Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

29 Стд 2021

Каляндар падзей у Беларусі: ЛЮТЫ 2021

Каляндар падзей у Беларусі: ЛЮТЫ 2021

Сябры! Жыццё вымушае ўносіць карэктывы і ў тыя падзеі, пра якія кожны месяц расказвае каляндар Belarus.by. Успышка каранавіруса ў Еўропе і свеце выклікала закрыццё граніц дзяржаў, абмежаванне міжнароднага перамяшчэння, перанос і адмену масавых мерапрыемстваў. І вядома, самі людзі цяпер гатовы пачакаць з паездкамі, паходамі і забавамі, каб засцерагчы ад небяспекі сябе і блізкіх.

Беларусь сёння прымае ўсе неабходныя меры, каб не дапусціць распаўсюджвання інфекцыі. Краіна не ўвяла жорсткія абмежаванні на перамяшчэнне, аднак заклікае КОЖНАГА ЧАЛАВЕКА праяўляць асаблівую асцярожнасць, выконваць рэкамендацыі СААЗ і ўрачоў, вельмі строга захоўваць правілы асабістай гігіены, а галоўнае – беражліва ставіцца адзін да аднаго. У выпадку прыезду з эпідэміялагічна нестабільных рэгіёнаў і краін, пры самым малым падазрэнні на пагаршэнне самаадчування неабходна звярнуцца да медыкаў і, вядома ж, як мага хутчэй самаізалявацца, каб не стаць разносчыкам любой інфекцыі (не толькі каранавіруса)!

У гэтай сітуацыі адбываюцца адмены і пераносы вялікіх мерапрыемстваў, таму просім загаддзя ўдакладняць інфармацыю. Як анансуюць арганізатары, білеты на ўсе перанесеныя падзеі будуць сапраўдныя. І помніце: галоўнае – быць здаровымі!

Выстаўка "Скарбонка памяці" ў Лошыцкай сядзібе

"Скарбонку памяці" адкрые для наведвальнікаў унікальны выставачны праект у залах сталічнага музея "Лошыцкая сядзіба". Тут прадстаўлена звыш 500 прадметаў народнага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва - разьбы па дрэве, ганчарнай і кавальскай справы, ткацтва, роспісу, пляцення з прыродных матэрыялаў і г.д. Артэфакты сабраны вядомым беларускім этнографам Яўгенам Сахутам у час экспедыцый па краіне. Саламяныя коні, чаплі і буслы, декарыраваны драўляны і керамічны посуд, калекцыя тэкстыльных і фарфоравых лялек, самабытная выцінанка, вышытыя і тканыя вырабы са старадаўнімі геаметрычнымі ўзорамі – усе прадметы ўражваюць гасцей сваёй першабытнай суровасцю, прастатой і сілай формы.

Калі: 23 мая 2020 – 28 лютага 2021 
Дзе: музей "Лошыцкая сядзіба", Мінск, пр. Чыжэўскіх, 8

Праект "Рарытэты Нацыянальнага гістарычнага музея" ў Мінску

Нацыянальны гістарычны музей запрашае мінчан і гасцей сталіцы ўбачыць рарытэты са сваіх фондаў... на адкрытым паветры. Незвычайная выстава, якая расказвае аб унікальнасці беларускай нацыі і яе гістарычнай спадчыне, з пачатку чэрвеня будзе прадстаўлена на агароджы Парка культуры і адпачынку імя Чалюскінцаў (праспект Незалежнасці). 70 фотабанераў пакажуць наведвальнікам каштоўнасці з розных эпох – манеты, зброю, нацыянальны касцюм, прадметы рэлігійнага культу, творы выяўленчага мастацтва, народныя промыслы і рамёствы, кнігі, каштоўныя металы, узнагароды, музычныя інструменты і многае іншае. Свой уклад у гэту экспазіцыю ўнеслі ўсе 5 філіялаў Нацыянальнага гістарычнага – Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці, Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі, Дом-музей I з'езда РСДРП, Музей гісторыі беларускага кіно, Музей прыроды і экалогіі.

Калі: 2 чэрвеня 2020 – 1 чэрвеня 2021
Дзе: агароджа Парка культуры і адпачынку імя Чалюскінцаў, пр. Незалежнасці, Мінск
Даведацца больш

Выстава прадметаў яўрэйскай культуры "Тутэйшы Іерусалім" у Мінску

Зазірнуць у тыповы яўрэйскі дом і азнаёміцца з традыцыямі гэтага народа ў XVІІІ–ХХ стагоддзях па прадметах побыту прапануе выстава "Тутэйшы Іерусалім". У экспазіцыі прадстаўлены рарытэты з прыватнай калекцыі Ігара Сурмачэўскага, самы каштоўны з якіх – кніга-гербарый з травамі і кветкамі Іерусаліма 1890 года. Менавіта такія сувеніры прывозілі з сабой паломнікі са Святой Зямлі. Асновай калекцыі з'яўляюцца сярэбраныя келіхі (усяго іх каля сотні), з дапамогай якіх праводзілі абрад кідуша ў дамах і сінагогах. Цікава, што беларускія кідушы ўпрыгожваюць выявы гарадскога пейзажу – "тутэйшага", выдуманага Іерусаліма – менавіта гэта з'яўляецца асаблівасцю нашых зямель. Асобная ўвага ўдзяляецца бытавой культуры мінскіх яўрэяў: тут можна ўбачыць кухню, медны посуд, а таксама інсталяцыю інтэр'ера.

Калі: 16 снежня 2020 – 28 лютага 2021
Дзе: Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, пл. Свабоды, 15, Мінск

Выстава беларускага мастака Генадзя Козела "Blend of times"

Адзін з самых яскравых каларыстаў у стылі мадэрн Генадзь Козел вядомы не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. З яго творчасцю знаёмы гледачы Германіі, Расіі, ЗША, Францыі. У сталічнай галерэі ДК майстар прадставіць асаблівы свет, які ён стварыў на сваіх палотнах за апошнія 5 гадоў. Праект "Blend of times" з'яўляецца адлюстраваннем жыццёвага вопыту мастака, дзе палатно аб'ядноўвае розныя часавыя пласты. Карціна ж – гэта спроба знайсці свой унутраны стан і паказаць яго праз прызму жывапісу.

Калі: 27 студзеня – 13 лютага
Дзе: галерэя ДК, вул. Герцэна, 2а, Мінск

Сольны канцэрт Аксаны Волкавай у Вялікім тэатры Беларусі

Заслужаная артыстка Беларусі Аксана Волкава ў 2017-м дэбютавала ў "Метраполітэн-опера", а сёння выступае на прэстыжных пляцоўках Расіі, Еўропы, Лацінскай Амерыкі. У снежні прыма Вялікага тэатра рэалізавала рэжысёрскі праект Recordare: канцэрт прайшоў сумесна з уладальніцай тытула "Спявачка сусвету-2015" Надзеяй Кучар і пераможцам конкурсу Operalia Пласіда Дамінга ў Лісабоне Паўлам Пятровым. На гэты раз оперная дзіва падрыхтавала для паклоннікаў новы сюрпрыз – сольны канцэрт у суправаджэнні музыкантаў Юліі Шчарбаковай (фартэпіяна), Кацярыны Жураўлёвай (арфа) і Аляксея Афанасьева (віяланчэль). У праграме вечара – цыкл Марка Мінкова "Плач гітары" і музыка французскіх кампазітараў.

Калі: 3 лютага
Дзе: Вялікі тэатр Беларусі, пл. Парыжскай Камуны, 1, Мінск

Фінал спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне "Снежны снайпер"

Адзін з самых маштабных біятлонных турніраў у Беларусі і Усходняй Еўропе – "Снежны снайпер" – традыцыйна збірае самых меткіх і хуткіх спартсменаў ва ўзросце ад 11 да 17 гадоў. 14-ы раз спаборніцтвы стартавалі па ўсёй Беларусі, а пасля завяршэння адборачных тураў у рэгіёнах мацнейшыя ў асабістым і камандным заліках прыедуць заваёўваць лыжную трасу ў знакамітых "Раўбічах". Праграма фінальных спаборніцтваў уключае індывідуальныя гонкі на дыстанцыях 1,8 км, 2,4 км і 3 км з двума агнявымі рубяжамі, а таксама эстафетныя гонкі.

Калі: 8–14 лютага
Дзе: Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту "Раўбічы"

"Мелодыі яўрэйскай душы": "М-Клезмер бэнд" у Мінску

"Мелодыія ўрэйскай душы" прагучаць у выкананні таленавітага музыканта і дырыжора, стваральніка камернага аркестра "Мінск-Класік" Максіма Расохі і салістаў "М-Клезмер бэнда", сярод якіх Віктар Пузыня (кларнет), Ангеліна Белановіч (сапрана) і Алег Яцына (скрыпка). Зусім невялікі ансамбль інструментаў – скрыпка, кларнет, акардэон, гітара, кантрабас і ўдарныя – перададуць усю разнастайнасць народнай клезмерскай музыкі ад "плачу скрыпкі" да гарачага "фрэйлехса". Вечар упрыгожаць папулярныя мелодыі "Хава Нагіла", "Чырыбім", "Сем сорак"…

Калі: 10 лютага
Дзе: КЗ "Верхні горад", пл. Свабоды, 23а, Мінск 

Прэм’ера ў Вялікім тэатры: опера "Пінокіа"

Адной з самых чаканых прэм’ер беларускага Вялікага ў гэтым сезоне стала опера "Пінокіа". З моманту першага паказу ў 2008 годзе шэдэўр Глорыі Бруні ўжо прагучаў у Неапалі, Парме, Лондане і іншых гарадах Еўропы. Мінск далучыўся да "марафону", прэзентаваўшы спектакль да зімовых канікулаў. Сцэнічным увасабленнем знакамітай гісторыі займалася згуртаваная каманда – дырыжор Уладзімір Авадок, рэжысёр Наталля Бараноўская і мастак Любоў Сідзельнікава. Для пастаноўшчыка гэта рэжысёрскі дэбют. Паводле слоў Наталлі Бараноўскай, "гісторыя аб драўлянай ляльцы, якая стала чалавекам, па-ранейшаму актуальна, бо мы ўсе робім памылкі, але, выпраўляючы іх, расцём…"

Калі: 13 лютага
Дзе: Вялікі тэатр Беларусі, пл. Парыжскай Камуны, 1, Мінск

Канцэрт J:МОРС у Мінску

Прэзентацыю новага альбома "Здравствуй" вядомая беларуская група J:МОРС падрыхтавала паклоннікам да 14 лютага. Сама пласцінка – 9-я ў калекцыі музыкантаў – была выпушчана ў пачатку лістапада 2020-га пасля пяцігадовага перапынку. У альбом увайшлі 11 песень і два бонусныя трэкі. "Калі развеецца дым і асядзе попел, мы ўсё роўна застанёмся людзьмі, якія любяць, адчуваюць, пакутуюць, спадзяюцца. Нашы песні пра гэта. Менавіта цяпер важна нагадаць, даць адчуць, як гэта – зведваць простыя чалавечыя эмоцыі. І калі вы ўловіце ў якой-небудзь з песень сваю гісторыю, пазнаеце сябе, то мы будзем шчаслівыя", – падзяліўся лідар групы Уладзімір Пугач.

Калі: 14 лютага, 18:00
Дзе: Prime Hall, пр. Пераможцаў, 65, Мінск

Гала-канцэрт зорак Вялікага тэатра Беларусі

Вялікі тэатр Беларусі адпраўляецца на гастролі ў рэгіёны: на сцэне Барысава выступяць новыя імёны беларускай оперы і балета. Маладыя салісты прадставяць лепшыя партыі вакальнай і балетнай класікі, а таксама хіты рускай і замежнай музыкі ХХ стагоддзя.

Калі: 17 лютага
Дзе: ПК імя Горкага, пр. Рэвалюцыі, 49, Барысаў

Morricone. Rota. Mancini: сімфанічны канцэрт у Гомелі

Праект аўтара ідэі, стваральніка і галоўнага дырыжора Гомельскага сімфанічнага аркестра Мурада Асуіла "Ennio Morricone & Nino Rita" пашырае рэпертуарныя межы і на гэты раз прадставіць аматарам класікі творы кампазітара Генры Манчыні, які за сваю творчую кар'еру напісаў музыку амаль да 500 фільмаў і тэлесерыялаў і выпусціў 90 альбомаў. У праграму вечара ўвайшлі творы трох сусветна вядомых італьянцаў – геніяльных аўтараў саўндтрэкаў, якія назаўсёды ўвайшлі ў гісторыю сусветнага кінематографа. У выкананні аркестра Мурада Асуіла прагучыць музыка з такіх карцін як "Хросны бацька", "Рамэа і Джульета", "Аднойчы ў Амерыцы", "Добры, дрэнны, злы", "Місія".

Калі: 18 лютага, 18.30
Дзе: Гомельскі абласны драматычны тэатр, вул. Леніна, д. 1, Гомель

"Востраў жаданняў" у Белдзяржцырку

Новую праграму да вясны прадставіць Белдзяржцырк: цяпер гледачы змогуць адправіцца ў займальнае падарожжа на "Востраў жаданняў". Стваральнікі прэм'еры ўпэўнены, што цыркавы манеж таксама з'яўляецца казачным востравам, дзе самыя запаветныя мары становяцца рэальнасцю. У праграме выступяць паветраныя гімнасты, эквілібрысты, акрабаты, клоўны, жанглёр, а таксама дрэсіраваныя поні і коні, забаўныя тхары і вясёлыя сабачкі. Акрамя таго, у фае цырка разгорнуцца экспазіцыя "Цыркавое рандэву" і займальная фотазона, дзе кожны жадаючы зможа паспрабаваць сябе ў ролі цыркавога гімнаста, клоўна і нават ільва.

Калі: 20 лютага – 4 красавіка
Дзе: Беларускі дзяржаўны цырк, пр. Незалежнасці, 32, Мінск

''...Святая да Музыкі Любоў...": сапрана Гаар Акапян (Арменія) у Мінску

Пасля шэрага паспяховых сольных канцэртаў оперная спявачка Гаар Акапян вяртаецца ў беларускую сталіцу з новай праграмай. ''...Святая да Музыкі Любоў..." аб'яднала творы з сусветнага рэпертуару. Пад чароўнае сапрана гледачы акунуцца ў свет вялікіх кампазітараў і пачуюць мелодыі, якія прымушалі ў розныя эпохі перажываць аматараў высокага мастацтва. Беларускую публіку Гаар парадуе арыямі з твораў В. Беліні, Дж. Пучыні, Г. Даніцэці, Ф. Шуберта, П. Чайкоўскага, Ф. Пуленка, А. Бабаджаняна…

Калі: 27 лютага
Дзе: КЗ "Верхні горад", пл. Свабоды, 23а, Мінск

Minsk Ski Cup 2021

Кульмінацыя зімовага сезону 2020/2021 адбудзецца ў заключны ўік-энд лютага. На галоўнай трасе Мінска – у мікрараёне Вяснянка – разгорнецца лыжная гонка свабодным стылем сярод аматараў зімовых відаў спорту. У праграме спартыўнага свята – індывідуальныя гонкі на 5 км, 25 км, а таксама дзіцячыя старты. У суботу – 27 лютага – пройдзе рэгістрацыя ўдзельнікаў і агляд лыжнай трасы, а на наступны дзень пройдуць спаборніцтвы і цырымоніі ўзнагароджання.

Калі: 28 лютага
Дзе: лыжаролерная траса, Вяснянка, Мінск

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі