Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

4 Лют 2019

Мінская кніжная выстаўка прадставіць новыя імёны і выданні

Мінская кніжная выстаўка прадставіць новыя імёны і выданні

4 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. XXVI Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш прадставіць новыя імёны і выданні 2018 года, паведаміў журналістам міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Выстаўка - гэта тая пляцоўка, на якой будзе прадстаўлена айчыннае кнігавыданне за 2018 год. Наша задача - адкрыць новыя кнігі і імёны і паказаць іх дзякуючы медыйным рэсурсам і рабоце СМІ, а таксама арганізаваць дыскусіі, абмеркаванні, прэзентацыі, аўтограф-сесіі, дзе ўдзельнікі змогуць расказаць аб прыярытэтах у развіцці айчыннага кнігавыдання. Дарэчы, за мінулы год у Беларусі выпушчана 9,665 тыс. найменняў кніг", - сказаў міністр.

Паводле яго слоў, цэнтральнай падзеяй кнігавыдавецкай айчыннай галіны 2018 года стала завяршэнне работы над трохтомнай персанальнай энцыклапедыяй "Янка Купала" выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі". "Сёння для чытачоў і даследчыкаў усяго свету мы падрыхтавалі трохтомнік пра Янку Купалу. Ён вельмі актуальны, таму што сучаснікі цікавяцца творчасцю нашага класіка", - заўважыў Аляксандр Карлюкевіч.

На палях кніжнай выстаўкі ў ліку навінак выдавецтва "Пачатковая школа" прадставіць развіваючыя кнігі "Учимся с Топой", а "Народная асвета" - серыю "Свет вакол нас" Міхася Пазнякова. Адбудзецца прэзентацыя кніг з серыі "100 вершаў", выдадзеных да Года малой радзімы: "Зямля бацькоў, зямля святая. Зборнік вершаў пра малую радзіму...", "Кахання сад і ластаўка вясны" Яўгеніі Янішчыц, "Ніці лёсу" Генадзя Бураўкіна, "Сэрца маё" Пімена Панчанкі, "Я зноўку тут" Міхася Стральцова.

"Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі" пазнаёміць таксама з энцыклапедыямі "Гарады і вёскі" і "Регионы Беларуси". Будзе прадстаўлена серыя выданняў "Беларусь спартыўная", прысвечаная II Еўрапейскім гульням у Мінску. Выдавецтва "Мастацкая літаратура" прэзентуе пераклад Янкі Сіпакова кнігі "Лісце травы" Уолта Уітмена.

Міністр інфармацыі звярнуў увагу, што ў Беларусі выдаецца шмат кніг і брашур на замежных мовах. Так, у 2018 годзе на англійскай мове выпушчана каля 600 выданняў. Адноўлены выхад альманаха "Далягляды", які прадстаўляе мастацкі пераклад. Творы, на думку Аляксандра Карлюкевіча, сведчаць аб добрай лінгвістычнай перакладчыцкай школе Беларусі.

Цікава, што пляцоўкамі Мінскай кніжнай выстаўкі-кірмашу ў бягучым годзе стануць у тым ліку кніжныя магазіны, бібліятэкі і музеі, будуць арганізаваны літаратурныя экскурсіі, паэтычныя маршруты і тэматычныя семінары. "У Палацы мастацтваў будзе прадстаўлена кніжная графіка беларускіх мастакоў апошніх гадоў. Спадзяёмся, што дзякуючы такой экспазіцыі мы закладзём традыцыю больш цеснага супрацоўніцтва кніжных графікаў і выдаўцоў, таму што хацелася б, каб гэты напрамак больш развіваўся, - расказаў міністр. - Важнае мерапрыемства, прысвечанае экслібрысу, пройдзе ў Нацыянальным гістарычным музеі. Такім чынам мы хацелі б пашырыць веды людзей аб новых тэндэнцыях у кнігавыдавецтве. Акрамя таго, будзе працаваць стэнд праекта "У пошуках страчанага" лаўрэата прэміі "За духоўнае адраджэнне" Уладзіміра Ліхадзедава. Ён асабіста прадставіць праект і друкарскі станок узору XVI стагоддзя".

XXVI Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш пройдзе пад слоганам "Больш чым кнігі" з 6 па 10 лютага ў адміністрацыйным комплексе па праспекце Пераможцаў, 14. На пляцоўцы каля 3 тыс. кв.м будзе прадстаўлена больш за 300 экспанентаў. Заяўкі на ўдзел падалі прадстаўнікі 35 краін. Чакаецца, што выстаўку наведаюць каля 60 тыс. чалавек. Арганізатарамі выступаюць Міністэрства інфармацыі, Мінскі гарвыканкам, Саюз пісьменнікаў Беларусі, суарганізатары - міністэрствы замежных спраў, адукацыі, культуры, ААТ "Белкніга", ТАА "Макбел".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі