16 чэрвеня, Хойніцкі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў аднавіць Тураўскі крыж. Аб гэтым ён заявіў сёння журналістам, наведваючы Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы абмяркоўвалі гэту тэму з кіраўніком Банка развіцця, былым віцэ-прэм'ерам Сяргеем Румасам. Я яму даў даручэнне, каб ён з нашымі дзяржаўнымі банкамі падключыўся да гэтага і аднавіў (Тураўскі крыж. - Заўвага БЕЛТА)", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
У 1962 годзе ў час раскопак у Тураве былі знойдзены чатыры абразкі з лікамі святых, якія датуюцца XII стагоддзем. На адным з іх, як мяркуецца, адлюстраваны Кірыл Тураўскі. На думку вучоных, знойдзеныя абразкі размяшчаліся на прастольным крыжы Тураўскага епіскапальнага храма (Тураўскім крыжы).
"Гэтыя чатыры абразкі ў вучонага, які знайшоў іх. Яны захаваліся. Мы гатовы выкарыстаць іх на крыжы, які мы адновім у бліжэйшы час", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, Тураўскі крыж будзе адноўлены, як у свой час быў адноўлены крыж Ефрасінні Полацкай.