Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

16 Врс 2020

НЦСМ прадставіў выставу работ італьянскага мастака Міма дэ Фелічэ

НЦСМ прадставіў выставу работ італьянскага мастака Міма дэ Фелічэ
Фрагмент карціны Міма дэ Фелічэ

16 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На выставе "Альбэрабэла", прымеркаванай да 70-годдзя італьянскага мастака Міма дэ Фелічэ, у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў можна прасачыць агульнае ў народным побыце італьянцаў і беларусаў. Такое меркаванне карэспандэнту БЕЛТА выказаў адзін з арганізатараў экспазіцыі загадчык кафедры прамысловага дызайну БДАМ Алесь Фаменка.

"Ідэя прымеркаваць выставу да 70-годдзя Міма дэ Фелічэ наспела даўно. Яго юбілей адбыўся 6 верасня. Паміж Італіяй і Беларуссю заўсёды былі цёплыя адносіны, і ў экспазіцыі паказана шмат агульнага: жыццё простых людзей у маленькіх гарадках, народны побыт. Акрамя таго, Міма дэ Фелічэ прымаў у сябе беларускіх майстроў, а італьянскія мастакі неаднаразова былі прадстаўлены ў нашых выставачных залах. Да юбілейнай даты сабраны работы, якія знаходзіліся ў краіне і трапілі сюды дзякуючы шматлікім культурным праектам, над якімі з пачатку 2000-х гадоў працавала мастацтвазнавец Таццяна Фаменка. Завязаліся культурныя сувязі, і бачна, што яны мацнеюць", - расказаў Алесь Фаменка.

На выставе прадстаўлена некалькі напрамкаў творчасці Міма дэ Фелічэ. "Важна было ахапіць творчасць мастака, паказаць яго ўменне падаваць свае сюжэты не толькі на палатне, але і з дапамогай графікі і акварэлі. Цікавая серыя карцін з выявай плёнкі, дзе паказаны фрагменты жыцця Альбэрабэла. Міма дэ Фелічэ быў натхнёны Мінскам і ўрбаністыкай. Ён паўстае таксама як "мастак ночы", паказваючы горад у цёмным асвятленні, робіць акцэнт на месяцы і ліхтарах - тыя ж самыя пейзажы, але ўжо больш містычная серыя палотнаў", - сказаў загадчык кафедры.

Людзям важна знаёміцца з творчасцю мастакоў менавіта на выставе, адзначыў Алесь Фаменка. "Безумоўна, у інтэрнэце можна спампаваць карціны, аднак адносна работ Міма дэ Фелічэ карыстальнікі не маюць такой магчымасці. Глядзець і выбіраць творы ў сетцы даволі складана. Асобна вырваныя з кантэксту карціны не становяцца самім канцэптам выставы, таму што аўтар або куратар экспазіцыі фарміруюць галоўную ідэю праекта. Для цэласнага разумення гэта вельмі важна. Можна выхапіць асобныя элементы, разгледзець на фатаграфіях найменшыя падрабязнасці, але такога паўнацэннага адчування, як ад вялікай колькасці работ, у экспазіцыі не будзе. Калі вывучаеш серыю ўзаемазвязаных карцін, глядзіш на падмацаваны відэарад, тэкставае тлумачэнне, толькі тады можна зрабіць выснову, што хацеў данесці аўтар, і зразумець яго перажыванні. Напрыклад, каб наведвальнікі змаглі адчуць свет, у якім жыве Міма дэ Фелічэ, на выставе можна ўбачыць своеасаблівую інсталяцыю. На акно быў зроблены вітраж, на якім паказаны Альбэрабэла. Гэта дапаўняе праект", - растлумачыў ён.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі