Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

1 Врс 2019

Нацыянальную літаратурную прэмію ўручылі ў Слоніме

Нацыянальную літаратурную прэмію ўручылі ў Слоніме

1 верасня, Слонім /Кар. БЕЛТА/. У Слоніме 1 верасня адбылося ўшаноўванне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу "Нацыянальная літаратурная прэмія" за творы, напісаныя ў 2018 годзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Уручэнне прэміі стала адной з асноўных падзей Дня беларускага пісьменства, які 31 жніўня і 1 верасня прымаў Слонім. У час цырымоніі адзначалася, што Нацыянальная літаратурная прэмія з году ў год становіцца ўсё больш папулярнай. На гэты раз на суд журы свае творы прадставілі больш за 70 аўтараў.

Узнагароды лаўрэатам уручалі міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч і старшыня журы конкурсу прафесар Іван Саверчанка.

"Нацыянальная літаратурная прэмія - гэта ўвасабленне сацыяльнай палітыкі дзяржавы, праяўленне клопату аб культуры і мастацтве, пісьменніцкай рабоце, духоўна-культурнай сферы", - адзначыў Іван Саверчанка.

У намінацыі "Лепшы твор (зборнік твораў) паэзіі" пераможцам стаў Мікола Маляўка за зборнік вершаў "Сланечнiк". Пераможцам у намінацыі "Лепшы твор прозы" стаў аўтар кнігі "Геній" Алег Ждан. Лепшым публіцыстычным творам названа кніга "VALE!" Віктара Хурсіка. Кніга Святланы Калядкі "Літаратуразнаўчая тэорыя паэтычнай эмоцыі" названа лепшай у намінацыі літаратурнай крытыкі. У намінацыі "Лепшы дэбют" з кнігай "Сэрца Сакры" перамагла Станіслава Умец, а ўраджэнец Слонімскага раёна Уладзімір Ягоўдзік - у намінацыі "Лепшы твор для дзяцей і юнацтва" ("Крылатыя суседзі", "Зачараваная Свіслач" і "Кветкі дзівасілу").

"Заўсёды стараюся апісваць у сваіх кнігах родныя мясціны. Прыемна атрымліваць узнагароду на Слонімскай зямлі, здаецца, са сцэны бачу родную вёску", - адзначыў Уладзімір Ягоўдзік. Ён падкрэсліў, што не дзеліць літаратуру на дзіцячую або дарослую. Добрая кніга цікавая чытачу любога ўзросту.

"Дзень Беларускага пісьменства - своеасаблівы экзамен і справаздача пісьменнікаў перад жыхарамі краіны. Кожны год з-пад пяра творчых людзей выходзяць цудоўныя творы. Прыемна, што пісьменнікаў цэняць, падтрымліваюць на самым высокім узроўні", - сказаў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец.

Нацыянальная літаратурная прэмія зацверджана ў 2015 годзе. Арганізатарамі конкурсу выступаюць міністэрствы інфармацыі, культуры, адукацыі і Саюз пісьменнікаў Беларусі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі