9 ліпеня, Віцебск /Алеся Пушнякова - БЕЛТА/. У другі дзень XXIII Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск" вызначыліся два лідары творчага спаборніцтва, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Юныя артысты сёння выконвалі славянскія хіты ў суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя Міхаіла Фінберга пад кіраўніцтвам Максіма Расохі. Зорачкі-пачаткоўцы выклаліся максімальна, і ацэнкі журы - сведчанне таго.
Беларуска Амалія Сухан выканала "Песню аб далёкай Радзіме" з кінафільма "17 імгненняў вясны". Артыстка так ужылася ў ролю і настолькі глыбока пранесла ў сабе заключаны ў словах боль героя, што пасля апошніх акордаў не змагла стрымаць слёз. І яе голас, і эмацыянальны ўздым, які перадала наша суайчынніцf ў сваім выкананні, выклікалі шквал апладысментаў. Па выніках двух конкурсных дзён з улікам сённяшняга максімальнага рэзультата ў Амаліі 136 балаў. Касцюмы для конкурсу артыстцы стварылі лаўрэаты XXXIV Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота "Млын моды" дызайнеры Ірына Іскрыцкая і Сяргей Курохцін.
Пераможца першага конкурснага дня Мірас Нагашыбай, юны артыст з Казахстана, выбраў энергічную песню "Есаул" Алега Газманава. Яго харызма і вакальныя даныя дазволілі яму атрымаць 67 балаў, і ў выніку быць на роўных з Амаліяй. Яго падагульняючы рэзультат - таксама 136 балаў.
Усяго на тры балы адстала ад лідараў юная зорачка з Мальты - Мірэйль Маккей. З вынікам 131 бал чацвёрку лідараў замкнуў расіянін Заур Барагунаў.
Уладальніка Гран-пры дзіцячага музычнага конкурсу назавуць заўтра на цырымоніі адкрыцця XXXIV Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" ў Летнім амфітэатры. Лаўрэатаў творчага спаборніцтва ўзнагародзяць 11 ліпеня на гала-канцэрце з удзелам усіх канкурсантаў. У гэтым годзе на конкурсе ўпершыню ўручаць спецыяльную прэмію ад выканаўчага камітэта СНД - "Хрустальную нотку садружнасці".