У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Прэс-цэнтр
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Прэс-цэнтр | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

3 Ліп 2014

Мерапрыемствы з нагоды Дня Незалежнасці і 70-годдзя вызвалення Беларусі праходзяць за мяжой

3 ліпеня, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Мерапрыемствы з нагоды Дня Незалежнасці і 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў праходзяць за мяжой. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Міністэрства замежных спраў.

У беларускіх дыпмісіях у Аўстрыі, Германіі, Чэхіі, Венгрыі, Балгарыі, Славакіі, Латвіі, Эстоніі, Малдове, Таджыкістане, Турцыі, В'етнаме, на Кубе прайшлі прыёмы з нагоды значных для Беларусі дат. У прыёмах прынялі ўдзел члены ўрадаў, дэпутаты парламентаў гэтых краін, прадстаўнікі міністэрстваў, дзелавых і навуковых колаў, грамадскіх і ветэранскіх арганізацый, дыпкорпус, дзеячы культуры, а таксама члены беларускіх дыяспар.

Пачэснымі гасцямі прыёму, арганізаванага пасольствам Беларусі, пастаянным прадстаўніцтвам пры міжнародных арганізацыях у Вене, сталі вядомыя беларускія спартсменкі Дар'я Домрачава і Надзея Скардзіна. Прыём наведалі генеральны сакратар АБСЕ Ламберта Заньер, генеральны дырэктар ЮНІДА Лі Юнг, выканаўчы сакратар Часовага тэхнічнага сакратарыята Падрыхтоўчага камітэта Арганізацыі Дагавора аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў Ласіна Зерба, намеснік генеральнага дырэктара МАГАТЭ - дырэктар Дэпартамента ядзернай бяспекі Дэні Флары, дэпутат Сабора Харватыі, старшыня Харвацка-беларускай міжпарламенцкай групы дружбы Дражэнка Пандэк. Увазе ўдзельнікаў мерапрыемства была прадстаўлена выстаўка фотадакументаў "Край мужнасці і славы", а таксама канцэрт твораў беларускіх кампазітараў.

На прыёме ў Сеуле ў якасці пачэснага госця прысутнічаў дэпутат Нацыянальнай асамблеі Рэспублікі Карэя, кіраўнік асацыяцыі дружбы з Беларуссю ў Нацыянальнай асамблеі Рэспублікі Карэя Сін Ге Рун. Ён адзначыў важкі ўклад Беларусі ў падтрыманне сусветнай бяспекі і парадку, падзякаваў Беларусі за нязменнае выкананне міжнародных абавязацельстваў у частцы нераспаўсюджвання ядзернай зброі і падтрымку пазіцыі Рэспублікі Карэя па гэтым пытанні на пляцоўках міжнародных арганізацый.

На ўрачыстым вечары, які адбыўся ў Страсбургу, прадстаўнік місіі Беларусі пры Савеце Еўропы адзначыў важнасць даты 3 ліпеня ў гісторыі беларускага народа і акцэнтаваў увагу на мерапрыемствах, што праводзяцца ў краіне ў мэтах увекавечання гераічнага подзвігу вызваліцеляў і захавання памяці аб прынесеных ахвярах.

У Франкфурце-на-Одэры (ФРГ) прайшоў вечар беларускага кіно, прымеркаваны да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Удзельнікам мерапрыемстваў, сярод якіх былі актывісты аб'яднання "Радзіма", студэнты Еўрапейскага ўніверсітэта Віядрына, прадстаўнікі гарадской грамадскасці, былі прадэманстраваны фрагменты дакументальнага фільма рэжысёра Уладзіміра Корш-Сабліна "Вызваленне Савецкай Беларусі" (1944), відэафільмы "Беларусь: адзін дзень з жыцця" і "Беларусь у абдымках зорак". Мерапрыемства было арганізавана пасольствам Беларусі ў ФРГ сумесна з грамадскім аб'яднаннем "Радзіма", у склад якога ўваходзяць выхадцы з рэспублік былога Савецкага Саюза. Франкфурт-на-Одэры з 1991 года падтрымлівае пабрацімскія сувязі з Віцебскам, а ў 2014 годзе з'яўляўся месцам правядзення 8-й сустрэчы гарадоў-пабрацімаў Беларусі і Германіі.

У Германа-Расійскім музеі капітуляцыі "Берлін-Карлсхорст" адбылося адкрыццё выстаўкі акварэлей беларускага мастака Івана Мядзведзева "Брэсцкая крэпасць-герой - сімвал абароны і вызвалення Беларусі, 1941/1944 гг.". Выстаўка арганізавана пасольствам Беларусі ў ФРГ сумесна з дачкой мастака Ірынай Кузняцовай да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс
Еўрапейскія гульні-2019 у Мінску