12 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Мінску пабываў на шлюбнай цырымоніі і павіншаваў маладажонаў. Гэта адбылося ў час наведвання рэканструяванага комплексу "Лошыцкі", дзе ёсць і зала для такіх цырымоній.
Спачатку Аляксандр Лукашэнка агледзеў будынак шматфункцыянальнага комплексу. На ўваходзе кіраўніка дзяржавы сустрэў гістарычны персанаж "Захавальнік нацыянальных традыцый", які зачытаў тэкст граматы: "Грамата, якая пацвярджае добрые намеры да пераемнасцi i захавання культурнай спадчыны стольнага града Мiнска. Штодня ў гэтым будынку будуць адбывацца значныя падзеi ў жыццi жыхароў сталiцы i захоўвацца i множыцца традыцыi святкавання беларускага вяселля". Ён паклаў грамату на падстаўку, пасля чаго кіраўнік дзяржавы змацаваў грамату сургучнай пячаткай.
Аляксандр Лукашэнка наведаў залу ўрачыстых мерапрыемстваў. Тут якраз праходзіла шлюбная цырымонія.
Пасля таго, як маладых аб'явілі мужам і жонкай, кіраўнік дзяржавы іх павіншаваў, падарыў букет кветак і ўручыў ключы ад арэнднага жылля.
Завуць маладажонаў Дзмітрый і Паліна. Прэзідэнт пажадаў, каб іх шлюб быў моцным і доўгім, але галоўнае - здароўя ім самім і будучым дзецям.
"Банальна гаварыць: "Шчасця і іншага...". Галоўнае, каб здаровымі былі вашы дзеці. Будуць здаровымі дзеці - у вас настрой будзе, і працаваць будзе цікава. Калі дзеці хварэюць - бяда. Таму здароўя вашым дзецям. Ну і самі каб здаровымі былі", - сказаў Прэзідэнт.
Бацькам маладых ён пажадаў усяго найлепшага, шчасця і поспехаў: "Вы не хвалюйцеся, вам работы яны падкінуць. І каб як мага больш работы! Траіх! Нам трэба, каб у сям'і было трое дзетак".
"Будзем старацца", - адказаў жаніх.
Што датычыцца арэнднай кватэры, яна знаходзіцца ў Смалявічах. "Кватэра з намёкам. У Смалявічах. Каб там жылі. Працаваць можаце прыязджаць (у Мінск. - Заўвага БЕЛТА). У гэтым задума. Нам трэба Мінск неяк рассяляць", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Абноўлены пасля рэканструкцыі комплекс - гэта ўнікальны для сталіцы аб'ект. Ён уключае ў сябе шматфункцыянальны будынак, будынак гасцініцы з залай урачыстасцей і будынак кафэ. Канцэпцыя інтэр'ераў комплексу будынкаў заснавана на нацыянальных матэрыяльных і духоўных каштоўнасцях, трансліруе яго гістарычнае функцыянальнае прызначэнне.
Унутры комплексу размешчана плошча для правядзення культурных, спартыўных, кірмашовых мерапрыемстваў. Таксама выдзелена спецыяльнае месца для ўрачыстай рэгістрацыі шлюбаў на адкрытым паветры. Добраўпарадкаванне тэрыторыі дапоўнена стварэннем пірса на воднай гладзі для павышэння прывабнасці зоны адпачынку.
Першапачаткова тут размяшчаўся комплекс будынкаў вінакурнага і спіртавога завода, які ўваходзіў у склад Лошыцкай сядзібы. Першае згадванне аб ім адносіцца да сярэдзіны XVIII стагоддзя. З пачатку XIX стагоддзя будынкі вінакурнага цэха перабудоўваліся і дапаўняліся і ў 1890-1895 гадах набылі тое архітэктурнае аблічча, якое захавалася да цяперашняга часу. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі функцыянал будынка змяніўся - тут размясцілася школа пладаводства і агародніцтва, адміністрацыйныя і жылыя памяшканні. У 1946 годзе была адноўлена вінная вытворчасць, якая працавала да 1980 года. Будынкі аж да пачатку рэканструкцыі знаходзіліся ў стадыі кансервацыі. Яны ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.