Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

31 Кст 2019

Каляндар падзей у Беларусі: ЛІСТАПАД 2019

ЛІСТАПАД 2019

Фестываль "Архітэктурная восень-2019"

"Архітэктурная восень" стартавала ў Беларусі з пачаткам навучальнага года і ўпершыню прадоўжыцца не тры дні, а ўсе тры месяцы. У новым сезоне ў праграме – восьмае міжнароднае біенале маладых архітэктараў "Леанарда", рэспубліканскі агляд-конкурс на лепшыя праект і будоўлю, а адкрые мерапрыемства конкурс дыпломных праектаў выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных школ. Дарэчы, навінка форуму гэтага года – конкурс архітэктурнага малюнка сярод студэнтаў айчынных ВНУ. Таксама на галоўнай пляцоўцы фестывалю-2019 – у Доме архітэктара – адбудуцца тэматычныя канферэнцыі, выстаўкі і прэзентацыі архітэктараў і дызайнераў, майстар-класы…

Калі: 1 верасня – 30 лістапада
Дзе: Мінск, Рэспубліканскі дом архітэктара

Выстава "Аман: жамчужына Усходу. Рамесная спадчына"

Выставу "Аман: жамчужына Усходу. Рамесная спадчына" прадставіць у НММ Нацыянальны музей Султаната Аман. Выстава прымеркавана да 80-годдзя з дня заснавання беларускай мастацкай скарбніцы. Знатакі тонкай работы ўсходніх майстроў змогуць убачыць больш за 100 экспанатаў і тым самым далучыцца да культуры, звычаяў і традыцый экзатычнай краіны. На выставе гледачы ўбачаць унікальныя касцюмы, ювелірныя вырабы, цырыманіяльную зброю, дываны з вярблюджай шэрсці і нават кінжалы. Іх выраб лічыцца сапраўды філігранным: майстры працуюць са сталлю, дрэвам, вырабамі з рога, тканінай, скурай, а таксама выкарыстоўваюць шматлікія спосабы апрацоўкі серабра.

Калі: 19 верасня – 19 студзеня
Дзе: Мінск, Нацыянальны мастацкі музей

Выстава "Не толькі Banksy. Стрыт-арт з прыватных калекцый"

Акрамя работы загадкавага і сусветна вядомага мастака-графіціста Бэнксі, на выставе будзе прадстаўлена карціна Дзмітрыя Урубеля, аўтара знакамітай кампазіцыі на фрагменце Берлінскай сцяны "Госпадзі! Дапамажы мне выжыць сярод гэтай смяротнай любві". Акрамя таго, экспазіцыя ўключае ў сябе незвычайны матацыкл з V-падобным рухавіком чэмпіёна свету па матацыклетным кастамайзінгу Юрыя Шыфа, чые работы ўдастоены дзясяткаў узнагарод на міжнародных конкурсах. На выставе будуць таксама прадстаўлены работы такіх мастакоў, як Рома Казус, Пётр Ноль і Раман Бурданаў з Расіі, Лізавета Кесауры з Познані, Obsssnnl і Кэтрын Вінаградаў з Лондана, а таксама брастаўчане Дзмітрый Булдакаў і Дзяніс Кавальчук, мінчанка Хрысціна Шкацянок, Alex BigHomie з Пінска.

Калі: 24 верасня – 21 лістапада
Дзе: Мінск, выставачная зала Libra

Японская восень-2019 у Беларусі

Свята японскай культуры сёмы раз аб'яднае паклоннікаў культуры Краіны ўзыходзячага сонца. Арганізатары фестывалю запрашаюць азнаёміцца з навінкамі японскага кіно, вывучыць некалькі баявых прыёмаў на майстар-класах па айкідо і будзінкане, асвоіць асновы ігры на флейце сякухаці, адпрацаваць вытанчанасць ліній суміэ (жывапіс тушшу), спасцігнуць прамудрасці этагамі (пісьмо з малюнкам), навучыцца лёгкасці папяровага мастацтва арыгамі і раскрыць сакрэты аранжыроўкі кветак (ікебана). Таксама ў праграму ўвойдуць турніры па каратэ SANKER CUP 2019 і рыічы-маджангу Minsk Midori open, рэспубліканскае адкрытае першынство па спачане…

Калі: 11 кастрычніка – 23 лістапада
Дзе: Барысаў, Віцебск, Мінск, Магілёў

"Асенні салон з Белгазпрамбанкам" у Мінску

150 маладых мастакоў з усёй краіны, адабраных прафесійным журы з больш як 400 прэтэндэнтаў, збярэ буйнейшая выстава выяўленчага мастацтва Беларусі, створаная ў 2015-м па аналогіі з легендарнымі Парыжскімі салонамі на Елісейскіх палях. Маштабны арт-праект Белгазпрамбанка ўсяго за некалькі гадоў стаў пляцоўкай для прэзентацыі тэндэнцый сучаснага беларускага мастацтва, якая дзякуючы адукацыйнай праграме (лекцыі, творчыя сустрэчы, майстар-класы, інтэрактыўныя экскурсіі, квесты, заняткі з дзецьмі) набыла шырокую вядомасць: у мінулым годзе выставу ў Палацы мастацтва наведалі больш як 13 500 чалавек, і гэта далёка не мяжа!

Калі: 18 кастрычніка – 3 лістапада
Дзе: Мінск, Палац мастацтва, галерэя "Арт-Беларусь"

XXIV Міжнародны фестываль арганнай музыкі "Званы Сафіі"

Міжнародны фестываль збярэ ў старажытным Полацку музыкантаў з Беларусі, Францыі, Германіі, Расіі, Польшчы і Японіі. Па шматгадовай традыцыі канцэрты праходзяць пад купалам легендарнай Сафіі: менавіта тут знатакі класікі могуць атрымаць асалоду ад гучання не толькі аргана, але барочнай трубы, кларнета, саксафона, блокфлейты, хору, аркестра... У лістападзе гасцей форуму чакаюць выступленні японскай арганісткі Хірока Іноўэ і саксафаністкі Веранікі Кажухаравай, віртуознай выканаўцы на блокфлейце і кларнеце Сюзанны Эрхарт з Германіі. А завершыць фестывальныя вечары-2019 канцэрт польскага арганіста Міхала Коцата.

Калі: 20 кастрычніка – 24 лістапада
Дзе: Полацк, Сафійскі сабор

Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад"-2019

Вядучы кінафорум Беларусі – адзін з буйнейшых у Еўропе! – заклікае знатакоў мастацтва cinema звярнуцца "Да радасці" (а менавіта такі дэвіз гэтага года!), і прадстаўляе насычаную праграму – 54 карціны з 50 краін свету. Акрамя асноўнага конкурсу ігравога кіно, у якім удзельнічаюць 12 фільмаў, "Лістапад"-2019 прадставіць работы маладых аўтараў, нацыянальнае беларускае кіно, дакументальныя стужкі, фільмы для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі. Багатай будзе і пазаконкурсная праграма, таму лістападаўскія дні і вечары ў кінатэатрах Мінска абяцаюць быць цудоўнымі. Упершыню з'явіцца асобная секцыя – "Кінамова. Іншы сінтаксіс", прысвечаная тэмам развіцця кінематографа, пошуку рэжысёраў, а таксама драматургіі і праблематыкі кіно.

Калі: 1–8 лістапада
Дзе: кінатэатры Мінска
Даведацца больш

Выстава "Прашу прыняць у дар..." у НММ

Нацыянальная скарбніца і буйнейшая галерэя Беларусі – Нацыянальны мастацкі музей – у бягучым годзе адзначае 80-годдзе. І ў гонар юбілейнай даты прадстаўляе ўнікальную выставу "Прашу прыняць у дар...". У экспазіцыю ўвайшлі творы мастацтва, падораныя або бязвыплатна перададзеныя музею за апошнія 20 гадоў рознымі інстытуцыямі, мастакамі, калекцыянерамі, арганізацыямі. Усяго наведвальнікі ўбачаць больш за 170 работ у такіх жанрах, як жывапіс, скульптура, графіка, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва…

Калі: 1 лістапада – 1 снежня
Дзе: Мінск, Нацыянальны мастацкі музей

Ала Пугачова ў Мінску

Пасля дзесяцігадовага перапынку Ала Пугачова выступіць у "Мінск-Арэне" з вялікім сольным канцэртам "Я сёння абяцанні маўчання парушу". Паводле задумы, новае шоу, прымеркаванае да 70-годдзя Прымадонны, стане своеасаблівым адкрыццём, шчырай размовай з гледачом: толькі пазнаваемы з першых секунд голас з хрыпатцой, пранікнёныя тэксты, душэўнасць у кожнай фразе і душа наросхрыст. Паклоннікаў "жанчыны, якая спявае", чакаюць правераныя часам хіты, а таксама яркія вобразы, музычныя сюрпрызы і, вядома, фірменны гумар спявачкі і актрысы.

Калі: 2 лістапада
Дзе: "Мінск-Арэна"

RASTRELLI CELLO QUARTET у Мінску

Адзін з самых вядомых віяланчэльных калектываў свету – Rastrelli Cello Quartet – упершыню выступіў на сцэне Белдзяржфілармоніі ў 2018-м. Сёння ў рэйтынгу папулярнасці ён стаіць у адным радзе з легендарнай Apocalyptica, і гэта не дзіўна: музыканты вядомыя вельмі высокім узроўнем выканання і арыгінальнасцю праграм, пабудаваных на кантрастах і спалучэнні класічных элементаў з рокам, джазам і поп-музыкай. На гэты раз у Мінску прадставяць новую праграму BEST OF RASTRELLI CELLO QUARTET, у якую ўвайшлі лепшыя кампазіцыі з рэпертуару.

Калі: 2 лістапада
Дзе: Мінск, Беларуская дзяржаўная філармонія

Валерый Меладзэ ў Мінску

Уладальнік моцнага голасу і пазнаваемага тэмбру Валерый Меладзэ збірае поўныя залы, заваёўваючы сэрцы лірычнымі баладамі. Сярод любімых кампазіцый публікі – "Девушки из высшего общества", "Самба белого мотылька", "Красиво", "Салют, Вера!", "Текила-любовь", "Небеса", "Свободный полёт"... Валерый ужо другі год з'яўляецца зорным настаўнікам тэлепраекта "Голас. Дзеці". І на вялікім канцэрце ў "Мінск-Арэне" разам з артыстам на сцэну выйдзе і юная мінчанка Стафанія Сакалова, якая пад яго кіраўніцтвам дайшла да фіналу шоу.

Калі: 6 лістапада
Дзе: "Мінск-Арэна"

Міжнародны фестываль XJAZZ Minsk Edition

Фестываль XJAZZ, заснаваны нямецкім кампазітарам, трубачом і піяністам Себасцьянам Студніцкім, за пяць гадоў атрымаў статус культавай падзеі і заваяваў любоў публікі ў Беларусі, Расіі, Польшчы, Францыі, Турцыі, Ізраілі. Адкрые форум мікс з кампазіцый у акадэмічным, джазавым і клубным напрамках музыкі. У другі дзень кампазітар, дырыжор і салістка Фабія Мантвіл выканае творы, напісаныя ёю спецыяльна для знакамітага Metropole Orkest. У заключны вечар перкусіяніст Бодэк Янке прадставіць спектакль Global. Dance. Kulture, які аб'яднаў музыку Усходняй Еўропы, Балкан, Індыі, Афрыкі з элементамі сучаснага джаза.

Калі: 8–10 лістапада
Дзе: Мінск, Палац мастацтваў, вул. Казлова, 3

Гала-канцэрт зорак La Scala ў Мінску

Італьянскі "Ла Скала" па праву з'яўляецца адным з сусветных цэнтраў культуры: на яго легендарнай сцэне імкнуцца выступіць вядучыя оперныя артысты з розных краін. Усяго на вечар у Мінску высадзіцца зорны дэсант салістаў гэтага тэатра – барытон Джавані Гуальярда, тэнар Масіміліяна Пізапіа і сапрана Марына Начкебія. У праграме вечара прагучаць творы, якія ўвайшлі ў залаты фонд сусветнай класікі: сольныя партыі і дуэты з опер Дж. Вердзі "Травіята", "Рыгалета", "Трубадур", Ж. Бізэ "Кармэн", Дж. Пучыні "Тоска", "Багема", Г. Даніцэці "Любоўны напітак", В.А. Моцарта "Дон Жуан", П. Чайкоўскага "Яўген Анегін", папулярныя італьянскія песні і многае іншае.

Калі: 13 лістапада
Дзе: КЗ "Мінск"

Алесандра Сафіна ў Мінску

Італьянскі оперны і эстрадны спявак, уладальнік унікальнага лірычнага тэнару Алесандра Сафіна пачынаў творчую кар'еру з опернай класікі, але менавіта эксперыменты з рокам і поп-музыкай зрабілі яго папулярным па ўсім свеце. Пранікнёная Luna падняла яго на вяршыні чартаў, а дэбютны альбом Insieme a te ў лічаныя месяцы разышоўся мільённымі тыражамі па ўсім свеце. Мінскую публіку чакаюць фрагменты з сусветна вядомых опер, лепшыя творы з усіх пяці выпушчаных Алесандра Сафіна альбомаў, а таксама нечаканыя музычныя сюрпрызы!

Калі: 13 лістапада
Дзе: Мінск, Палац Рэспублікі

Міжнародны фестываль мастацтваў Gomel Fest 2019

Гомель, візітнай карткай якога традыцыйна з'яўляецца любімы многімі самабытны "Сожскі карагод", упершыню прыме новы міжнародны фестываль мастацтваў. Gomel Fest 2019 збярэ ў абласным цэнтры лепшых спевакоў, музыкантаў, мастакоў, прадстаўнікоў тэатральных калектываў не толькі з розных рэгіёнаў Беларусі, але і іншых краін. Талентам давядзецца праявіць свае здольнасці ў такіх намінацыях, як вакальнае майстэрства (намінацыя адкрыта для сольных выканаўцаў, а таксама дуэтаў, ансамбляў і хораў), харэаграфічная, інструментальная, выяўленчая і тэатральная творчасць…

Калі: 14–16 лістапада
Дзе: Гомель, гарадскі Цэнтр культуры

Scorpions у Мінску

Адна з самых папулярных рок-груп у свеце – Scorpions – зноў вяртаецца ў Мінск у рамках гастрольнага Crazy World Tour. Сёння ў творчай скарбонцы калектыву ўжо 18 студыйных альбомаў, а 74 сінглы больш за 200 разоў станавіліся "залатымі", "плацінавымі", "мульты-плацінавымі" і шмат разоў займалі першыя месцы ў хіт-парадах розных краін. На гэты раз у беларускай сталіцы выступіць увесь легендарны склад групы – Rudolf Schenker (гітара і бэк-вакал), Klaus Meine (асноўны вакал), Matthias Jabs (гітара і бэк-вакал), Paweі M№ciwoda (бас, бэк-вакал) і Mikkey Dee (барабаны, перкусія).

Калі: 15 лістапада
Дзе: "Мінск-Арэна"

Арцём Шышкоў. Скрыпка SOLO

"Скрыпка SOLO" – менавіта так назваў сваю праграму выдатны музыкант Арцём Шышкоў, які на працягу многіх гадоў з'яўляецца першай скрыпкай Lipkind Quartet. Ён вучыўся ў класе знакамітага педагога Эдуарда Кучынскага ў гімназіі-каледжы пры Беларускай акадэміі музыкі, а потым і ў самой акадэміі, далей прадоўжыў навучанне ў Венскім універсітэце музыкі ў класе прафесара Доры Шварцберг. А цяпер таленавіты скрыпач упершыню вернецца на радзіму з Германіі, каб падарыць дзіўны сольны вечар беларускім знатакам вялікай класікі.

Калі: 16 лістапада
Дзе: Мінск, канцэртная зала "Верхні горад"

"Тэатральны куфар"-2019 у Мінску

Адзін з самых уплывовых маладзёжных тэатральных форумаў ва Усходняй Еўропе збярэ творчыя калектывы з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Эстоніі, Непала і – упершыню – Інданезіі. Штогод у форуме прымаюць удзел каля 20 тэатраў з розных куткоў свету, 12 тысяч гледачоў прыходзяць атрымаць асалоду ад свежых эксперыментаў і крэатыўных пастановак. Да 15-годдзя "Тэатральны куфар" падышоў са званнем "Брэнд года" і сярэбраным медалём, а таксама вялікай колькасцю ўдзельнікаў: за ўсе гады на гістарычную сцэну Ліцэя БДУ выходзілі прадстаўнікі больш як 65 краін!

Калі: 18–25 лістапада
Дзе: Мінск, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт

XXXII Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі IFMC

Знакаміты віцебскі форум сучаснай харэаграфіі – IFMC – у гэтым сезоне збярэ артыстаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Бельгіі, Іспаніі, Нідэрландаў. У афішы фестывалю-2019 – "Ганна Карэніна" ад Вахтангаўскага тэатра, прэм'ера балета "Вій" у выкананні "Кіеў мадэрн-балета", танц-спектакль бельгійскага харэографа Яна Мартэнса Sweat Baby Sweat і аднаактовыя балеты "Лабірынт" і "Чалавек паветра" пермскага "Балета Яўгена Панфілава". На закрыцці гледачы ўбачаць лепшы спектакль форуму Tanzmesse-2018 у Дзюсельдорфе – OSKARA ў KUKAI DANTZA (Іспанія).

Калі: 18–23 лістапада
Дзе: Віцебск, КЗ "Віцебск"

Аркестр Глена Мілера ў Мінску

Пасля ашаламляльнага поспеху ў мінскай публікі ў 2015-м адзін з лепшых свінгавых аркестраў свету зноў вяртаецца ў Мінск. У рэпертуары калектыву – п’есы выдатных кампазітараў эпохі біг-бэндаў, якія стваралі свае творы ў 30-50-я гады ХХ стагоддзя. А на чале аркестра – знакаміты музыкант Віл Салдэн, які здолеў сабраць прафесійных мультыінструменталістаў з розных краін, маючых індывідуальны стыль выканання і такіх жа ўлюбёных у джаз, як і сам маэстра.

Калі: 19 лістапада
Дзе: КЗ "Мінск"

Юбілейны канцэрт Ігара Крутога ''У жыцці раз бывае 65!''

Творчы вечар Ігара Крутога – падзея, на якую з задавальненнем збіраюцца паклоннікі таленту кампазітара з розных краін і кантынентаў, Беларусь не выключэнне. Упершыню вечары такога фармату прайшлі ў1994 годзе, і з таго часу святочныя канцэрты сталі добрай традыцыяй. Для маэстра вельмі важна адзначаць дзень нараджэння ў асяроддзі гледачоў, калег і сяброў, каб музыка натхняла і прыносіла радасць. Таму сваё 65-годдзе Ігар Крутой адзначыць у Мінску вялікім музычным вечарам, у якім прымуць удзел Філіп Кіркораў, Ірына Алеграва, Мікалай Баскаў, Ані Лорак, Дзіма Білан, Жасмін, Дзімаш Кудайберген, Сяргей Лазараў…

Калі: 22 лістапада
Дзе: Мінск-Арэна

The Pink Floyd Show UK у Мінску

Легендарныя хіты групы Pink Floyd, прафесійная інтэграцыя відэаінсталяцый, гукавога і светлавога перформанса – гэта ўсё брытанскае трыб’ют-шоу The Pink Floyd Show UK. Сусветны тур Brick in the Wall прысвечаны 40-годдзю альбома The Wall, які быў запісаны ў 1979-м і разышоўся па свеце ў колькасці 23 млн копій, заняўшы 87-е месца ў спісе "500 выдатных альбомаў усіх часоў " паводле версіі часопіса Rolling Stones. Арганізатары мінскага шоу рыхтуюць сюрпрыз: у новым туры прыме ўдзел спявачка з арыгінальнага складу групы Pink Floyd Дурга Макбрум, якая ўдзельнічала ў запісе 4 альбомаў: Delicate Sound Of Thunder, The Division Bell, Pulse і The Endless River.
 
Калі: 23 лістапада
Дзе: Мінск, Prime Hall

Фестываль усходнеазіяцкай культуры EW14

Фестываль сучаснай усходнеазіяцкай культуры ўжо 14 гадоў збірае паклоннікаў коміксаў, камп’ютарных гульняў, вулічнай моды, музыкі і іншых сучасных напрамкаў, папулярных у Японіі, Карэі, Кітаі… Удзельнікам фэсту EW14 трэба будзе паказаць майстэрства пераўвасаблення: галоўным акцэнтам з’яўляеццакасплэй – касцюміраванае выступленне, у час якога кожны канкурсант стараецца максімальна дакладна перадаць вобраз і характар свайго персанажа. У праграме – дэфіле, песенныя і танцавальныя каверы, сцэнічныя пастаноўкі і мініяцюры, выставы малюнкаў, фатаграфій, інсталяцый з шарнірнымі лялькамі.

Калі: 23 лістапада
Дзе: Мінск, гарадскі Палац культуры

Міжнародны джазавы фестываль JAZZinMINSK-2019

Міжнародны фестываль, арганізаваны Яўгенам Уладзіміравым, ужо восьмы раз напоўніць беларускую сталіцу гукамі джаза. Арганізатары JAZZinMINSK-2019 запрашаюць аматараў імправізацый атрымаць асалоду ад сустрэч з лепшымі музыкантамі  з ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Нідэрландаў, Расіі і Латвіі. Адкрыюць вечары замежныя госці: упершыню на беларускай сцэне выступіць легендарны саксафаніст Джэсі Дэвіс (Нью-Ёрк) і лэдзі вакальнага джаза Ава Цімба (Парыж) у суправаджэнні Аnderson-trio (Лондан-Рыга), якія выканаюць шэдэўры джаза XX-XXI стагоддзяў.

Калі: 28 лістапада – 30 снежня
Дзе: Мінск, Палац Рэспублікі, Палац прафсаюзаў

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі