Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

5 Стд 2020

Каляндар падзей у Беларусі: СТУДЗЕНЬ 2020

Выстава "Аман: жамчужына Усходу. Рамесная спадчына"

Выставу "Аман: жамчужына Усходу. Рамесная спадчына" прадставіць у НММ Нацыянальны музей Султаната Аман. Выстава прымеркавана да 80-годдзя з дня заснавання беларускай мастацкай скарбніцы. Знатакі тонкай работы ўсходніх майстроў змогуць убачыць больш за 100 экспанатаў і тым самым далучыцца да культуры, звычаяў і традыцый экзатычнай краіны. На выставе гледачы ўбачаць унікальныя касцюмы, ювелірныя вырабы, цырыманіяльную зброю, дываны з вярблюджай шэрсці і нават кінжалы. Іх выраб лічыцца сапраўды філігранным: майстры працуюць са сталлю, дрэвам, вырабамі з рога, тканінай, скурай, а таксама выкарыстоўваюць шматлікія спосабы апрацоўкі серабра.

Калі: 19 верасня 2019 – 19 студзеня 2020
Дзе: Мінск, Нацыянальны мастацкі музей

Выстава "Пабла Пікаса. Параграфы" ў Мінску

Адзін з геніяў ХХ стагоддзя Пабла Пікаса пакінуў вялікую спадчыну ў розных відах мастацтва і жанрах – жывапіс, скульптура, графіка, кераміка... На мінскай выставе ў галерэі Libra самыя яркія "параграфы" з жыцця і творчасці майстра праілюстраваны яго ж работамі: тут прадстаўлены 61 літаграфія з прыватных калекцый Германіі, Бельгіі і Францыі, а таксама кераміка – з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Акрамя таго, наведвальнікі ўбачаць скульптуру і кераміку сучасных беларускіх паслядоўнікаў Пікаса – Паўла Вайніцкага, Аляксандра Сакалова, Міхаіла Інькова, Алены Чэпелевай, Дзмітрыя Аганава, Ліліі Нішчык…

Калі: 26 лістапада 2019 – 26 студзеня 2020 
Дзе: Галерэя Libra, Мінск, пр. Незалежнасці, 37

Выстава "Шрага Царфін. Рух да святла" ў Мінску

Персанальная выстава Шрагі Царфіна ў Мінску, арганізаваная да 120-годдзя з дня нараджэння яркага прадстаўніка Парыжскай школы і ўраджэнца беларускіх Смілавічаў, – першая на постсавецкай прасторы. Візітнай карткай мастака сталі пейзажы Францыі, а галоўнымі тэмамі творчасці – духоўныя і філасофскія. Акрамя таго, Шрага Царфін быў паспяховым дызайнерам: як адзначалі сучаснікі – віртуозам дызайну тканіны. Ён распрацаваў шэраг эскізаў для пачынаючай Како Шанэль. У Мінску знатакам прадстаўлена 52 работы майстра, якія належаць да розных перыядаў творчасці. У экспазіцыю ўвайшлі тры карціны з фонду музея, прыватных калекцый, яшчэ 15 былі набыты ў гэтым годзе ў яго наследнікаў.

Калі: 6 снежня 2019 – 19 лютага 2020
Дзе: Мінск, Нацыянальны мастацкі музей Беларусі

Выстава "Летапісец лёсу" ў Нацыянальнай бібліятэцы

Летапіс ХХ стагоддзя ў партрэтах яго асоб – палітыкаў, вучоных, лётчыкаў, палярнікаў, артыстаў, мастакоў, пісьменнікаў, паэтаў, балерын – стварыў у сваіх работах (а іх дзясяткі тысяч!) выдатны фатограф і ўраджэнец Мінска Маісей Напельбаум. Ён стварыў вядомыя многім па старонках падручнікаў выявы Аляксея Талстога, Сяргея Ясеніна, Ганны Ахматавай, Барыса Пастарнака, Максіма Горкага, Сяргея Эйзенштэйна, Дзмітрыя Шастаковіча, Галіны Уланавай і іншых. На выставе, прысвечанай 150-годдзю з дня нараджэння майстра, прадстаўлены рэпрадукцыі фотапартрэтаў, мемуары старэйшай дачкі Іды і яго аўтарская кніга "Ад рамяства да мастацтва", якая стала вынікам творчасці.

Калі: 13 снежня 2019 – 15 студзеня 2020
Дзе: Мінск, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, зала дакументаў па мастацтве

Выстава "Энцыклапедыя. Нацыянальны праект" у Музеі кнігі

Выстава-прысвячэнне першай беларускай энцыклапедыі расказвае пра гісторыю ўнікальнага для народа праекта, а таксама еўрапейскіх энцыклапедычных выданняў ад антычных часоў да сучаснасці. Тут прадстаўлены кірылічныя лексіконы ХVIІ стагоддзя, архіўныя матэрыялы і кнігі, якія адлюстроўваюць першыя спробы стварэння беларускай энцыклапедыі ў 20-30-я і 50-я гады ХХ стагоддзя, дакументы, фотаздымкі, працоўныя і творчыя матэрыялы калектыва беларускіх энцыклапедыстаў пад кіраўніцтвам галоўнага рэдактара Петруся Броўкі... У цэнтры ўвагі – выданне-юбіляр з 50-гадовай гісторыяй – акадэмічная ўніверсальная "Беларуская савецкая энцыклапедыя" (1969-1975), а таксама "Беларуская энцыклапедыя" (1996-2004).

Калі: 17 снежня 2019 – 17 лютага 2020
Дзе: Мінск, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Музей кнігі

Прэм'ера балета "Стварэнне свету" ў Вялікім тэатры Беларусі

Новую рэдакцыю балета "Стварэнне свету", прэм'ера якога адбылася ў 1976-м на сцэне мінскага Вялікага, падрыхтаваў Валянцін Елізар'еў. Ідэя пастаноўкі зарадзілася ў 1971-м пасля прэм'еры ў Марыінскім тэатры  аднайменнага спектакля Наталлі Касаткінай і Васіля Васільева пры ўдзеле Міхаіла Барышнікава. Тады работа Елізар'ева, паводле слоў кампазітара Андрэя Пятрова, стала самай паспяховай у краіне. Гаворачы аб актуальнасці спектакля, Валянцін Елізар'еў адзначае, што "сучаснага чалавека заўсёды будзе хваляваць біблейская тэма" і, каб глыбей раскрыць тэму, ён адштурхоўваўся ад індывідуальнасцей і творчых магчымасцей цяперашніх артыстаў.

Калі: 19 снежня 2019, 2 лютага, 1 і 27 сакавіка 2020 
Дзе: Мінск, Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі

Выстава Зоі Літвінавай "Знакі творчай волі" ў НММ

"Знакі творчай волі" – фінальны акорд у маштабным праекце, прысвечаным творчасці жывапісца і графіка Зоі Літвінавай, якая ў Беларусі ўдастоілася ордэна Францыска Скарыны, а ў Францыі ў 2005-м атрымала званне кавалера ордэна "За заслугі ў галіне літаратуры і мастацтва". У маі 2019 яе работамі адкрыўся арт-праект "Мастак і горад" на плошчы Якуба Коласа, а ў жніўні выстава "Сто дарог" прадставіла гледачам серыю акварэльных эцюдаў аб сельскім жыцці і прыгажосці роднай прыроды. У новую экспазіцыю ўвайшлі больш за 100 жывапісных, графічных і акварэльных твораў з калекцыі музея і збору мастачкі, выкананых за апошнія 40 гадоў.

Калі: 19 снежня 2019 – 19 студзеня 2020
Дзе: Мінск, Нацыянальны мастацкі музей

Міжнародная выстаўка Панна Doll’я ў Мінску

Пабываць у царстве лялек і казачных персанажаў запрашаюць арганізатары адзінай выстаўкі аўтарскай лялькі ў  Беларусі – "Панна Doll’я". Тут прадстаўлены эксклюзіўныя работы ад лепшых майстроў Беларусі, краін СНД, блізкага і далёкага замежжа. Усяго ж у экспазіцыю ўвайшлі 150 работ, "балансуючых" на мяжы жывапісу, скульптуры, дызайну касцюма і аўтарскай лялькі. Тут можна ўбачыць розныя тэхнікі – ад тэкстыльных лялек і паддашкавых мядзведзяў да фарфоравых рарытэтаў, статычных экспазіцый і партрэтных работ.

Калі: 21 снежня 2019 – 1 лютага 2020 года (12.00 – 20.00)
Дзе: Мінск, Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў

"Вівальдзі. Поры года" ад аркестра Olimpia Classic

Веснавое абуджэнне прыроды, подых цёплага лета, асенняя пяшчота і зімовая казка – усё гэта адчуюць паклоннікі аркестра Olimpia Classic пад кіраваннем дырыжора Міхаіла Снітко, стваральніка ўнікальнага калектыву, прадаўжальніка традыцый Генадзя Праворава, Ільі Мусіна і Генадзя Раждзественскага. Музыканты пакарылі лепшыя сцэны розных краін свету – Іспаніі, Францыі, Швейцарыі, Германіі, Польшчы… Сёння ў іх творчай скарбонцы такія гучныя праекты, як "Штраус-Гала", "Музыка кіно", "Залатыя старонкі. Бах. Чайкоўскі. Глюк"...

Калі: 7 студзеня (20.15)
Дзе: Мінск, Чырвоны касцёл

Bratislava Hot Serenaders у Мінску

Эпоху Вялікага Гэтсбі адновіць на мінскай сцэне знакаміты аркестр Bratislava Hot Serenaders – адзін з лідараў у аўтэнтычнай інтэрпрэтацыі джазавай музыкі 1920-30-х гадоў. У год заснавання – 1992 – гэта была група энтузіястаў з 18 музыкантаў, якія ў свабодны час выконвалі любімыя кампазіцыі ў стылі hot jazz. А сёння ён уваходзіць у спіс лепшых аркестраў Еўропы, якія працуюць у гэтым напрамку. Беларускую сталіцу "Браціслава Хот Серэнадэрс" наведае ўпершыню: у рамках навагодняга гастрольнага туру славацкі калектыў прадставіць  праграму "Адзінокая мелодыя" (Lonely melody).

Калі: 10 студзеня (20.15)
Дзе: Мінск, КЗ "Мінск"

XXXII Міжнародны фестываль класічнай музыкі "Студзеньскія музычныя вечары"

"Студзеньскія музычныя вечары" збяруць у Брэсце каля 300 музыкантаў і вакалістаў з 10 краін – Беларусі, Германіі, Грузіі, Літвы, Польшчы, Расіі, ЗША, Украіны, Кітая, Нідэрландаў і Італіі. Упершыню на фестываль прыедуць  12 вакалістаў з цікавымі, паводле слоў членаў журы, галасамі. Праграма-2020 парадуе знатакоў класікі сустрэчамі з яркімі артыстамі, сярод якіх саліст Нацыянальнай оперы Украіны Тарас Штонда, саліст Балтыморскага опернага хору Альберт Нідэль, салісты Вялікага тэатра Беларусі Ілья Сільчукоў і Станіслаў Трыфанаў. Усяго адбудзецца 4 музычныя вечары, у час якіх прагучаць шэдэўры рускай, беларускай і заходнееўрапейскай музыкі…

Калі: 9–12 студзеня
Дзе: Брэст, Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы

10 студзеня – дзённы канцэрт, Брэсцкі музычны каледж
11 студзеня – Калядны баль у Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы
12 студзеня – канцэрт арганнай музыкі ў выкананні народнага артыста Беларусі Ігара Алоўнікава

Беларускія калядныя абрады

Час ад Нараджэння Хрыстовага да Вадохрышча звязаны не толькі з сімвалічнымі хрысціянскімі традыцыямі, але і старажытнымі народнымі абрадамі, у якіх цесна перапляліся казкі, легенды, мясцовыя павер'і. У гэты перыяд вясёлыя калядныя гулянні ахопліваюць усю краіну: яны праходзяць у гарадах на калядных кірмашах, у этнаграфічных музеях, комплексах, аграсядзібах. Але ёсць і па-сапраўднаму ўнікальныя дзействы, якія можна ўбачыць толькі ў адным месцы.

Спадчына ЮНЕСКА – "Калядныя цары" ў Семежаве

З 2009 года беларускі абрад "Калядныя цары", які існуе толькі ў вёсцы Семежава, уваходзіць у Спіс  нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Яго гісторыя звязана з падзеямі XVIII стагоддзя, калі недалёка ад  вёскі стаялі часці царскай арміі. У дні святкавання Новага года па старым стылі салдаты і афіцэры ў незвычайных касцюмах хадзілі па дварах мясцовых жыхароў, паказваючы арыгінальнае дзейства. З таго часу ў народзе вераць, што ў доме, дзе пабывалі "цары", увесь год будзе мір, згода і багацце.

Калі: 13 студзеня
Дзе: Мінская вобласць, Капыльскі раён, вёска Семежава

Народны карнавал "Конікі" ў Давыд-Гарадку

Аўтэнтычны калядны абрад "Конікі" захаваўся да нашых дзён на Палессі і ўключаны ў спіс нематэрыяльнай  гісторыка-культурнай спадчыны. Яго можна ўбачыць толькі ў Шчодры вечар у мястэчку Давыд-Гарадок. Галоўным персанажам дзейства з'яўляецца Конь, а не Каза, як прынята ў вёсках. Традыцыйна яго суправаджаюць  пераапранутыя ў карнавальных касцюмах – Дзед і Баба, Мядзведзь, Воўк, Баран, Ліса і Заяц, Чорт і Баба Яга, Цыган і Цыганка з дзіцем, Смерць з касой … Гэта вясёлая працэсія адпраўляецца калядаваць, заходзячы ў дамы і радуючы гаспадароў песнямі, танцамі і добрымі пажаданнямі.

Калі: 13 студзеня
Дзе: Брэсцкая вобласць, Столінскі раён, Давыд-Гарадок

Міжнародныя спаборніцтвы па ездавым спорце "Паўночныя сабакі"-2020

Самыя відовішчныя спаборніцтвы зімовага сезона зноў запрашаюць паназіраць за зімовымі гонкамі на сабачых запрэжках. Удзельнікамі стануць лепшыя спартсмены і іх чатырохногія кампаньёны з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі і Польшчы. Ім давядзецца пераадольваць крутыя павароты і заснежаныя горкі на трасе (у праграме тры дыстанцыі – 1,5, 3,5 і 7,0 км). Акрамя спаборніцтваў, гасцей чакаюць забаўляльныя лакацыі, тэматычныя  фотазоны, катанні на запрэжках. Таксама адразу на месцы можна атрымаць бясплатныя кансультацыі па пытаннях утрымання, догляду і харчавання ездавых сабак.

Калі: 16 лютага
Дзе: Мінская вобласць, Лагойскі раён, пікнік-атэль "Экспедыцыя"

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі