19 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. 24-я міжнародная спецыялізаваная выстаўка "Белагра-2014" пройдзе ў гэтым годзе ў Беларусі з 3 па 8 чэрвеня. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання.
"Напярэдадні першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Марыніч правёў першае пасяджэнне аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Беларускага аграпрамысловага тыдня, у рамках якога і будзе арганізавана 24-я міжнародная выстаўка "Белагра-2014", - паведамілі ў міністэрстве. - У бягучым годзе правядзенне гэтай выстаўкі запланавана з 3 па 8 чэрвеня 2014 года".
Адна з частак выстаўкі размесціцца ў Футбольным манежы. На гэтай пляцоўцы экспазіцыі прадставяць прадпрыемствы мяса-малочнай і харчовай прамысловасці, вытворцы абсталявання для перапрацоўчай прамысловасці, халадзільнага і фасовачнага абсталявання. Тут жа будуць прадстаўлены ветпрэпараты і медыкаменты.
Экспанаты, якія адлюстроўваюць дасягненні Беларусі ў сельскагаспадарчым машынабудаванні, жывёлагадоўлі, рыбаводстве, раслінаводстве, аграрнай навуцы, будуць дэманстравацца на базе адкрытага акцыянернага таварыства "Гастэлаўскае" (Мінскі раён).
"Для ўдзельнікаў выстаўкі будзе арганізавана шырокая дзелавая праграма, - адзначылі ў Мінсельгасхарчы. - Для азнаямлення з экспазіцыяй Беларускага аграпрамысловага тыдня і правядзення перагавораў па супрацоўніцтве ўжо накіраваны запрашэнні кіраўнікам розных замежных ведамстваў аграрнага профілю".
"Белагра" - адна з буйнейшых выставак у Беларусі. У 2013 годзе ў ёй прынялі ўдзел больш як 400 кампаній з 18 краін: Беларусі, Аўстрыі, Германіі, Даніі, Італіі, Іспаніі, Кітая, Латвіі, Літвы, Нідэрландаў, Польшчы, Расіі, ЗША, Сінгапура, Украіны, Францыі, Чэхіі і Швейцарыі.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|