Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

10 Май 2017

Музыканты з чатырох краін выступяць на фестывалі "Пярэсты цюльпан" у Брэсце

10 мая, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Музыканты з чатырох краін прымуць удзел у 2-м міжнародным фестывалі майстроў мастацтваў "Пярэсты цюльпан", які пройдзе ў Брэсце 23-24 мая. Аб гэтым сёння на прэс-канферэнцыі паведаміла арт-дырэктар фестывалю Валянціна Мальцава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Праграма форуму ўключае два канцэрты. На сцэне Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы (БАТД) прагучаць шэдэўры сусветнага музычнага мастацтва - ад класікі да нью-джаза. Артысты з Беларусі, Расіі, Польшчы і Грузіі выканаюць не толькі хіты, але і малавядомыя творы. "У гэтым годзе геаграфія фестывалю пашырылася. У нас выступяць 14 выканаўцаў і калектываў. Зоркі ахвотна едуць у Брэст. У мінулым годзе прызнаваліся, што ім спадабалася дамашняя абстаноўка на канцэртах, атмасфера горада. Цёпла прынялі наш фестываль і брастаўчане, якія адзначылі высокі ўзровень майстэрства запрошаных артыстаў", - расказала Валянціна Мальцава.

Так, у фестывалі прымуць удзел народны артыст Беларусі Ігар Алоўнікаў (фартэпіяна), піяністка Марына Кулаў, салістка Прэзідэнцкага аркестра Таццяна Кармазінава, сімфанічны аркестр БАТД. Кампанію айчынным артыстам складуць іх замежныя калегі. У Брэст прыедуць музыканты Марыінскага тэатра. Жыхароў і гасцей горада сваім майстэрствам, у прыватнасці, парадуюць скрыпач Аляксей Лукірскі, малады трубач Аляксей Іваноў, тэнар Аляксандр Трафімаў. Выступіць перад мясцовай публікай салістка Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Катажына Мацкевіч. На форум запрошана вядомае джазавае трыа з Польшчы Nowicki Swies Frankiewicz, а таксама грузінскі фартэпіянны дуэт сясцёр Рэгіны і Крысціны Мейрабавых.

"Пярэсты цюльпан" адбудзецца ў абласным цэнтры другі раз. Пакуль ён толькі заваёўвае папулярнасць слухачоў. "Творчая група заклала трывалы фундамент фестывалю. Цяпер у першую чаргу мы ставім задачу, каб цэны на білеты былі прымальнымі, каб больш людзей даведаліся пра "Пярэсты цюльпан". З развіццём фестывалю з'явіцца магчымасць запрашаць больш вядомых музыкантаў і выканаўцаў", - упэўнена намеснік дырэктара брэсцкага тэатра Ларыса Навіцкая.

Форум майстроў мастацтваў арганізаваны па ініцыятыве прыватнага прадпрыемства ў супрацоўніцтве з Брэсцкім акадэмічным тэатрам драмы. "Наша ініцыятыва накіравана на павелічэнне культурных падзей у Брэсце. Культура і бізнес звязаны. Бізнес больш працвітае ў папулярным горадзе. Будзем спадзявацца, што ў наступным годзе ўладальнікі прыватнага капіталу, а яго нямала ў Брэсце, дапамогуць у арганізацыі фестывалю", - адзначыў дырэктар форуму Уладзімір Кулаў.

Плануецца, што трэці па ліку "Пярэсты цюльпан" будзе прысвечаны мастацтву XXI стагоддзя. Акрамя музыкантаў, у Брэст прапануецца запрасіць тэатральныя калектывы, мастакоў з-за мяжы і Беларусі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі