Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

30 Ліс 2019

Каляндар падзей у Беларусі: СНЕЖАНЬ 2019

Нараджэнне Хрыстова і Новы год-2020 у Беларусі

Настрой свята ў горадзе: Мінск заззяў навагоднімі агнямі

Дызайнерская ёлка, фуд-корт з кухнямі народаў свету і фестываль зімовых напіткаў – новы калядны кірмаш адкрыўся ў Мінску

Выстава "Аман: жамчужына Усходу. Рамесная спадчына"

Выставу "Аман: жамчужына Усходу. Рамесная спадчына" прадставіць у НММ Нацыянальны музей Султаната Аман. Выстава прымеркавана да 80-годдзя з дня заснавання беларускай мастацкай скарбніцы. Знатакі тонкай работы ўсходніх майстроў змогуць убачыць больш за 100 экспанатаў і тым самым далучыцца да культуры, звычаяў і традыцый экзатычнай краіны. На выставе гледачы ўбачаць унікальныя касцюмы, ювелірныя вырабы, цырыманіяльную зброю, дываны з вярблюджай шэрсці і нават кінжалы. Іх выраб лічыцца сапраўды філігранным: майстры працуюць са сталлю, дрэвам, вырабамі з рога, тканінай, скурай, а таксама выкарыстоўваюць шматлікія спосабы апрацоўкі серабра.

Калі: 19 верасня – 19 студзеня
Дзе: Мінск, Нацыянальны мастацкі музей

Выстава "Прашу прыняць у дар..." у НММ

Нацыянальная скарбніца і буйнейшая галерэя Беларусі – Нацыянальны мастацкі музей – у бягучым годзе адзначае 80-годдзе. І ў гонар юбілейнай даты прадстаўляе ўнікальную выставу "Прашу прыняць у дар...". У экспазіцыю ўвайшлі творы мастацтва, падораныя або бязвыплатна перададзеныя музею за апошнія 20 гадоў рознымі інстытуцыямі, мастакамі, калекцыянерамі, арганізацыямі. Усяго наведвальнікі ўбачаць больш за 170 работ у такіх жанрах, як жывапіс, скульптура, графіка, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва…

Калі: 1 лістапада – 1 снежня
Дзе: Мінск, Нацыянальны мастацкі музей

Міжнародны джазавы фестываль JAZZinMINSK-2019

Міжнародны фестываль, арганізаваны Яўгенам Уладзіміравым, ужо восьмы раз напоўніць беларускую сталіцу гукамі джаза. Арганізатары JAZZinMINSK-2019 запрашаюць аматараў імправізацый атрымаць асалоду ад сустрэч з лепшымі музыкантамі  з ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Нідэрландаў, Расіі і Латвіі. Адкрыюць вечары замежныя госці: упершыню на беларускай сцэне выступіць легендарны саксафаніст Джэсі Дэвіс (Нью-Ёрк) і лэдзі вакальнага джаза Ава Цімба (Парыж) у суправаджэнні Аnderson-trio (Лондан-Рыга), якія выканаюць шэдэўры джаза XX-XXI стагоддзяў.

Калі: 28 лістапада – 1 снежня
Дзе: Мінск, Палац Рэспублікі, Палац прафсаюзаў

Выстава "Пабла Пікаса. Параграфы" ў Мінску

Адзін з геніяў ХХ стагоддзя Пабла Пікаса пакінуў вялікую спадчыну ў розных відах мастацтва і жанрах – жывапіс, скульптура, графіка, кераміка... На мінскай выставе ў галерэі Libra самыя яркія "параграфы" з жыцця і творчасці майстра праілюстраваны яго ж работамі: тут прадстаўлены 61 літаграфія з прыватных калекцый Германіі, Бельгіі і Францыі, а таксама кераміка – з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Акрамя таго, наведвальнікі ўбачаць скульптуру і кераміку сучасных беларускіх паслядоўнікаў Пікаса – Паўла Вайніцкага, Аляксандра Сакалова, Міхаіла Інькова, Алены Чэпелевай, Дзмітрыя Аганава, Ліліі Нішчык…

Калі: 26 лістапада – 26 студзеня
Дзе: Галерэя Libra, Мінск, пр. Незалежнасці, 37

Рукавічны паўмарафон у Лошыцкім парку

Рукавічны паўмарафон, упершыню арганізаваны ў сталічным Лошыцкім парку ў 2017 годзе і прымеркаваны да Сусветнага дня інвалідаў, запомніўся ўдзельнікам і гасцям незвычайным фарматам. Тады яго асаблівасцю стала дыстанцыя: лідар, які дасягаў кропкі развароту на сярэдзіне шляху, атрымліваў спецыяльную рукавіцу пераможцы, пасля чаго разварочваў усіх астатніх удзельнікаў да фінішу, скарачаючы ім дыстанцыю. У гэтым сезоне арганізатары спартыўна-дабрачыннага мерапрыемства прапануюць выбраць дыстанцыю 21,097 км або паўдзельнічаць у дадатковых забегах.

Калі: 1 снежня
Дзе: Мінск, Лошыцкі парк, з 10.30 да 13.30

ХХХІ Міжнародны музычны фестываль імя І. І. Салярцінскага ў Віцебску

Адзіны ў Беларусі камерна-музычны фестываль адкрыецца візіткай выкладчыкаў і навучэнцаў Віцебскага музычнага каледжа, таксама названага ў гонар выдатнага музычнага і тэатральнага крытыка 20–30-х гадоў ХХ стагоддзя Івана Салярцінскага. А далей знатакоў класікі чакае насычаная праграма. Першым выступіць струнны квартэт з Расіі "Акадэмія камернай музыкі". "Месу з Буэнас-Айрэса" сыграе Дзяржаўны камерны аркестр Беларусі, вечар, прысвечаны грузінскаму кампазітару Гіі Канчэлі і яго сябрам, прадставіць беларускі "Класік-Авангард", а ганаровае права закрыць форум атрымаў Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам маэстра Аляксандра Анісімава.

Калі: 3–18 снежня
Дзе: Віцебск, Віцебскі дзяржаўны музычны каледж, Віцебская абласная філармонія

Нані Брэгвадзэ і Вахтанг Кікабідзэ: "З Грузіі з любоўю"

Дзве легенды і сапраўды народныя артысты – спявак і акцёр, выканаўца галоўнай ролі ў карціне Георгія Данэлія "Міміно" Вахтанг Кікабідзэ і "каралева раманса" Нані Брэгвадзэ – упершыню прывязуць у Мінск канцэртную праграму "З Грузіі з любоўю". Гэтым снежаньскім вечарам на беларускай сцэне сустрэнуцца адразу некалькі пакаленняў: разам з Нані Брэгвадзэ выступяць яе дачка і ўнучка – спявачкі Эка Мамаладзэ і Наталля Кутаціладзэ. Таксама ў канцэрце прыме ўдзел вакальны секстэт The Quintessence, які запомніўся мінскай публіцы майскім канцэртам з Ніно Катамадзэ, і сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам выдатнага грузінскага кампазітара і дырыжора Нікалаза Рачвелі.

Калі: 6 снежня
Дзе: Мінск, Палац Рэспублікі

Цырымонія ўключэння першых навагодніх агнёў Беларусі

Ужо з пачаткам снежня святочны настрой пачынае ахопліваць Беларусь. І па традыцыі першыя навагодне-калядныя агні ўключаюцца ў самым казачным кутку краіны – сядзібе галоўнага беларускага Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы. У суботу 7 снежня тут заззяе навагодняя ёлка, на зімовы сезон у рэзідэнцыю ўрачыста прыедуць Снягурачка і дочкі Дзеда Мароза. Таксама праграма ўключае фестывалі "Цяпло зімовай казкі" і "Агні зімы", парад-але і флэш-моб Дзядоў Марозаў. Арганізатары абяцаюць здзівіць гасцей візуалізацыяй цудаў зімовага чараўніка. Нагадаем, сядзіба Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы адкрылася 16 снежня 2003 года. За гэты час там пабывалі звыш 1,5 млн турыстаў больш як са 100 краін свету.

Калі: 7 снежня
Дзе: Брэсцкая вобласць, Камянецкі раён, в. Камянюкі, Белавежская пушча, сядзіба Дзеда Мароза

Венскі філарманічны Штраус-Аркестр у Мінску

Захавальнік аўстрыйскай музычнай спадчыны і нацыянальных традыцый – Венскі філарманічны Штраус-Аркестр – паспяхова гастралюе па Еўропе, штогод наведваючы Германію, Польшчу, Румынію, Венгрыю, Балгарыю... Галоўны дырыжор і адзін са стваральнікаў гэтага калектыву – Андраш Дэак – у 1995-м быў названы ў ліку лепшых на міжнародным тэлевізійным конкурсе імя Янаша Ферэнчыка, а ў 2004-м за ўклад у развіццё музычнай культуры быў удастоены прэстыжнага ў Венгрыі Ордэна Заслуг. У праграме мінскага вечара прагучаць творы Гайдна, Брамса, Моцарта, знакамітых прадстаўнікоў дынастыі Штраусаў і іншых майстроў венскай аперэты.

Калі: 9 снежня
Дзе: Мінск, КЗ "Мінск", вул. Кастрычніцкая, 5

Польскі джаз ад NEW BONE ў Брэсце

Польскі джазавы квінтэт NEW BONE прадставіць праграму, прысвечаную 1000-годдзю горада Брэста. Створаны ў 1996-м, калектыў вызначаецца асаблівым стылем, беражлівым стаўленнем да формы і балансаў паміж традыцыяй і сучасным гучаннем. Заснавальнік і лідар джаз-бэнда трубач Томаш Кудык стаў яшчэ і аўтарам чатырох пласцінак, якія выйшлі за дэбютным альбомам Something for now. На сцэне абласнога тэатра прагучаць імправізацыі на мелодыі Генрыха Варса і Браніслава Капера – вядомых польскіх аўтараў музыкі кіно пачатку ХХ стагоддзя, якія дасягнулі поспеху ў ЗША і Галівудзе, а таксама іншыя знакамітыя кампазіцыі з рэпертуару калектыву.

Калі: 9 снежня
Дзе: Брэст, Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы

Дзяржаўны нацыянальны ансамбль песні і танца Грузіі KUTAISI

Грузінскі ансамбль песні і танца "Кутаісі" называюць адным з цудаў краіны. Створаны ў 1970-м, калектыў захоўвае фальклорныя традыцыі свайго народа, перадаючы іх ад старэйшых пакаленняў артыстаў маладым. "Кутаісі" ўдалося аб'яднаць маляўнічасць танца з хвалюючымі вібрыруючымі спевамі, якія перадаюць мелодыку кожнага з рэгіёнаў гэтай сонечнай і гасціннай зямлі. Беларускія гледачы ўбачаць народныя танцы – "Сванскі", "Аджарскі", "Асецінскі", "Карціны старога Тбілісі", відовішчныя фехтавальныя баі, а таксама пачуюць унікальныя грузінскія песні "Салагоба", "Цхенаснуры", "Суліко", выкананыя пад народныя інструменты.

Калі, дзе:

14 снежня – Мінск, КЗ "Мінск"
15 снежня – Брэст, Грамадска-культурны цэнтр
16 снежня – Гомель, Грамадска-культурны цэнтр

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі