VI Усебеларускі народны сход
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

30 Кст 2020

Каляндар падзей у Беларусі: ЛIСТАПАД 2020

Каляндар падзей у Беларусі: ЛIСТАПАД 2020

Сябры! Жыццё вымушае ўносіць карэктывы і ў тыя падзеі, пра якія кожны месяц расказвае каляндар Belarus.by. Успышка каранавіруса ў Еўропе і свеце выклікала закрыццё граніц дзяржаў, абмежаванне міжнароднага перамяшчэння, перанос і адмену масавых мерапрыемстваў. І вядома, самі людзі цяпер гатовы пачакаць з паездкамі, паходамі і забавамі, каб засцерагчы ад небяспекі сябе і блізкіх.

Беларусь сёння прымае ўсе неабходныя меры, каб не дапусціць распаўсюджвання інфекцыі. Краіна не ўвяла жорсткія абмежаванні на перамяшчэнне, аднак заклікае КОЖНАГА ЧАЛАВЕКА праяўляць асаблівую асцярожнасць, выконваць рэкамендацыі СААЗ і ўрачоў, вельмі строга захоўваць правілы асабістай гігіены, а галоўнае – беражліва ставіцца адзін да аднаго. У выпадку прыезду з эпідэміялагічна нестабільных рэгіёнаў і краін, пры самым малым падазрэнні на пагаршэнне самаадчування неабходна звярнуцца да медыкаў і, вядома ж, як мага хутчэй самаізалявацца, каб не стаць разносчыкам любой інфекцыі (не толькі каранавіруса)!

У гэтай сітуацыі адбываюцца адмены і пераносы вялікіх мерапрыемстваў, таму просім загаддзя ўдакладняць інфармацыю. Як анансуюць арганізатары, білеты на ўсе перанесеныя падзеі будуць сапраўдныя. І помніце: галоўнае – быць здаровымі!

Чэмпіянат Беларусі па футболе-2020

У сакавіку 2020 г. 30-ы чэмпіянат Беларусі па футболе стаў адзіным у Еўропе і адным з нямногіх у свеце, які стартаваў па плану і не спынены ў сувязі з каранавірусам. Першыя туры прыцягнулі ўвагу аматараў народнай гульні з розных краін: матчы ішлі ў прамым эфіры шэрага спартыўных каналаў і анлайн. Рашэнне не адмяняць пачатак першынства кіраўніцтва АБФФ прыняло па выніках кансультацый з удзелам УЕФА. У вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі выступаюць 16 каманд, турнір праходзіць у два кругі (30 тураў). Каманды, якія занялі 15-е і 16-е месцы ў вышэйшай лізе, выбываюць у першую лігу, а клубы, якія заваявалі 1 і 2 месцы ў першай лізе, атрымліваюць права на выхад у вышэйшую лігу. У ліку прэтэндэнтаў на тытул чэмпіёна Беларусі і Суперкубак называюць лідараў мінулага года – брэсцкае "Дынама", БАТЭ, "Шахцёр", мінскае "Дынама", "Іслач" і "Тарпеда-БелАЗ".

Дзе: стадыёны 12 гарадоў Беларусі
Калі: 19 сакавіка – снежань 2020 года

Выстаўка "Скарбонка памяці" ў Лошыцкай сядзібе

"Скарбонку памяці" адкрые для наведвальнікаў унікальны выставачны праект у залах сталічнага музея "Лошыцкая сядзіба". Тут прадстаўлена звыш 500 прадметаў народнага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва - разьбы па дрэве, ганчарнай і кавальскай справы, ткацтва, роспісу, пляцення з прыродных матэрыялаў і г.д. Артэфакты сабраны вядомым беларускім этнографам Яўгенам Сахутам у час экспедыцый па краіне. Саламяныя коні, чаплі і буслы, декарыраваны драўляны і керамічны посуд, калекцыя тэкстыльных і фарфоравых лялек, самабытная выцінанка, вышытыя і тканыя вырабы са старадаўнімі геаметрычнымі ўзорамі – усе прадметы ўражваюць гасцей сваёй першабытнай суровасцю, прастатой і сілай формы.

Калі: 23 мая – 31 снежня
Дзе: музей "Лошыцкая сядзіба", Мінск, пр. Чыжэўскіх, 8

Праект "Рарытэты Нацыянальнага гістарычнага музея" ў Мінску

Нацыянальны гістарычны музей запрашае мінчан і гасцей сталіцы ўбачыць рарытэты са сваіх фондаў... на адкрытым паветры. Незвычайная выстава, якая расказвае аб унікальнасці беларускай нацыі і яе гістарычнай спадчыне, з пачатку чэрвеня будзе прадстаўлена на агароджы Парка культуры і адпачынку імя Чалюскінцаў (праспект Незалежнасці). 70 фотабанераў пакажуць наведвальнікам каштоўнасці з розных эпох – манеты, зброю, нацыянальны касцюм, прадметы рэлігійнага культу, творы выяўленчага мастацтва, народныя промыслы і рамёствы, кнігі, каштоўныя металы, узнагароды, музычныя інструменты і многае іншае. Свой уклад у гэту экспазіцыю ўнеслі ўсе 5 філіялаў Нацыянальнага гістарычнага – Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці, Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі, Дом-музей I з'езда РСДРП, Музей гісторыі беларускага кіно, Музей прыроды і экалогіі.

Калі: 2 чэрвеня 2020 – 1 чэрвеня 2021
Дзе: агароджа Парка культуры і адпачынку імя Чалюскінцаў, пр. Незалежнасці, Мінск
Даведацца больш

"Мастак і горад": #100UNOVIS

У бягучым годзе любімы сярод мінчан і гасцей сталіцы выставачны праект "Мастак і горад", які праходзіць ужо 9-ы раз, упершыню адкрыты анлайн. Жадаючым наведаць экспазіцыю дастаткова зайсці на сайт і адправіцца ў віртуальны тур па плошчы Якуба Коласа. Тэма 2020-га – 100-годдзе знакамітага аб'яднання УНОВІС. Усе мастакі, прадстаўленыя на выставе, з'яўляюцца паслядоўнікамі ідэй і асноўных прынцыпаў супрэматызму Казіміра Малевіча. У экспазіцыі – 32 работы, частка з якіх напісана жывапісцамі творчага аб'яднання "Квадрат", якое па праву можна назваць спадчыннікам сцвярджальнікаў новага мастацтва. Сярод аўтараў – Аляксандр Малей, Мікалай Дундзін, Віктар Шылко, Аляксандр Дасужаў, Аляксандр Слепаў, Валерый Чукін. Выставачны праект запусцяць і ў афлайн-фармаце, як толькі гэтаму будзе садзейнічаць эпідэміялагічная сітуацыя. Таксама ў планах пераезд экспазіцыі з Мінска ў Віцебск – горад, дзе зарадзілася творчае аб'яднанне УНОВІС.

Калі: 14 мая 7 лістапада
Дзе: наведаць анлайн

"Спадчына Беларусі" ў Нацыянальным гістарычным музеі

Выстава, якая прадстаўляе вынікі праекта "Спадчына Беларусі", раскрывае маштабы работы яго суаўтараў – Аляксандра Аляксеева і Алега Лукашэвіча, якія з 2001 года аб'ехалі ўсю краіну і адлюстравалі сапраўды бясцэнную спадчыну. У цэнтры ўвагі – аднайменная кніга-альбом – а гэта 320 старонак і больш за 4000 фатаграфій, – якая перавыдавалася 18 разоў. Сёння друкаваная "Спадчына" ёсць у гендырэктара Дзяржаўнага Эрмітажа, Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі, Папы Рымскага, брытанскай каралевы... Дапоўніў праект 31 дакументальны фільм, дзе аўтарам удалося аднавіць партрэты выдатных людзей беларускай зямлі – Ефрасінні Полацкай, Марка Шагала, Ігната Дамейкі, Тадэвуша Касцюшкі, Адама Міцкевіча.

Калі: з 23 ліпеня
Дзе: Нацыянальны гістарычны музей Беларусі, вул. Карла Маркса, 12, Мінск

Выстава лялек "Анёлы душы маёй" у Мінску

Вінілавыя лялькі ручной работы з калекцыі Ларысы Мяжэвіч "Zawieruszynski Dolls" упершыню ўбачаць мінчане і госці горада на выставе "Анёлы душы маёй". На працягу больш як 25 гадоў жонка і муж Соф'я і Генры Заверушынскі ствараюць лялькі з шоўку, бавоўны або шэрсці, вобразы якіх прадуманы да дробязей – стыльныя прычоскі, сукенкі з натуральных тканін, упрыгожаныя вышыўкай, аксесуары з паўкаштоўных камянёў і металаў. Пры гэтым у кожнай з іх не толькі свой ідэнтыфікацыйны нумар і сертыфікат сапраўднасці, але і ўнікальны лёс. Так, у 2018 годзе лялькі Габрысія, Папялушка і Ліберці Грэйс атрымалі ўзнагароду Dolls Awards of Excellence – "Выбар індустрыі" на International Dolls and Teddy Show у Арланда.

Калі: 21 жніўня – 6 снежня
Дзе: Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, пр. Незалежнасці, 47, Мінск

Міжнародная выстава сучаснага мастацтва "Музыка і святло" ў НЦСМ

Любоў да музыкі аб'яднала сучасных мастакоў з Аўстрыі і Беларусі. Усяго ж удзельнікамі міжнароднага праекта сталі 13 беларускіх майстроў і 14 аўстрыйскіх, у тым ліку ўжо вядомы мінскай публіцы Альберт Хофман. Экспазіцыя "Музыка і святло" прадстаўляе мастацтва бачнай музыкі: гукавыя і візуальныя вобразы з палотнаў жывапісцаў аб'ядноўваюцца і "гучаць" у розных стылях, напрыклад, абстрактнага экспрэсіянізму, сімвалізму, фантастычнага рэалізму, таксама тут ёсць графіка, арт-аб'екты і відэа-арт. Унікальны праект – мара аб "вылячэнні" планеты, напамін пра тое вечнае, што аб'ядноўвае ўсіх людзей. 

Калі: 4 верасня – 1 лістапада
Дзе: Нацыянальны цэнтр сучаснага мастацтва, вул. Някрасава, 3, Мінск

"Цыркавы калейдаскоп" у Мінску

"Цыркавы калейдаскоп" адкрывае сезон у Белдзяржцырку: з 10 кастрычніка пасля вялікага перапынку на старэйшай арэне краіны зноў чакаюць гасцей. Шоу пазнаёміць гледачоў з дзіўным светам старажытных паданняў, легенд і міфаў Беларусі. Сваім майстэрствам і захапляльнымі трукамі будуць здзіўляць наезнікі на конях, бясстрашныя паветраныя акрабаты і гімнасты, атлеты-асілкі і вясёлыя клоўны. Не абыдзецца і без чатырохногіх "напарнікаў": у паказе задзейнічаны мядзведзі на гіраскутары, адзіная ў свеце малпачка-жанглёр на осліку, лахматыя сабакі-акрабаты, беласнежныя тыгры.

Калі: з 10 кастрычніка
Дзе: Беларускі дзяржаўны цырк, пр. Незалежнасці, 32, Мінск

Месяц фатаграфіі ў Мінску-2020

Штогадовы фестываль у фармаце open air, прысвечаны сучаснай беларускай фатаграфіі, зноў збярэ прафесіяналаў і аматараў. У гэтым годзе арганізатары прысвяцілі "Месяц фатаграфіі ў Мінску" тэме выжывання. У цэнтральнай экспазіцыі – праекты беларускіх аўтараў: "Agua" маладога фатографа Рыты Новікавай і два праекты "Мікрапластык Everyday" і "Camera Covida" экаактывісткі Таццяны Кузняцовай. У экспазіцыю таксама ўвайшлі работы замежных аўтараў: аб празмерным спажыванні (Марыя Лукашэвіч), аб будучыні каралавых рыфаў (Алісья Урублеўская), аб наступствах глабалізацыі (Лена Дабравольская, Тэа Орманд-Скіпінг), аб ролі фатаграфіі ў фарміраванні калектыўнай памяці (Аліна Марыя Фрыске).

Калі: 29 верасня – 27 лістапада
Дзе: культурны цэнтр "Корпус", Мінск, вул. Машэрава, 9/8

Выстава "Сальвадор Далі. Тайнапіс" у Мінску

Тайнапіс Сальвадора Далі прапануюць расшыфраваць арганізатары аднайменнага сумеснага праекта Музея гісторыі горада Мінска і сталічнай галерэі LIBRA. Жыццё, як і творчасць майстра, ахутана мноствам легенд, а сапраўдны твар мастака схаваны пад прывычнай маскай эксцэнтрыка. Наведвальнікам прапануюць адказаць на пытанні, з чаго нараджаецца загадкавы вобраз генія, з чаго складваецца тайнае пасланне яго творчасці. Разгадка – самі палотны майстра: 61 графічны твор у колеры з прыватных збораў і галерэй Еўропы і Амерыкі. Сярод іх – работы з серый "Кармэн", "Прыгоды Алісы ў Краіне цудаў", "Далініянскія коні", а таксама 20 ілюстрацый да аповесці Пэдра дэ Аларкона "Трохвуголка", выкананыя ў тэхніцы ксілаграфіі ў 1958 годзе. Вянчае ўнікальны збор трыпціх "Трылогія любові".

Калі: 10 кастрычніка – 20 снежня
Дзе: Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, Мінск, пл. Свабоды, 15

XXV Міжнародны фестываль арганнай музыкі "Званы Сафіі"

Сапраўднае музычнае задавальненне ад вечнай класікі, што гучыць пад скляпеннямі полацкага Сафійскага сабора, могуць атрымаць госці фестывалю арганнай музыкі "Званы Сафіі". Адкрыў фестываль канцэрт, прысвечаны 335-годдзю з дня нараджэння вядомага кампазітара Георга Фрыдрыха Гендэля. Прадоўжыць эстафету вечар памяці беларускага кампазітара і выкладчыка Ганны Кароткінай. У праграме прагучаць аўтарскія творы на аргане і скрыпцы. Камерную музыку эпохі барока падораць слухачам 5 лістапада камерны хор Гомельскай абласной філармоніі, знакамітая арганістка полацкай Сафіі Ксенія Пагарэлая і аркестр "Еўропа-цэнтр". Фінальным акордам форуму стане канцэрт арганнай музыкі 8 лістапада пры ўдзеле Кацярыны Івановай, Ксеніі Пагарэлай, а таксама Глеба Якушава (дудук).

Калі: 18 кастрычніка – 8 лістапада
Дзе: Сафійскі сабор, Полацк, вул. Замкавая, 1

"Асенні салон"-2020 у Мінску

"Асенні салон" – свята сучаснага мастацтва – пераадолеў пяцігадовы рубеж і зноў адкрыўся ў сталічнай галерэі "Арт-Беларусь". На гэты раз у экспазіцыі прадстаўлены работы 209 маладых беларускіх мастакоў, адабраных прафесійным журы з больш як 700 прэтэндэнтаў. У экспазіцыю выставы-продажу ўвайшлі творы ў такіх відах сучаснага і традыцыйнага мастацтва, як жывапіс, графіка, фатаграфія, скульптура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, інсталяцыя і відэаарт. Усе работы можна набыць, а частка выручаных сродкаў, паводле слоў арганізатараў, пойдзе на дапамогу дабрачынным арганізацыям, у тым ліку Міжнароднаму дабрачыннаму фонду дапамогі хворым дзецям "Шанц".

Калі: 14 кастрычніка – 8 лістапада
Дзе: Палац мастацтваў, Мінск, вул. Казлова, 3

Выстава "Архітэктура Беларусі. Жывапіс. Графіка"

Упершыню спадчына вядомага даследчыка беларускай драўлянай архітэктуры, члена Саюза архітэктараў СССР Юрыя Якімовіча прадстаўлена ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі. Ён прысвяціў сваё жыццё даследаванню архітэктуры дарэвалюцыйнага перыяду, а таксама з захапленнем вывучаў школы палескага драўлянага дойлідства ў XVII-XIX стагоддзях. У экспазіцыі прадстаўлены 52 жывапісныя і графічныя работы з выявамі помнікаў Віцебска, у цэлым паўночнай вобласці і іншых рэгіёнаў Беларусі. Акрамя артэфактаў, прывезеных са шматлікіх экспедыцый, дэманструецца кніга Юрыя Якімовіча "Сілуэты старога Віцебска", асабістыя рэчы, фатаграфіі і публікацыі даследчыка.

Калі: з 22 кастрычніка
Дзе: Віцебскі абласны краязнаўчы музей, Віцебск, вул. Леніна, 36

"Фарбы восені" ў Батанічным садзе

Цудоўны падарунак падрыхтавалі мінчанам і гасцям горада супрацоўнікі Батанічнага саду НАН Беларусі. У халодныя лістападаўскія дні тут разгорнецца выстаўка "Фарбы восені" з выкарыстаннем элементаў фітадызайну і выяўленчага мастацтва Краіны ўзыходзячага сонца. Змена пор года ў японскай культуры мае асаблівае значэнне, а самай чароўнай парой лічыцца сезон мамідзігары – "паляванне на клёны", калі ўсе ад малога да вялікага выходзяць любавацца асенняй лістотай. Наведвальнікі мінскага саду ўбачаць прыгожую калекцыю хрызантэм, а таксама тэматычныя работы ў тэхніцы жывапісу сумі-э школы аранжыроўкі кветак ІКЕБАНА і АРТ-студыі Цэнтра японскай культуры Hagakure. Госці таксама змогуць наведаць экспазіцыі "Месяц і травы" (міскантусы), "Восень – гэта царства хрызантэм", "Каё – фарбы асенняй лістоты" (клёны).

Калі: 8 – 11 лістапада
Дзе: Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі, г. Мінск, вул. Сурганава, 2в
Даведацца больш

"Дзень артылерыста-2020" на Лініі Сталіна

Маштабную ваенна-гістарычную рэканструкцыю з удзелам ваенна-гістарычных клубаў і баявой тэхнікі часоў Вялікай Айчыннай вайны ўбачаць наведвальнікі гісторыка-культурнага комплексу "Лінія Сталіна". З самай раніцы для гасцей разгорнуцца больш за дзясятак інтэрактыўных зон, выстаўка ўзбраення і ваеннай тэхнікі ракетных войскаў і артылерыі Узброеных Сіл Беларусі. Мабыць, для юнакоў самай займальнай стане спаборніцкая пляцоўка: тут кожны зможа паспрабаваць свае сілы ў гістарычнай віктарыне, стральбе з пнеўматыкі, кіданні гранаты, праходжанні паласы перашкод і іншых цікавых майстар-класах. Таксама ў праграме – паказальныя выступленні спецыялістаў-кінолагаў, катанне на танку ПТ-76 або БМП-1, а таксама верталёце Мі-2.

Калі: 21 лістапада
Дзе: гісторыка-культурны комплекс "Лінія Сталіна", Мінскі раён

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
VI Усебеларускі народны сход