Еўрапейскія гульні-2019 у Мінску
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Свята Купалле
Прэс-цэнтр
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Прэс-цэнтр | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

26 Ліп 2017

Пленэр па жывапісе "Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве" прысвецяць памяці Бялыніцкага-Бірулі

26 ліпеня, Магілёў /Вольга Емяльянава - БЕЛТА/. XXII Міжнародны пленэр па жывапісе "Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве", прысвечаны 145-годдзю са дня нараджэння народнага мастака Беларусі і Расіі Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, пачне працаваць у сярэдзіне жніўня. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла намеснік дырэктара Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П. В. Масленікава Святлана Строгіна.

Першая частка беларуска-рускага праекта пройдзе на тэрыторыі Тульскай вобласці. 14 жніўня беларускі склад мастакоў адправіцца працаваць у дзяржаўны мемарыяльны гісторыка-мастацкі і прыродны музей-запаведнік Васіля Паленава. "Адкрываць пленэр на расійскай зямлі стала добрай традыцыяй, - расказала Святлана Строгіна. - Праграма знаходжання будзе насычанай. Акрамя работы на тэрыторыі музея-запаведніка, прадугледжваюцца творчыя паездкі для стварэння твораў і эцюдаў у Ясную Паляну, Тарусу, па наваколлі Меліхава".

А 24 жніўня мастакоў будзе сустракаць Магілёўская вобласць. Да беларускіх майстроў далучацца таленавітыя жывапісцы з Расіі, Індыі, Ізраіля, Арменіі, Літвы, Кітая і Украіны. "Склад удзельнікаў будзе абноўлены на 90 працэнтаў, - удакладніла Святлана Строгіна. - Адно застанецца нязменным - захаванне напрамку традыцыйнага, рэалістычнага, акадэмічнага жывапісу, у якім працавалі Вітольд Бялыніцкі-Біруля, Васіль Паленаў, Ісаак Левітан і іншыя мастакі, чые імёны мелі папярэднія пленэры".

Як адзначыла субяседніца, у Прыдняпроўскім краі пачнуць працаваць 22 мастакі. Гэта будуць як новыя, так і гучныя імёны ў жывапісе. Сярод апошніх - заслужаны мастак Расіі Аляксей Шалаеў і заслужаны мастак Украіны Яўген Смірноў. Чакаецца, што ў час пленэру яны правядуць майстар-класы для моладзі.

Падарожжа па Магілёўскай вобласці творчая брація пачне з вёсачкі Крынкі Бялыніцкага раёна - месца, дзе нарадзіўся Вітольд Бялыніцкі-Біруля. Праграмай таксама прадугледжана наведванне вёскі Лыскаўшчына Круглянскага раёна. Тут некалі працаваў рускі жывапісец Мікалай Неўраў. Зазірнуць мастакі і ў Слаўгарад, дзе жыў, тварыў і быў пахаваны вядомы партрэтыст Фёдар Тулаў. "Тут у мінулым годзе на гарадскіх могілкахі з дапамогай мясцовых краязнаўцаў была знойдзена магіла мастака, - расказала Святлана Строгіна. - Яе прывялі ў парадак і ўстанавілі мармуровую пліту з ініцыяламі і гадамі жыцця Тулава. Акрамя таго, на будынку раённага гісторыка-краязнаўчага музея ўстанавілі мемарыяльную дошку яго памяці".

Намеснік дырэктара звярнула ўвагу на тое, што праграма складзена такім чынам, каб мастакі змаглі не толькі азнаёміцца з прыродай, архітэктурай, жыхарамі Прыдняпроўскага краю, але і ўліцца ў гісторыю пленэрнага руху.

Усе ўражанні ад убачанага майстры адлюструюць на палотнах, зробяць эскізы на паперы. Гаварыць аб тым, колькі будзе створана твораў пакуль рана. "Кожны мастак - непрадказальная асоба з розным узроўнем працаздольнасці, творчым патэнцыялам. Адным фантазія дазволіць напісаць 30 эцюдаў, іншыя за гэты час створаць толькі адзін, - сказала намеснік дырэктара. - Напрыклад, беларускі мастак Фелікс Гумен на пленэры паспяваў не толькі даваць майстар-класы, але і за 10 дзён работы на расійскай зямлі змог напісаць больш за 40 твораў. Іх акварэліст прэзентаваў у выглядзе персанальнай экспазіцыі".

Завершыцца мерапрыемства 6 верасня адкрыццём падагульняючай выставы ў абласным мастацкім музеі імя П. В. Масленікава. Сюды ўвойдуць па дзве лепшыя карціны ад кожнага аўтара. У Магілёве выстава будзе працаваць на працягу месяца. Пасля яна пачне падарожжа па вобласці. Чакаецца, што першымі яе змогуць убачыць жыхары Бялыніцкага раёна.

Дарэчы, гэта не адзіная выстава, якой абяцаюць здзівіць арганізатары пленэру. 24 жніўня, у дзень адкрыцця творчага форуму "Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве", у мастацкім музеі імя П. В. Масленікава гледачам прадставяць рэтраспектыўную экспазіцыю. Яна будзе ўключаць раней створаныя на пленэрах творы, прымеркаваныя да юбілейных дат. У іх ліку - 125-годдзе і 130-годдзе з дня нараджэння Вітольда Бялыніцкага-Бірулі.

Пленэрны рух зарадзіўся ў Магілёўскай вобласці ў 1996 годзе. За гэты час у фонды абласнога мастацкага музея імя П. В. Масленікава паступіла каля 2 тыс. твораў сучасных мастакоў.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс