23 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзве персанальныя выставы беларускіх мастачак Ганны Гадзіравай "Краявіды маёй душы" і Людмілы Курыловіч "Святочны букет для жанчын" адкрыліся 22 лютага ў мастацкай галерэі "Універсітэт культуры", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Напярэдадні вясны мы адкрываем дзве выставы дзіўных мастачак Ганны Гадзіравай і Людмілы Курыловіч. Вы бачыце абсалютна розныя творы, якія адлюстроўваюць светаадчуванне гэтых мастачак. Іх работы ўнікальныя і непаўторныя, яны сталі ўпрыгожваннем нашай галерэі", - адзначыла дырэктар мастацкай галерэі "Універсітэт культуры" Марына Татарэвіч.
Ганна Гадзірава працуе ў жанры лірычнага пейзажа, яе карціны ўяўляюць сабой асаблівы паэтычны свет, перапляценне рэалізму і рамантызму. Празрыстасць акварэлі ў спалучэнні з насычаным каларытам алейнага жывапісу стварае індывідуальны стыль мастачкі, вылучаючы яе творы з шэрага іншых.
"Ад кожнай работы аўтара павявае цеплынёй ад убачаных знаёмых і родных краявідаў. Гэтыя карціны, мне здаецца, проста ўпрыгожваюць жыццё, і кожны з нас хацеў бы мець такую ў сябе дома, таму што яна стварае ўтульны настрой", - падкрэсліў старшыня Беларускага фонду культуры Тадэвуш Стружэцкі.
Другая экспазіцыя прысвечана творчасці Людмілы Курыловіч. На выставе прадэманстравалі яе жаночыя партрэты і кветкавыя нацюрморты, створаныя ў розныя перыяды творчай кар'еры мастачкі. Сярод іх ёсць і раннія работы, і карціны, створаныя па матывах твораў вядомых майстроў.
"Людміла Курыловіч у мастацтва прыйшла ўсяго некалькі гадоў таму. Гэтыя гады былі настолькі насычанымі, што за гэты час было праведзена каля 10 персанальных выстаў. Мастачка ўварвалася ў мастацтва і адразу заявіла пра сябе. Яе работы знаходзяцца ў музеях Беларусі, у прыватных калекцыях у Францыі, Германіі, Галандыі, Канадзе, краінах СНД", - расказаў Тадэуш Стружэцкі.
Апошнім часам аўтар усё часцей звяртаецца да жанру партрэта. Непарыўная сувязь Людмілы Курыловіч з яе малой радзімай з'яўляецца для яе крыніцай святла, сюжэтаў і ўспамінаў. Сярод герояў яе партрэтаў - землякі, сваякі, сябры.
Гераіні экспазіцый маюць свой мастацкі стыль і розную падрыхтоўку, але аб'ядноўвае мастачак іх малая радзіма - Пастаўшчына. "У Ганны Гадзіравай ёсць серыя карцін зімовых сюжэтаў Пастаўшчыны, а ў Людмілы Курыловіч - падборка партрэтаў вядомых выхадцаў з гэтага горада. Гэта значыць, што яны памятаюць сваю малую радзіму і з'яўляюцца яе гонарам", - звярнуў увагу Тадэвуш Стружэцкі.
"На палотнах я сёння прадставіла фарбы сваёй Пастаўшчыны. Гэта тое, што ідзе са мной па жыцці. Пасля заканчэння мастацкага вучылішча я зразумела, што менавіта пейзаж - гэта мой жанр", - расказала Ганна Гадзірава.
Людміла Курыловіч падзялілася пачуццём гонару ад таго, што яе работы размешчаны побач з творамі Ганны Гадзіравай. "Гэта гонар: мне, самадзейнай мастачцы, выстаўляцца разам з сапраўднай мастачкай. У цэлым, у гэтай галерэі я свае работы дэманструю ўжо другі раз, а гэта патрабуе ад мяне ўдасканальвацца, каб новыя работы былі лепшымі за папярэднія", - адзначыла Людміла Курыловіч.
Азнаёміцца з работамі мастачак можна да 9 сакавіка.