Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

22 Oct 2018

Пазаконкурсная дакументальная праграма "Лістапада" ўключае фільмы з яркай фестывальнай гісторыяй

Пазаконкурсная дакументальная праграма

23 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пазаконкурсная дакументальная праграма XXV Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад" уключае фільмы з яркай фестывальнай гісторыяй, паведамілі БЕЛТА арганізатары.

"Пазаконкурсная праграма дакументальнага кіно "Лепшае" аб'яднала розныя фільмы, але ў кожнага з іх яркая фестывальная гісторыя. Гэта, напрыклад, брытанская карціна на актуальную тэму "Яшчэ адна навіна", якую я рэкамендую паглядзець: у цэнтры ўвагі тут не толькі праблемы бежанцаў у Еўропе, але і тое, як да яе асвятлення ставяцца журналісты з пункту гледжання псіхалагічнага перажывання драм і трагедый", - адзначыла дырэктар праграм дакументальнага кіно Ірына Дзям'янава.

Гледачам прадставяць ліванскі фільм "Арэлі", італьянскую стужку "Скліканне", фільм Сяргея Лазніцы "Дзень перамогі", які быў паказаны на ўсіх буйнейшых кінафестывалях. У гэтым годзе госці пазнаёмяцца і з рэжысёрам Алёнай ван дэр Хорст, якая зняла кранальны фільм пра расійскую глыбінку "Любоў - гэта бульба". Дакументальнае пазаконкурснае кіно будзе паказана ў рубрыках "Арт", "Кіно аб кіно", "(Не)дзіцячыя гісторыі", "МузыкаДок", "ХХ стагоддзе. Драмы гісторыі", "Спартыўныя страсці", "Спатканне з Расіяй" і "Залаты юбілей "Летапісу".

Вызначана і пазаконкурсная праграма ігравога кіно. Традыцыйна ў секцыю "Львы, мядзведзі, пальмавыя галіны" ўвайшлі ўдзельнікі і прызёры прэстыжных кінафестываляў.

"У нас будуць дзве вялікія рэтраспектывы. Адна з іх прысвечана вялікай французскай жанчыне-рэжысёру Аньес Варда - прадставім яе карціну "Клеа ад 5 да 7", упершыню ў Беларусі будзе паказаны фільм "Шчасце". У рэтраспектыву ўключана і апошняя яе карціна "Твары, вёскі", якая ў мінулым годзе намініравалася на прэмію "Оскар" у катэгорыі "Лепшы дакументальны фільм", - анансаваў дырэктар праграм ігравога кіно Ігар Сукманаў. Ён параіў звярнуць увагу і на секцыю "Колер ночы", дзе можна будзе сустрэць нямала гучных імёнаў: Ларс фор Трыер, Паола Сарэнціна, Клер Дэні.

XXV Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад" пройдзе ў беларускай сталіцы з 2 па 9 лістапада пад слоганам "Пазнаваючы белы свет" і будзе прысвечаны вядомаму рэжысёру Кіры Муратавай. Асноўнымі пляцоўкамі форуму ў гэтым годзе стануць кінатэатры "Цэнтральны", "Мір", "Піянер", "Масква", "Беларусь", Falcon Club Буцік Кіно і Музей гісторыі беларускага кіно. Заснавальнікі "Лістападу" - Міністэрства культуры Беларусі і Мінгарвыканкам. Арганізатар - Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў "АРТ Карпарэйшн".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі