7 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Паслухаць роў аленяў і адчуць магію асенняй прыроды запрашаюць у нацыянальны парк "Прыпяцкі", паведамілі БЕЛТА ў дзяржаўнай прыродаахоўнай установе.
З верасня і да сярэдзіны кастрычніка лясы нацпарку напаўняюць незвычайныя гукі - моцныя, пранізлівыя крыкі самцоў аленяў, якія спаборнічаюць за ўвагу самак. Аднойчы пачуты роў аленяў, упэўнены ва ўстанове, складана забыць. Адначасова гэта ўнікальнае відовішча і гукавое шоу, якое прыцягвае як мясцовых жыхароў, так і турыстаў з усяго свету.
"Роў аленяў можна пачуць у шлюбны перыяд, або гон, калі самцы (алені) спаборнічаюць за права стварыць сям'ю. Яны выдаюць моцныя гукі, каб прадэманстраваць сваю сілу і прыцягнуць самак. У гэты час алені становяцца асабліва актыўнымі і за іх паводзінамі можна назіраць нават у дзённыя гадзіны", - расказалі ў нацпарку.
Нацпарк арганізуе спецыяльныя экскурсіі з вопытнымі гідамі, якія дапамогуць знайсці лепшыя кропкі для назірання (лясныя масівы і адкрытыя паляны, асабліва паблізу рэк і балот, дзе алені часта выходзяць на вадапой) і раскажуць пра паводзіны аленяў. У "Прыпяцкім" адны з самых лепшых месцаў для назірання за ровам аленяў. Аптымальны час для наведвання - раніца або позні вечар, калі жывёлы найбольш актыўныя.
На такую прагулку лепш апранацца ў нейтральныя тоны (зялёны, карычневы, шэры), каб не спалохаць жывёл. Таксама неабходна старацца не шумець і не рабіць рэзкіх рухаў - алені вельмі чуткія да пабочных гукаў.
Адпраўляючыся ў такую міні-экспедыцыю, спецыялісты рэкамендуюць узяць фотаапарат з добрым zoom-аб'ектывам, каб захаваць унікальныя моманты. Але галоўны прынцып - бяспека, таму нельга падыходзіць вельмі блізка да жывёл: алені могуць быць агрэсіўныя ў шлюбны перыяд.