Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

29 Кст 2021

Каляндар падзей у Беларусі: ЛIСТАПАД 2021

Каляндар падзей у Беларусі: ЛIСТАПАД 2021

Сябры! Жыццё вымушае ўносіць карэктывы і ў тыя падзеі, пра якія кожны месяц расказвае каляндар Belarus.by. Успышка каранавіруса ў Еўропе і свеце выклікала закрыццё граніц дзяржаў, абмежаванне міжнароднага перамяшчэння, перанос і адмену масавых мерапрыемстваў. І вядома, самі людзі цяпер гатовы пачакаць з паездкамі, паходамі і забавамі, каб засцерагчы ад небяспекі сябе і блізкіх.

Беларусь сёння прымае ўсе неабходныя меры, каб не дапусціць распаўсюджвання інфекцыі. Краіна не ўвяла жорсткія абмежаванні на перамяшчэнне, аднак заклікае КОЖНАГА ЧАЛАВЕКА праяўляць асаблівую асцярожнасць, выконваць рэкамендацыі СААЗ і ўрачоў, вельмі строга захоўваць правілы асабістай гігіены, а галоўнае – беражліва ставіцца адзін да аднаго. У выпадку прыезду з эпідэміялагічна нестабільных рэгіёнаў і краін, пры самым малым падазрэнні на пагаршэнне самаадчування неабходна звярнуцца да медыкаў і, вядома ж, як мага хутчэй самаізалявацца, каб не стаць разносчыкам любой інфекцыі (не толькі каранавіруса)!

У гэтай сітуацыі адбываюцца адмены і пераносы вялікіх мерапрыемстваў, таму просім загаддзя ўдакладняць інфармацыю. Як анансуюць арганізатары, білеты на ўсе перанесеныя падзеі будуць сапраўдныя. І помніце: галоўнае – быць здаровымі!

Выстава "Тадэвуш Касцюшка як мастак"

4 лютага споўнілася 275 гадоў з дня нараджэння нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы і ЗША Тадэвуша Касцюшкі. У гэты дзень на малой радзіме выдатнага ваеннага і палітычнага дзеяча – у мемарыяльным музеі-сядзібе ва ўрочышчы Мерачоўшчына горада Косава – разгарнулася ўнікальная выстава-праект, якая раскрывае знакамітага генерала ў творчай іпастасі. Наведвальнікі могуць убачыць 16 рэпрадукцый работ Касцюшкі, выкананых ім у розныя перыяды жыцця. Тут прадстаўлены і першыя палотны – пераважна копіі работ іншых мастакоў, зробленыя ў час вучобы ў Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры ў Францыі, і рэплікі карцін больш позняга перыяду. Нягледзячы на тое, што Тадэвуш Касцюшка звязаў жыццё з ваеннай справай, ён прадаўжаў займацца жывапісам і пасля паўстання 1794 года, а ў Амерыцы набыў славу партрэтыста.

Калі: 4 лютага – 31 снежня
Дзе: Мемарыяльны музей-сядзіба імя Тадэвуша Касцюшкі, Брэсцкая вобласць, Іванаўскі раён, Косава, вул. Т.Касцюшкі, 108
Даведацца падрабязней

Выстава "Мастак і горад" у Мінску

Праект "Мастак і горад" адкрыў 10-ы сезон, атрымаўшы прапіску на Камсамольскай вуліцы, аднак не страціў сваю місію – знаёміць мінчан і гасцей сталіцы з лепшымі прадстаўнікамі сучаснага беларускага мастацтва. На гэты раз у фокусе ўвагі open air выставы – творчасць знакамітага мастака-пейзажыста – Леаніда Шчамялёва. У студзені 2021-га народнага мастака не стала, але яго творы будуць жыць. Карціны захоўваюцца ў многіх музеях, у тым ліку Нацыянальным мастацкім і абласных краязнаўчых. Госці мінскай галерэі пад адкрытым небам азнаёмяцца з гісторыяй стварэння пейзажаў і палотнаў, прысвечаных малой радзіме аўтара, пры дапамозе аўдыягіда.

Калі: з 28 мая
Дзе: бульвар па вул. Камсамольскай, Мінск

"Сто мінут вакол свету" ў Белдзяржцырку

Прыгодніцкая праграма адкрые асенні сезон-2021 у Белдзяржцырку: гледачам прапануюць правесці "Сто мінут вакол свету". Не пакідаючы меж беларускай сталіцы, гледачы акунуцца ў атмасферу кругасветнага падарожжа, дзе на кожным кроку іх чакаюць новыя ўражанні, хвалюючыя сустрэчы і падзеі, каларытныя персанажы. Гасцей чакае знаёмства з амерыканскімі каўбоямі на конях, канадскімі пумамі, з велічнымі караблямі пустыні вярблюдамі і свавольнымі ламамі, гарэзлівымі поні, віртуознымі гімнастамі і акрабатамі.

Калі: 18 верасня - 5 снежня
Дзе: Беларускі дзяржаўны цырк, пр. Незалежнасці, 32, Мінск

Італьянскія шэдэўры з калекцыі НММ: выстава "Ёсць дзіўны край..."

Адправіцца ў маляўнічы ваяж па вядомых мясцінах Італіі запрашаюць куратары выставы "Ёсць дзіўны край...". Італія – калыска Адраджэння і галоўны "музей" свету – уваходзіла ў маршрут гран-туру – падарожжа, якое рабілі ў адукацыйных мэтах сыны еўрапейскіх арыстакратаў і багатых буржуа. Тынтарэта, Караваджа, Дзанкі, Малінары... У экспазіцыі прадстаўлены творы італьянскіх майстроў XVI–XX стагоддзяў, у тым ліку ўнікальныя ўзоры, напрыклад, "Міфалагічны сюжэт" ("Музыканты") Джыралама Тропы і "Мадонна з дзіцем", што прыпісваецца прадстаўніку балонскай школы XVII стагоддзя Джавані Франчэска Барб'еры. Агульную панараму дапаўняюць гравюры XVIII – першай паловы XIX стст. і скульптуры выдатных майстроў XIX ст. – Джавані Андэрліні, Энрыка Брага, Эрнеста Эрметэ Гацэры.

Калі: 22 верасня – 21 лістапада
Дзе: Нацыянальны мастацкі музей, вуліца Леніна, 20, Мінск

Праграма "Магія лікаў" у Музеі музыкі ў Мінску

Музычна-пазнавальнае шоу "Магія лікаў" – унікальнае падарожжа ў гукі начнога Музея музыкі. У другой серыі вечароў – а першая прайшла ў жніўні 2021-га – наведвальнікаў чакае акунанне ў містычную атмасферу, разбор матэматычных і акустычных формул, расказ пра сярэдневяковага "Вітрувіянскага чалавека" Леанарда Да Вінчы, залатое сячэнне, законы фізікі і матэматыкі і сувязі ўсяго гэтага з музычнымі інструментамі. Прадоўжыць незвычайны вечар інтэрактыўнае знаёмства з экспанатамі, а таксама чаяпіцце – травяны чай, прыгатаваны па спецыяльным рэцэпце. Завершыць праграму арыгінальнага шоу квест-гульня "Магія музыкі і лікаў".

Калі: 29 кастрычніка, 20.20
Дзе: інтэрактыўны Музей музыкі, вул. Кірылы і Мяфодзія, 8, Мінск

Міжнародны фестываль журавін-2021

Восень на поўдні Брэсцкай вобласці – гарачая пара. Менавіта цяпер на тутэйшых балотах, а таксама залітых вадой і ўкрытых ярка-чырвоным ягадным "дываном" палях збіраюць рэкордныя ў Еўропе ўраджаі журавін. І праводзяць тэматычны фестываль! Чакаецца, што свята, прысвечанае адной з самых карысных асенніх ягад, у гэтым годзе збярэ дэлегацыі з некалькіх краін. У праграме – кірмаш-дэгустацыя "Журавінавы дэсерт", выстаўка прыстасаванняў для збору ягад і сродкаў перамяшчэння па балоце "У журавіны ўсёй сям'ёй", паказальныя выступленні ратавальнікаў і сустрэчы з вопытнымі турыстамі, якія раскажуць, як дзейнічаць, калі заблукаў у лесе або на балоце. Таксама адбудзецца ўзнагароджванне лепшых збіральнікаў і нарыхтоўшчыкаў журавін, лепшых работнікаў лясной гаспадаркі, а таксама падвядзенне вынікаў трох міжнародных конкурсаў.

Калі: 4 лістапада (8.00–17.00)
Дзе: в. Альманы, Столінскі раён, Брэсцкая вобласць

XXVI Міжнародны фестываль арганнай музыкі "Званы Сафіі"

Знакаміты фестываль арганнай музыкі "Званы Сафіі"-2021 збярэ ў старажытным Полацку лепшых музыкантаў з Беларусі і Расіі. Першым (7 лістапада) пад купалам Сафіі выступіць Санкт-Пецярбургскі канцэртны дуэт "Фантазіі аб любві": ва ўверцюры да форуму прагучаць творы Крэйслера, Баха, Сцюарта, Борна, Карг-Элерта. Права адкрыць 26-ы па ліку фестываль на Дзвіне прадастаўлена вядомай беларускай арганістцы Ксеніі Пагарэлай, якая выступіць 14 лістапада ў суправаджэнні камернага аркестра "Еўропа-Цэнтр" пад кіраўніцтвам Раіля Садыкава. Далей у праграме форуму чакаецца сольны вечар беларускі Кацярыны Нікалаевай (21 лістапада), а таксама канцэрт Аляксея (арган) і Алісы (сапрана) Гіцбаў з Расіі, якія 28 лістапада выканаюць творы Баха, Танеева, Бубека, Шмітава.

Калі: 7–28 лістапада
Дзе: Сафійскі сабор, вул. Замкавая, 1, Полацк, Віцебская вобласць

Маскоўскі сучасны мастацкі тэатр: спектакль "Ганна Карэніна"

Маскоўскі сучасны мастацкі тэатр пакажа ў Мінску спектакль "Ганна Карэніна" – сваю версію пастаноўкі аб сем'ях, "шчаслівых аднолькава і няшчасных па-рознаму". У ролях – народны артыст Расіі Уладзімір Сцяклоў, заслужаная артыстка Расіі Людміла Татарава-Джыгурда, артысты драматычнага тэатра і кіно Святлана Клаус, Дзмітрый Мазураў, Міхаіл Паўлік, Аляксей Жукоўскі.

Калі: 8 лістапада
Дзе: Цэнтральны Дом афіцэраў, вул. Чырвонаармейская, 3, Мінск

Прэм'ера ў Вялікім тэатры: "Дзікае паляванне караля Стаха"

Прэм'ера опернага спектакля паводле рамана выдатнага беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча адкрые 89-ы сезон у Вялікім тэатры. Упершыню нацыянальная класіка прагучала на галоўнай сцэне ў 1989 годзе, калі над пастаноўкай працавалі Уладзімір Солтан і музычны кіраўнік Яраслаў Вашчак. У 1990-м творчы тандэм і выканаўцы галоўных роляў - Наталля Кастэнка, Віктар Скорабагатаў і Уладзімір Экнадыёсаў - былі ўдастоены Дзяржаўнай прэміі БССР. У новым прачытанні спектакль прэзентавала рэжысёр Ганна Маторная. Старадаўнія замкі, гадзіннікі як ідэя адыходзячага часу, шахматы як лейтматыў вечнай гульні, колеры і вобразы слуцкіх паясоў, дэкарацыі, якія адсылаюць да абразоў XV-XVI стагоддзяў - усё гэта стала сімваламі, напоўненымі асаблівым сэнсам, важным для разумення задумы пастаноўкі.

Калі: 9 лістапада
Дзе: Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета, пл. Парыжскай Камуны, 1, Мінск
Даведацца падрабязней

Аляксандр Балдачоў і струнны аркестр "Метамарфоза" ў Мінску

Чароўны голас арфы Аляксандра Балдачова загучыць у Мінску ў суправаджэнні струннага аркестра "Метамарфоза" пад кіраўніцтвам Паўла Любамудрава. Юны пецярбуржац пачаў кар'еру ў 5 гадоў, адукацыю атрымаў у Цюрыхскай акадэміі мастацтваў і сёння з'яўляецца лаўрэатам больш як 10 міжнародных конкурсаў. У 2018 годзе ён напісаў і выканаў віртуознае сола на электроннай арфе, выступіўшы на адкрыцці чэмпіянату свету па футболе сумесна з Робі Уільямсам і Аідай Гарыфулінай. А ў 2020-м адзначыў 30-годдзе дэбютам у нью-ёркскім Карнегі-холе. У праграме вечара – канцэрт для арфы і струнных, опус 267 Алана Хаванеса, Два танцы для арфы і струннага аркестра (Свяшчэнны і Свецкі) Клода Дэбюсі, "Зорныя войны" Джона Уільямса, папуры на музыку Мікаэла Тарывердыева, Альфрэда Шнітке, Ісаака Шварца.

Калі: 11 лістапада
Дзе: Вялікая зала, Беларуская дзяржаўная філармонія, пр. Незалежнасці, 50, Мінск

Video Game Symphony.Vol. 2: музыка камп'ютарных гульняў

Другая частка праекта Video Game Symphony прадставіць калекцыю з трэкаў для камп'ютарных гульняў у выкананні сімфанічнага аркестра і хору. Прэм'ерны канцэрт адбыўся ў беларускай сталіцы ў красавіку 2021-га і стаў сапраўднай сенсацыяй як для экспертаў, так і для слухачоў. У новай праграме знатакі арыгінальных шоу пачуюць саўндтрэкі да самых папулярных відэагульняў: World of Warcraft, Final Fantasy, Battlefield, World of Tanks, Sonic, Mortal Kombat, Heroes of Might and Magic V, Starcraft, Assassin`s Creed, Super Smash Bros., Metal Gear Solid 2, Witcher... Асаблівы каларыт надасць спецыяльны госць – хор Polifonica, які з'яўляецца лаўрэатам міжнародных конкурсаў у Японіі, Партугаліі, Вялікабрытаніі і іншых краінах. У рамках гастроляў калектыў выступае на лепшых пляцоўках Еўропы і Азіі і з'яўляецца ўдзельнікам міжнародных творчых праектаў, якія праводзяцца пры падтрымцы UNICEF і ААН.

Калі: 11 лістапада
Дзе: КЗ "Мінск", вул. Кастрычніцкая, 5, Мінск

Effie Awards Belarus 2021

Effie Awards – адна з прэстыжных прэмій у галіне маркетынгу, якая з 1968 года прысуджаецца за эфектыўныя маркетынгавыя рашэнні ў больш як 50 краінах свету і з'яўляецца "залатым стандартам" у гэтай індустрыі. Effie Awards Belarus збярэ прадстаўнікоў розных сфер эканомікі, у тым ліку банкаўскай, FMCG, фармацэўтычных кампаній, рытэйлу, e-commerce IT, кіраўнікоў прадпрыемстваў, маркетолагаў прадпрыемстваў, менеджараў рэкламнай і крэатыўнай індустрыі. Удзельнікі мінскай канферэнцыі абмяркуюць важнейшыя тэндэнцыі, якія аказваюць уплыў на эфектыўнасць маркетынгу ў эпоху пандэміі, сярод якіх – лічбавізацыя, злучэнне навукі і прыкладных тэхналогій, актуальны практычны вопыт. Акрамя дзелавой праграмы і майстар-класаў ад гасцей, адбудзецца цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў Effie Awards Belarus 2021 Gala.

Калі: 18 лістапада
Дзе: Minsk Marriott Hotel, пр. Пераможцаў, 20, Мінск

II Рэспубліканскі гастрафэст "Краіны свету"

Утульную атмасферу і гастранамічнае задавальненне падораць сваім гасцям дзясяткі рэстаранаў і кафэ ў Мінску і ўсіх абласных цэнтрах краіны. Ужо любімы многімі фестываль смачнай ежы Gastrofest, як заўсёды, прапануе арыгінальныя сэты па фіксаванай цане. Тэматыка другога Рэспубліканскага гастрафэсту - "Краіны свету", бо, як адзначаюць арганізатары, у пандэмійны час людзі засумавалі па падарожжах. Лепшыя стравы з розных куткоў планеты, незвычайныя прадукты, аўтарская падача і іншыя сюрпрызы дапамогуць выдатна правесці час і памарыць пра будучыя паездкі. Зразумела, выкананне проціэпідэмічных правіл абавязкова.

Калі: 18 лістапада – 5 снежня
Дзе: Мінск і абласныя цэнтры Беларусі

Міжнародны фестываль мастацтваў Gomel Fest 2021

Міжнародны фестываль мастацтваў Gomel Fest адбудзецца ў горадзе на Сожы ўжо трэці раз і аб'яднае мастакоў, вакалістаў, танцораў, музыкантаў і тэатральныя калектывы з Беларусі і замежжа. З-за эпідэміялагічнай абстаноўкі творчы форум пройдзе ў вочным і дыстанцыйным фарматах, што пашырыць колькасць удзельнікаў да 3,5 тысячы! Канкурсанты ва ўзросце ад трох гадоў прадэманструюць майстэрства ў пяці намінацыях – вакал, харэаграфія, інструментальная, тэатральная і выяўленчая творчасць. Нумары, якія атрымалі найвышэйшыя балы ад міжнароднага журы, будуць прадстаўлены ў гала-канцэрце, дзе і вызначыцца ўладальнік Гран-пры фестывалю.

Калі: 18–21 лістапада
Дзе: Гомельскі гарадскі цэнтр культуры, вул. Ірынінская, 16, Гомель
Даведацца падрабязней

Кірыл Рыхтэр з аркестрам у Мінску

Аднаго з папулярных расійскіх музыкантаў – піяніста і кампазітара Кірыла Рыхтэра – лічаць прадстаўніком неакласікі, хоць сам ён спрачаецца з такім азначэннем. Яго кар'ера развіваецца з касмічнай хуткасцю, а дыяпазон творчых работ – ад твораў для фартэпіяна да саўндтрэкаў для артхаусных драм, фантастычных блокбастараў і нават тэмы чэмпіянату свету па футболе-2018. У беларускай сталіцы ў выкананні Кірыла Рыхтэра, Richter Trio (Алёна Зіноўева і Аўгуст Крапак) і сімфанічнага аркестра прагучаць галоўныя тэмы з шэдэўраў сусветнага балета "Распуцін", "Боская камедыя" і інш., напісаныя спецыяльна да праграмы знакамітага танцоўшчыка Сяргея Палуніна. Прыемным дадаткам да праграмы вечара стануць кампазіцыі з яго апошняга альбома CHRONOS.

Калі: 19 лістапада
Дзе: Палац Рэспублікі, пл. Кастрычніцкая, 1, Мінск

XXVII Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад"

Буйнейшы кінафорум краіны пасля гадавога перапынку адкрые 27-ы сезон, каб прадставіць беларускаму гледачу лепшыя дасягненні сусветнага кінематографа. У бягучым годзе яго арганізацыяй займаецца Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм". Конкурсная праграма ММКФ-2021 уключае: асноўныя конкурсы ігравога і дакументальнага кіно, конкурс маладзёжнага кіно "Кіно маладых", конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі "Лістападзік". Таксама знатакі cinema ўбачаць работы кінакампаній-партнёраў "Беларусьфільма" ў пазаконкурснай праграме "Кіно сяброў", рэтраспектыўныя паказы, прысвечаныя 85-годдзю выдатнага рэжысёра народнага артыста СССР і БССР Віктара Турава. Акрамя таго, адбудуцца мерапрыемствы, прысвечаныя 80-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны і 50-годдзю беларускай анімацыі.

Калі: 20–26 лістапада
Дзе: кінатэатры Беларусі
Даведацца падрабязней

IX Міжнародны фестываль JazzinMINSK 2021

Міжнародны фестываль JazzinMINSK 2021 збярэ ў беларускай сталіцы джазавых зорак з ЗША, Расіі, Латвіі і Італіі. Хэдлайнерам 9-га па ліку сезона стане легенда Black country саліст бэнда Джэймса Браўна саксафаніст Уолда Уэзерс.

Праграма фестывалю:

25 лістапада, 19.00, 26 лістапада, 20.00 – лаўрэат Grammy, саліст легендарнага Jazz Messengers Жан Тусэн (ЗША) прадставіць рэтраспектыву шэдэўраў нью-ёркскага джаза 1950-70-х; Гэры Дэтройт Уігінс (ЗША) & Мікеле Дзі Тора Jazz-Trio (Італія);

26 лістапада, 19.00, 27 лістапада, 20.00 – гітарыст і вакаліст Майк Расэл (ЗША), Доры Лін Лайлз (ЗША) & Rigas Jazz Quartet (Латвія);

27 лістапада, 19.00, 28 лістапада, 20.00 – Эб Дэвіс (ЗША), Інгрыд Артур (ЗША) & Moscow Jazz Quartet (Расія).

Калі: 25–28 лістапада
Дзе: Палац Прафсаюзаў, Джаз-Клуб (Палац Рэспублікі), пл. Кастрычніцкая, Мінск

Дзяржаўны ансамбль "ПЕСНЯРЫ": канцэрт-прысвячэнне Уладзіміру Мулявіну

У 2021 годзе споўнілася 80 гадоў з дня нараджэння народнага артыста СССР Уладзіміра Мулявіна, які ўвайшоў у гісторыю беларускай і сусветнай музыкі як геніяльны музыкант, заснавальнік легендарных "Песняроў". Менавіта ён разам з кампазітарам Ігарам Лучанком ездзіў па краіне, збіраючы і запісваючы фальклорныя мелодыі, а затым падарыў новае гучанне старадаўнім беларускім песням. Дзякуючы яго аўтарскім аранжыроўкам вершы беларускіх паэтаў атрымалі новае жыццё. За многія гады – датай заснавання ВІА лічыцца 1 верасня 1969-га – творчы багаж "Песняроў" папоўнілі дзясяткі папулярных песень, оперы-прытчы, тэатралізаваныя канцэрты... Да юбілейнай даты ў канцэрце-прысвячэнні майстру ў выкананні ансамбля і Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь прагучаць лепшыя кампазіцыі калектыву.

Калі: 26 лістапада
Дзе: Палац Рэспублікі, пл. Кастрычніцкая, 1, Мінск

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі