Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

20 Sep 2019

Міжнародны форум "ТЭАРТ" пакажа больш за палову пастановак у першыя два дні

Міжнародны форум

20 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У першыя дні ІХ Міжнародны форум тэатральнага мастацтва "ТЭАРТ" пакажа гледачам больш за палову пастановак. Фестываль пачнецца сёння вечарам у Мінску з оперы "Канцэнтрат. Адкрыццё", паведамілі БЕЛТА арганізатары.

"У гэтым годзе "ТЭАРТ" стартуе сюрэалістычнай операй Юры Дзівакова "Канцэнтрат. Адкрыццё". Рэжысёр раскажа сучасны міф аб стварэнні свету тэатра галасамі Марты Голубевай і Дар'і Новік. Тэатралізаванае адкрыццё фестывалю пройдзе на пляцоўцы культурнага хаба "Ок16", - адзначылі арганізатары. - Затым у першы ўік-энд форуму мінчане і госці сталіцы ўбачаць больш за палову праграмы фестывалю".

Шоўкейс Belarus Open пачнецца ў суботу з прэзентацыі праектаў "Тэатр сацыяльных даследаванняў". У 12.00 на пляцоўцы "Ок16" - "Родныя людзі?" Валянціны Мароз. У фокусе пастаноўкі Лабараторыі сацыяльнага тэатра ECLAB - гісторыі дамашняга насілля і канфліктаў паміж блізкімі. У 16.00 упершыню на "ТЭАРТ" пакажуць пастаноўку тэатральнай лабараторыі Fortinbras. Рэжысёры Мікалай Халезін і Наталля Каляда прадставяць рэальныя гісторыі людзей з інваліднасцю. У "Доме нумар 5" яны сплятаюцца ў адно апавяданне і даюць адчуць абмежаванні, з якімі гэтыя людзі ўсё яшчэ сутыкаюцца ў грамадстве. Другі паказ адбудзецца ў нядзелю.

Міжнародная тэатральная кампанія HUNCHtheatre вечарам на пляцоўцы "Ок16" прадставіць спектакль "Левыя дысідэнты" паводле п'есы Алены Шпак і Андрэя Дзічэнкі. Гісторыя пастаноўкі пачалася ў 2018 годзе, калі пад кіраўніцтвам рэжысёра Уладзіміра Шчэрбаня ў прыватнай мінскай кватэры адбылася першая чытка п'есы. "Левыя дысідэнты" ўзнімуць пытанні ўлады і адказнасці за сябе і іншых.

На сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі пакажуць "Паляванне на сябе" паводле п'есы Аляксандра Вампілава. Рэжысёр Стас Жыркоў запэўнівае, што "будзе гумар, гумар і яшчэ раз гумар, толькі смеху будзе станавіцца не больш, а менш, таму што не заўсёды чалавек смяецца тады, калі хоча".

Акт у адной дзеі "Песнь песняў" Юры Дзівакова завершыць другі фестывальны дзень. У 20.30 на пляцоўцы "Ок16" пакажуць сучасную інтэрпрэтацыю старадаўняга падання Саламона пра каханне. Спектакль з Мартай Голубевай і Эльдарам Бекіравым адкрые дзверы ў свет гарачага і пяшчотнага, млявага і шалёнага пачуцця.

Беларуская праграма прадоўжыцца ў нядзелю. Днём адбудзецца трэці паказ у рамках праекта "Тэатр сацыяльных даследаванняў". Аўдыявізуальную інсталяцыю Brest Stories Guide аб тым, як з прасторы горада знікла памяць аб яўрэйскай супольнасці, прадставіць тэатр "Крылы халопа".

"Вартавыя Тадж-Махала" - адну з лепшых пастановак мінулага тэатральнага сезона - пакажуць у "Ок16". Лаўрэат прэміі "Залатая маска" Аляксандр Янушкевіч узяў за аснову п'есу амерыканскага драматурга Раджыва Джозэфа пра двух сяброў, якія стаяць на варце легендарнай індыйскай жамчужыны.

Яшчэ адну пастаноўку Стаса Жыркова, "Гэтамы" паводле беларускага бестселера "Радзіва "Прудок" Андрэя Горвата, прадэманструюць у культурным цэнтры "Корпус". "Гэтамы" - эмацыянальнае, жывое і дынамічнае прачытанне кнігі, акцэнтаванае на тым, што пісьменнік і яго героі - гэта ўсе мы.

Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр прадставіць "Павятовага лекара" вечарам на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Грунтуючыся на кафкіянскім свеце, Юра Дзівакоў стварае свой і задае пытанні, на якія няма гатовых адказаў.

ІХ Міжнародны форум тэатральнага мастацтва "ТЭАРТ" праходзіць у Мінску з 20 верасня па 8 кастрычніка пад слоганам "Канцэнтрат". Арганізатары форуму - Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў "АРТ Карпарэйшн", "Белгазпрамбанк", "Газпрам трансгаз Беларусь". Форум праходзіць пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі і Мінгарвыканкама.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі