магчымасць хутка раздрукоўваць дакументацыю: картку адпачывальніка, пуцёўку і інш. Кліенту не давядзецца доўга чакаць у чарзе, каб зарэгістраваць сваё прыбыццё і засяліцца. Такім чынам, павышаецца якасць абслугоўвання. Што датычыцца модуля "Медыцына", то ён дапамагае лечачаму ўрачу рабіць назначэнні з улікам размеркавання нагрузкі на працэдурныя кабінеты.

"Калі чалавек прыязджае ў санаторый, звесткі аб ім (узрост, пол, месца жыхарства і г.д.) уносяцца ў базу даных. Гэта дапамагае "кампанаваць" засяленне з улікам індывідуальных асаблівасцей тых, хто пражывае. Рацыянальнае размеркаванне лячэбных працэдур (з улікам іх сумяшчальнасці) нацэлена на тое, каб уладальніку пуцёўкі было максімальна зручна наведваць працэдурныя кабінеты, без спешкі і без доўгага чакання, - растлумачыла Марыя Гарбацэвіч. - Такім чынам, укараненне праграмнага комплексу "Разумны санаторый" робіць знаходжанне адпачывальнікаў больш камфортным, а працу работнікаў здраўніц - больш эфектыўнай".

Па прыкладзе ўстановы "Белая Вежа" праграмнае забеспячэнне "Разумны санаторый" сталі ўкараняць (памодульна) і ў здраўніцах "Бярэзіна", "Ясельда".

Дарэчы, у мінулым годзе ў санаторыі "Белая Вежа" быў уведзены ў эксплуатацыю спальны корпус на 54 месцы і будынак пральні. У выніку магутнасць здраўніцы дасягнула праектнай (250 месц) , што дае магчымасць кожны год прымаць на аздараўленне дадаткова больш за 2,1 тыс. ветэранаў вайны і працы.

Матэрыяльна-тэхнічная база санаторыяў сістэмы Мінпрацы і сацабароны з году ў год умацоўваецца. У прыватнасці, у мінулым годзе ўведзены ў эксплуатацыю басейн у санаторыі "Ясельда". За чатыры апошнія гады за кошт усіх крыніц фінансавання (за выключэннем сродкаў інвестыцыйнай праграмы) на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы санаторыяў было накіравана Br51,8 млрд.

Марыя Гарбацэвіч адзначыла, што перад здраўніцамі пастаўлена задача па развіцці пазабюджэтнай дзейнасці і ўкараненні новых паслуг. Даходы ад пазабюджэтнай дзейнасці санаторыяў за 2014 год склалі Br21,7 млрд - на 14,8 працэнта больш да ўзроўню 2013-га, у 1,5 раза выраслі даходы ад аказання платных медыцынскіх паслуг (Br3,3 млрд). Немалаважна, што пазабюджэтныя сродкі часткова накіроўваюцца на павышэнне зарплаты работнікаў. Напрыклад, сярэднямесячная заработная плата ў санаторыі "Ясельда" ўзрасла ў 2014 годзе на Br470 тыс., у санаторыі "Белая Вежа" - на Br800 тыс.

Санаторыі Мінпрацы і сацабароны сацыяльна арыентаваны. Як правіла, у іх аздараўліваюцца грамадзяне, якім заканадаўча прадастаўлена права бясплатнага санаторна-курортнага лячэння (у асноўным гэта ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і непрацуючыя інваліды першай і другой груп). З частковай аплатай кошту пуцёўкі - у залежнасці ад атрымліваемага даходу і сезона - аздараўліваюцца ветэраны працы і інваліды трэцяй групы, іншыя катэгорыі пенсіянераў.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі