28 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнты Беларусі і Таджыкістана Аляксандр Лукашэнка і Эмамалі Рахмон пасля завяршэння афіцыйных перагавораў у Палацы Незалежнасці абмяняліся падарункамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка падарыў Эмамалі Рахмону створаную па старадаўняй тэхналогіі копію слуцкага пояса, а таксама сувеніры II Еўрапейскіх гульняў - пано з моранага дуба з замацаванымі на ім медальёнамі, якія сімвалізуюць 15 відаў спорту, прадстаўленых на форуме, эксклюзіўны набор шакаладу і талісман II Еўрапейскіх гульняў - лісяня Лесіка.
У сваю чаргу Эмамалі Рахмон падарыў кіраўніку беларускай дзяржавы нацыянальны таджыкскі кінжал Ханджар ручной работы, выраблены з выкарыстаннем косці аленя, з роспісам і гравюрай. Яшчэ адзін падарунак - карціна на палатне, на якой намаляваны Палац Наўруз. Гэты этнакультурны комплекс уключаны ў пералік васьмі дзівосаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.