24 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Публічная прэзентацыя пятага выдання Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь адбылася ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Чырвоная кніга з'яўляецца асноўным дакументам, у якім абагульнены матэрыялы аб сучасным стане рэдкіх відаў раслін і жывёл і відаў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, на падставе якіх праводзіцца распрацоўка навуковых і практычных мер, накіраваных на іх ахову, узнаўленне і рацыянальнае выкарыстанне.
Першы экзэмпляр выдання ўручылі для перадачы кіраўніку дзяржавы прэс-сакратару Прэзідэнта Беларусі Наталлі Эйсмант. "Я з вялікім задавальненнем і ўдзячнасцю прымаю гэту кнігу, каб перадаць яе Прэзідэнту, і думаю, што яна зойме сваё ганаровае месца ў Палацы Незалежнасці. Гэты момант, вядома, і сімвалічны, і правільны. Сімвалічны, таму што завяршаецца Год добраўпарадкавання, але пры гэтым разумеем, што работа, вядома, працягваецца. Нашу краіну называюць прыгожай, дагледжанай, чыстай абсалютна ўсе госці, якія прыязджаюць. І мы гэта заўсёды ўжо, напэўна, успрымаем з усмешкай і як належнае. Але такі брэнд не з'яўляецца проста так. Ён з'яўляецца толькі намаганнямі ўсіх нас, беларусаў", - адзначыла Наталля Эйсмант.
"Не магу не сказаць аб адносінах нашага Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі да Радзімы, да краіны, да яе прыроды, да ўсяго жывога, што ў нас ёсць. Шмат гавораць аб тым, як Прэзідэнт ставіцца да сваёй малой радзімы - і ён ставіцца так да любога кутка нашай краіны. Прэзідэнт пастаянна ў камандзіроўках, і ўся Беларусь у яго як на далоні. Ён заўсёды знойдзе над чым папрацаваць, заўсёды ведае, што можна дадаць яшчэ", - сказала прэс-сакратар кіраўніка дзяржавы.
"Шматлікія замежныя госці, якія ў нас бываюць, беларусы, якія прыходзяць у Палац Незалежнасці, цяпер будуць бачыць новы экзэмпляр Чырвонай кнігі на цэнтральным, ганаровым месцы", - адзначыла Наталля Эйсмант. "І гэта будзе яшчэ адным напамінам аб тым, што мы павінны зберагчы", - падкрэсліла яна.
Экзэмпляр пятага выдання Чырвонай кнігі таксама быў перададзены ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі. Намеснік генеральнага дырэктара - дырэктар па інфармацыйных рэсурсах і абслугоўванні карыстальнікаў Нацыянальнай бібліятэкі Віктар Пшыбытка адзначыў, што місія бібліятэкі - захоўваць культурны здабытак краіны і новае выданне зойме ганаровае месца ў бібліятэцы і будзе беражліва захоўвацца, як і чатыры папярэднія.






Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк нагадаў, што першае выданне Чырвонай кнігі ўбачыла свет у 1981 годзе. "Яно было на беларускай мове і ўключала 85 відаў дзікіх раслін і 80 відаў дзікіх жывёл. Наогул Чырвоная кніга - гэта фундаментальны дакумент, у якім сабрана інфармацыя аб рэдкіх відах флоры і фаўны і відах, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення. У тым ліку гэта кніга з'яўляецца асновай для распрацоўкі і рэалізацыі комплексу мер па ахове і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў", - звярнуў увагу міністр.
Сёння ў Чырвонай кнізе 523 віды раслін і жывёл. "Дадалося ў Чырвоную кнігу 55 відаў раслін і жывёл і выключана 38 (13 відаў жывёл і 25 відаў раслін)", - удакладніў Сяргей Масляк.
У якасці прыкладу паспяховай работы ён прывёў папуляцыю зубра еўрапейскага, якая ўжо налічвае больш як 3 тыс. асобін. "Наша краіна па гэтай папуляцыі ўваходзіць у тройку лідараў. Нас апярэджваюць толькі Расія і Польшча. Гэта добры прыклад, калі са знікаючага віду зубр еўрапейскі перайшоў у від, які аднаўляецца", - лічыць міністр.
Дырэктар Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф.Купрэвіча НАН Беларусі Дзмітрый Грумо нагадаў, што пачынаючы з 1979 года ідзе сістэмная работа над Чырвонай кнігай, а з 2015 года праводзілася рэвізія, інвентарызацыя, распрацоўваліся новыя крытэрыі, падыходы да адбору новых і ацэнкі дзеючых намінантаў на неабходнасць іх уключэння ў кнігу і надання ім вызначанага статусу. "У Чырвонай кнізе ёсць пяць статусаў: ад знікаючых відаў да тых, якія, у прынцыпе, ужо блізкія да натуральных умоў распаўсюджвання. Таксама ідзе фарміраванне прафілактычнага спіса. Яшчэ ёсць "чорны спіс" - верагодна зніклыя віды. І ў выніку інвентарызацыі ў гэтым выданні шэсць відаў з "чорнага спіса" былі зноў знойдзены на тэрыторыі Беларусі", - растлумачыў ён.
Дзмітрый Грумо таксама расказаў, якія метады былі выкарыстаны пры даследаванні. Адзін з іх - малекулярна-генетычны. "Дзякуючы яму ўстанавілі, што два віды з'яўляюцца гібрыдамі і не адпавядаюць статусу віду ахоўных. Было таксама выяўлена, што з'яўленне некаторых відаў у Беларусі звязана з заносамі. У час вайны ішлі абозы з правіянтам, і віды такім чынам былі занесены на тэрыторыю нашай краіны. Таму яны былі выключаны", - растлумачыў вучоны.
Ён адзначыў, што гэта сістэмная работа, якая дае магчымасць захоўваць відавую разнастайнасць краіны.