У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

3 Ліп 2017

Літаграфіі Марка Шагала для выданняў аб мастаку прадстаўлены на выставе ў НММ

3 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Літаграфіі Марка Шагала для выданняў аб самім мастаку прадстаўлены на выставе ў Нацыянальным мастацкім музеі. Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў музеі, выстава "Марк Шагал: колер любві" прадоўжыцца да 12 верасня.

Марк Шагал шмат працаваў над кнігамі. Шырока вядомы пранікнёныя ілюстрацыі Шагала да аўтабіяграфічнай кнігі "Маё жыццё" і да кніг Бэлы ("Гарачыя агні", "Першая сустрэча", "Мае сшыткі"); вострыя па сваіх характарыстыках і назіраннях ілюстрацыі да "Мёртвых душ" Гогаля; ілюстрацыі да "самай вялікай крыніцы паэзіі ўсіх часоў" - Бібліі.

"Выстава "Марк Шагал: колер любві" таксама звязана з кнігай. Прадстаўленыя літаграфіі былі выкананы Маркам Шагалам у асноўным у 1950-1960-я гады як ілюстрацыі да розных выданняў, але выданняў, прысвечаных самому Шагалу. Мастак выконвае ілюстрацыі да тэкстаў аб сабе, ілюструе самога сябе. Адсюль увесь найбагацейшы шэраг сюжэтных тэм, які вызначае творчасць Шагала: пейзажы Віцебска, Парыжа, Сен-Поль-дэ-Ванса, закаханыя пары і маці і дзіця, фантастычныя істоты і сімвалічныя жывёлы, музыканты і, вядома, вобраз самога майстра.

На выставе прадстаўлены адзінаццаць каляровых і адна чорна-белая ("Вёска") літаграфіі з ліку тых, што ўвайшлі ў манаграфію "Шагал" вядомага французскага мастацкага крытыка і гісторыка мастацтва Жака Ласеня, з якім мастака звязвала шматгадовае сяброўства. Акрамя тэксту, фатаграфій і рэпрадукцый твораў Шагала кніга ўключала 13 каляровых і 2 чорна-белыя літаграфіі, выкананыя мастаком у знакамітай парыжскай друкарскай майстэрні Фернана Мурло.

У 1965 годзе Жак Ласень апублікаваў кнігу "Плафон Парыжскай оперы", прысвечаную гісторыі стварэння і апісанню роспісу, над якім Марк Шагал працаваў у 1963-1964 гадах (урачыстае адкрыццё новага плафона Гранд-Опера адбылося ў верасні 1964 года). Для гэтага багата ілюстраванага выдання мастак стварыў франтыспіс - арыгінальную літаграфію, якая ўяўляе адзін з фрагментаў роспісу плафона. Акрамя літаграфіі Шагала і вялікай колькасці фотаілюстрацый кнігу дапаўнялі шэсць літаграфій, выкананых Шарлем Сарльерам па творах мастака.

Графічная спадчына Шагала вельмі багатая. У 1960 годзе ў выдавецтве Андрэ Сарэ ў Монтэ-Карла была апублікавана першая частка шасцітомнай працы - каталога-рэзанэ "Шагал. Літаграфіі" (апошні том выйшаў у свет у 1986 годзе). Для гэтага выдання, што змяшчае тэкст на французскай і нямецкай мовах, Шагал выканаў 21 каляровую і 7 чорна-белых літаграфій. У экспазіцыі прадстаўлены тры літаграфіі да першага тома - "Аўтапартрэт", які стаў франтыспісам выдання, "Бухта анёлаў", "Прывід Парыжа" - і дзве да другога - "Неба закаханых" і "Накцюрн Ванса".

На выставе экспануюцца літаграфіі, створаныя Шагалам спецыяльна для часопісаў Derriere le Miroir ("Па той бок люстэрка") і Verve ("Натхненне"), якія валодалі эксклюзіўным правам на публікацыю арыгінальных гравюр у сваіх нумарах. Derriere le Miroir, заснаваны парыжскім калекцыянерам, галерыстам і выдаўцом Эме Магам у 1946 годзе, стаў адным з буйнейшых выданняў, чые публікацыі працягваліся аж да 1982 года. За гэты час выйшла 253 нумары часопіса. Нумар 99-100 за ліпень-жнівень 1957 года быў прымеркаваны да выставы Марка Шагала ў галерэі Маг. Аўтарам тэксту да выдання стаў вядомы французскі пісьменнік і эсэіст Жан Палан. Для гэтага нумара мастак выканаў 3 чорна-белыя і 4 каляровыя літаграфіі, з якіх дзве - "Канцэрт" і "Мастак і яго двайнік" - прадстаўлены на выставе.

У НММ экспануюцца таксама літаграфіі "Плошча Згоды", "Маці і дзіця перад Нотр-Дам" і "Прывід Парыжа" з ліку літаграфій для вокладкі часопіса Verve. У Verve была апублікавана знакамітая "Біблія" Шагала, якая стала сапраўды вяршыняй творчасці мастака.

Выстава "Марк Шагал: колер любві" прадаўжае традыцыю знаёмства з творчасцю вялікага майстра ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. У 1997 годзе адбылася першая сустрэча беларускага гледача з мастацтвам Марка Шагала, калі нашчадкі мастака яго ўнучкі Бэла і Мерэт Меер, арганізатары экспазіцый Шагала ў Нацыянальным мастацкім музеі і Музеі Марка Шагала ў Віцебску, прапанавалі адзначаць дзень нараджэння майстра (7 ліпеня) у Беларусі выставамі яго твораў. Гэта традыцыя захоўвалася да 2005 года. Услед за выставай "Марк Шагал. Творы міжземнаморскага перыяду. Гуашы, акварэлі, літаграфіі. 1949-1985" 1997 года былі наладжаны "Марк Шагал. Прысвячэнне Парыжу" (2000), "Марк Шагал. Пейзажы" (2002), "Марк Шагал і сцэна" (2004). У 2005 годзе ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі адбылася выстава "Марк Шагал. Колер у чорна-белым".

Літаграфіі Марка Шагала былі прадстаўлены ў Нацыянальным мастацкім музеі на выставе "Марк Шагал і мастакі еўрапейскага авангарда" з калецыі Музея Марка Шагала ў Віцебску, што адбылася ў 2010 годзе. У лістападзе 2012 года - студзені 2013 года ў музеі экспанавалася выстава "Марк Шагал: жыццё і каханне" з калекцыі Музея Ізраіля. Творы Марка Шагала з карпаратыўнай калекцыі ААТ "Белгазпрамбанк" і Музея Марка Шагала ў Віцебску былі прадстаўлены ў 2012 годзе на выставе "Мастакі Парыжскай школы з Беларусі". Тады ж па рашэнні акцыянераў Белгазпрамбанка ў дар Нацыянальнаму мастацкаму музею Беларусі былі перададзены два графічныя лісты мастака. У 2014 годзе работы Шагала з калекцыі Белгазпрамбанка зноў былі прадстаўлены ў складзе экспазіцыі "Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі", а ў 2017 годзе - на выставе "Даторы, Шагал, Суцін, Хадасевіч-Лежэ. Энергія, экспрэсія, сімволіка і сны. Погляд на мастацтва Італіі першай палавіны ХХ стагоддзя". Такім чынам, беларускі глядач атрымаў унікальную магчымасць паступова знаёміцца са шматграннай творчай спадчынай вялікага суайчынніка.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі