Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

17 Jul 2019

Пленэр, прагноз ад слімака і тэатралізаванае шэсце - у Глыбокім пройдзе "Вішнёвы фестываль"

Пленэр, прагноз ад слімака і тэатралізаванае шэсце - у Глыбокім пройдзе

17 ліпеня, Віцебск /Андрэй Шчарбіцкі - БЕЛТА/. У Глыбокім 23-27 ліпеня сёмы раз пройдзе міжнароднае свята "Вішнёвы фестываль", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў мясцовым райвыканкаме.

Чакаецца, што на форум прыедуць афіцыйныя дэлегацыі, творчыя калектывы з Грузіі, Польшчы, Францыі, Латвіі, Літвы, Украіны, Расіі і Малдовы.

23 ліпеня пасля ўрачыстага адкрыцця пачнецца Дзень грамадскіх аб'яднанняў: будуць працаваць тэматычныя і дабрачынныя пляцоўкі, пройдзе канцэртная праграма.

У другі дзень на гарадскім стадыёне правядуць Дзень спорту з акцэнтам на футбол. Тут змогуць згуляць у самую папулярную гульню ў свеце як дзеці, так і дарослыя. Адной з займальных падзей стане забег слімакоў і футбольны прагноз ад іх. Таксама ў мясцовай ДЮСШ адкрыюць музей спорту з экспазіцыяй на футбольную тэматыку. У будучым кожны год яе будуць пашыраць за кошт іншых відаў спорту.

Усіх любіцеляў квестаў і аўташоу 25 ліпеня запрашаюць на Дзень моладзі. У 20.30 выступіць тэатр моды, пасля іх на сцэну выйдзе група Cherry Town.

Асноўныя мерапрыемствы запланаваны на 26 і 27 ліпеня. У гэтыя дні пройдзе абласны пленэр майстроў дэкаратыўнага жывапісу "Райскі сад - 2019", які прысвецяць творчасці Язэпа Драздовіча. Гасцей чакае тэатралізаваная праграма, этнавечарынка, конкурс баяністаў, акардэаністаў і гарманістаў, рэгістрацыя шлюбу "Вішнёвае вяселле". Таксама канцэрт дасць выпускніца Венскай кансерваторыі Юлія Лебядзенка. І па традыцыі ад манументальна-дэкаратыўнай скульптуры "Глыбоцкая вішня" да цэнтральнай сцэны пройдзе святочнае шэсце з удзелам "Вішнёвай каралевы".

У час фестывалю пройдуць дзве канферэнцыі - па садоўніцтве і турызме. Народныя майстры прадставяць свае вырабы, будуць працаваць гандлёвыя рады і падворкі.

"Вішнёвы фестываль" праводзіцца ў Глыбокім сёмы раз, у 2017 годзе ён атрымаў статус міжнароднага свята. У мінулым годзе на беразе возера Кагальнае ў цэнтры горада з'явілася рэзідэнцыя "Вішнёвай каралевы".

Арганізатарамі форуму выступаюць Віцебскі аблвыканкам і Глыбоцкі райвыканкам.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі