12 ліпеня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. У першым туры XXXIV Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск" 14 удзельнікаў прадставяць сусветныя хіты. Якія яшчэ мерапрыемствы сёння запланаваны на "Славянскім базары", карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў дырэкцыі фестывалю.
Галоўнай падзеяй XXXIV Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" сёння стане конкурс выканаўцаў эстраднай песні. У першы дзень творчага спаборніцтва яго ўдзельнікі будуць спяваць сусветныя хіты. Беларусь будзе прадстаўляць Лера Бернатовіч. Яна выступіць пятай. На сцэне Летняга амфітэатра вакальны батл адбудзецца ў 21.30.
З раніцы на вуліцы Пушкіна майстры кавальскай справы пакажуць сябе на міжнародным свяце-конкурсе "Знiч". Аматараў вулічных перформансаў, цікавых лакацый і жывых статуй запрашаюць на фэст "На сямі вятрах".
У 10.00 у віцебскім Храме Праабражэння Гасподняга прэзентуюць выставу "Святыя новапакутнікі Ясенавацкія", арганізаваную пасольствам Сербіі ў Беларусі.
У 11.00 і 13.00 у Беларускім тэатры "Лялька" дзіцячы драматычны "Тэатр каля Нарвскіх варот" пакажа спектакль "Мама і малыш". А ў 19.00 гледачы ўбачаць тут пастаноўку "Зямля продкаў", якую прадставіць Мангістаўскі абласны тэатр лялек з Казахстана. Дарэчы, калектыў упершыню прыязджае на фестывальны "Лялечны квартал".
Прэзентацыя выставы шыцця з абрэзкаў "Падарожжа з Выльгарта ў Віцебск" адбудзецца ў 12.00 у абласным краязнаўчым музеі.
У Свята-Успенскім кафедральным саборы пройдзе свята харавой музыкі "Славянскі благавест". У ім прымуць удзел Варонежскі рускі народны хор імя К.І.Масаліцінава (Расія), хор Віцебскай духоўнай семінарыі.
На плошчу Свабоды ў 13.00 запрашаюцьпаклоннікаў харэаграфіі, дзе яны пабываюць на турніры нацыянальных танцаў.
Паказ мод "Рука ў руцэ" віцебскага тэатра моды "Касцюмер" у міжнародным прэс-цэнтры пройдзе ў 14.30.
"Саюзная дзяржава - дзецям" - з такім пасылам у фестывальнай сталіцы ўжо другі год арганізуюць мерапрыемствы для падрастаючага пакалення. У гэтым годзе сямейны мюзікл "Летуценнікі" збярэ дзяцей і дарослых, каб прадэманстраваць, што ўсё на свеце магчыма, калі ёсць запаветная мэта, жаданне яе дасягаць і мара, да якой імкнецца душа. Паказы музычнага шоу пройдуць у 16.00 і 19.00 у Канцэртнай зале "Віцебск".
Самых вясёлых і знаходлівых чакае выпрабаванне гумарам. У 17.30 у Летнім амфітэатры ў дасціпнасці будуць спаборнічаць каманды КВЗ "Зборная Краснаярска", "Саюз" і "Азія Mix".
У 18.00 у абласной філармоніі гледачы змогуць убачыць выступленне Маскоўскага ансамбля танца "Аланія". У гэтым жа час у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа адбудзецца паказ драмы "Пяць вечароў" Маскоўскага дзяржаўнага тэатра РАСТА ў Царыцына. Пасля яго гледачы атрымаюць магчымасць паразмаўляць з артыстамі.
Паслухаць аўтарскі і сучасны джаз запрашаюць аматараў у Віцебскі дзяржаўны музычны каледж імя І.І.Салярцінскага ў 18.00.
На Пушкінскай плошчы ў 20.00 на закрыцці дзён моладзі на фестывалі збярэцца энергічная тусоўка.