У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 9 жніўня 2020 года
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

31 Сак 2020

Каляндар падзей у Беларусі: КРАСАВІК 2020

Каляндар падзей у Беларусі: КРАСАВІК 2020

Сябры! Жыццё вымушае ўносіць карэктывы і ў тыя падзеі, пра якія кожны месяц расказвае каляндар Belarus.by. Успышка каранавіруса ў Еўропе і свеце выклікала закрыццё граніц дзяржаў, абмежаванне міжнароднага перамяшчэння, перанос і адмену масавых мерапрыемстваў. І вядома, самі людзі цяпер гатовы пачакаць з паездкамі, паходамі і забавамі, каб засцерагчы ад небяспекі сябе і блізкіх.

Беларусь сёння прымае ўсе неабходныя меры, каб не дапусціць распаўсюджвання інфекцыі. Краіна не закрыла граніцы і не ўвяла жорсткія абмежаванні на перамяшчэнне, аднак заклікае КОЖНАГА ЧАЛАВЕКА праяўляць асаблівую асцярожнасць, выконваць рэкамендацыі СААЗ і ўрачоў, вельмі строга захоўваць правілы асабістай гігіены, а галоўнае – беражліва ставіцца адзін да аднаго. У выпадку прыезду з эпідэміялагічна нестабільных рэгіёнаў і краін, пры самым малым падазрэнні на пагаршэнне самаадчування неабходна звярнуцца да медыкаў і, вядома ж, як мага хутчэй самаізалявацца, каб не стаць разносчыкам любой інфекцыі (не толькі каранавіруса)!

У гэтай сітуацыі адбываюцца адмены і пераносы вялікіх мерапрыемстваў, таму просім загаддзя ўдакладняць інфармацыю. Як анансуюць арганізатары, білеты на ўсе перанесеныя падзеі будуць сапраўдныя. І помніце: галоўнае – быць здаровымі!

Спектаклі Купалаўскага тэатра з 27 сакавіка па 2 красавіка можна паглядзець анлайн

Тыдні Германіі ў Беларусі: выстава "Шляхі нямецкага мастацтва"

Тыдні Германіі, якія арганізуюцца ў Беларусі на працягу 17 гадоў пад патранатам пасольства ФРГ, стартавалі маштабнай выставай. Перасовачны праект штутгарцкага Інстытута сувязей з замежнымі краінамі карыстаецца папулярнасцю ва ўсім свеце, таму перагаворы аб магчымасці яго паказаць беларусам вяліся з 2015-га. "Шляхі нямецкага мастацтва" - гэта акунанне ў неверагодную разнастайнасць мастацтва Усходняй і Заходняй Германіі, пачынаючы з 1949 года па цяперашні час. Экспазіцыя аб'яднала каля 400 работ больш як 100 аўтараў (усяго 16 тон!), 60 відаў сучаснага мастацтва - у тым ліку жывапіс, графіка, фатаграфія, відэа, скульптура, інсталяцыя.

Калі: 11 сакавіка – 30 красавіка
Дзе: Палац мастацтва, Мінск, вул. Казлова, 3

Выстава рускага і беларускага іканапісу XVIII – пачатку XX стагоддзяў у НММ

Нацыянальная скарбніца ўяўляе ўнікальны праект, прысвечаны 85-годдзю мітрапаліта Філарэта, ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Упершыню наведвальнікі змогуць убачыць каля 60 твораў рускага іканапісу XVIII – пачатку XX стагоддзяў, у якіх адбіліся як аўтарскі стыль майстроў, спрадвечныя традыцыі іканапісу, так і характэрныя для таго часу павевы рэалістычнага напрамку і еўрапейскага барока... Акрамя таго, у юбілейнай экспазіцыі можна ўбачыць спісы мінскіх святыняў і прадметы асабістай набожнасці мітрапаліта Філарэта – панагіі, посахі і літургічнае адзенне, а таксама мітру, выкананую ў тэхніцы пляцення з саломы.

Калі: 21 сакавіка – 8 чэрвеня
Дзе: Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, Мінск, вул. Леніна, 20

Міжнародная выстава "Модныя дамы ў Нясвіжы"

Модныя тэндэнцыі ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў прадстаўлены ў Нясвіжскім замку: у Вялікай выставачнай зале старадаўняй рэзідэнцыі Радзівілаў адкрылася экспазіцыя "Модныя дамы ў Нясвіжы". Асновай міжнароднага праекта стала ўнікальная калекцыя з палаца ў Нябораве (Польшча) – сукенкі і касцюмы, якія былі ў гардэробе апошняй нябораўскай княгіні Ганны Радзівіл, у дзявоцтве Любамірскай. Частку з іх знайшлі ўсяго два гады таму ў забытым куфары. І сёння на выставе можна ўбачыць вясельны ўбор Ганны (1905 г.), сукенкі княгіні для прагулак і падарожжаў да сваякоў. Таксама ў экспазіцыю ўвайшлі рэканструкцыі жаночага адзення ХІХ стагоддзя, створаныя па партрэтах той эпохі. Дапоўнілі выставу вінтажныя прадметы дамскага гардэроба - вееры, аздабленні, аксесуары, фотаздымкі з музейных збораў і прыватных калекцый.

Калі: 14 лютага – 5 красавіка
Дзе: Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік "Нясвіж", г. Нясвіж, Мінская вобласць

Выстава "Поп-арт" у Мінску

Адзін з самых яркіх напрамкаў у мастацтве канца 1950–60-х гадоў у Заходняй Еўропе і ЗША – поп-арт – узнік у адказ на абстрактны экспрэсіянізм. Цяпер арт-аб'ектамі сталі не толькі выявы вядомых людзей і палітычных дзеячаў, але і штодзённыя прадметы – коміксы, гамбургеры, халадзільнікі, кока-кола, туфлі, цыгарэты… Вырваныя з прывычнага кантэксту, яны набывалі прагрэсію сэнсаў і натхнялі мастакоў, сярод якіх Роберт Раўшэнберг, Рой Ліхтэнштэйн, Джаспер Джонс, Эндзі Уорхал, Роберт Індыяна, Джэймс Розенквіст, звярнуцца да новых форм, сюжэтаў і тэхнік. У наш час цікавасць да поп-арту аднаўляецца: у гэтым напрамку працуюць многія беларускія мастакі. У экспазіцыі прадстаўлены работы Любові Абрамавай, Івана Арцімовіча, Дзмітрыя Бельскага, Алега Белавусава, Надзі Букі, Паўла Вайніцкага…

Калі: 17 сакавіка – 7 чэрвеня
Дзе: выставачная зала Libra, Мінск, пр. Незалежнасці, 37

Чэмпіянат Беларусі па футболе-2020

У сакавіку 2020 г. 30-ы чэмпіянат Беларусі па футболе стаў адзіным у Еўропе і адным з нямногіх у свеце, які стартаваў па плану і не спынены ў сувязі з каранавірусам. Першыя туры прыцягнулі ўвагу аматараў народнай гульні з розных краін: матчы ішлі ў прамым эфіры шэрага спартыўных каналаў і анлайн. Рашэнне не адмяняць пачатак першынства кіраўніцтва АБФФ прыняло па выніках кансультацый з удзелам УЕФА. У вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі выступаюць 16 каманд, турнір праходзіць у два кругі (30 тураў). Каманды, якія занялі 15-е і 16-е месцы ў вышэйшай лізе, выбываюць у першую лігу, а клубы, якія заваявалі 1 і 2 месцы ў першай лізе, атрымліваюць права на выхад у вышэйшую лігу. У ліку прэтэндэнтаў на тытул чэмпіёна Беларусі і Суперкубак называюць лідараў мінулага года – брэсцкае "Дынама", БАТЭ, "Шахцёр", мінскае "Дынама", "Іслач" і "Тарпеда-БелАЗ".

Дзе: стадыёны 12 гарадоў Беларусі
Калі: 19 сакавіка – снежань 2020 года
3 тур: 3–5 красавіка
4 тур: 10–13 красавіка
5 тур: 24 красавіка

Sax Forum 2020 у Белдзяржфілармоніі

Штогадовы джазавы фестываль, які па традыцыі аб'ядноўвае саксафаністаў з усяго свету і стаў адным з любімых у мінскіх аматараў, адбудзецца. Але некаторыя змяненні ў праграме ўсё ж адбыліся: на гэты раз Sax Forum запрашае на сустрэчу з таленавітымі прадстаўнікамі беларускай школы. Сярод удзельнікаў – Павел Аракелян, Кірыл Мацэнка, Аляксандр Краўчук. Асновай для іх творчых імправізацый на сцэне Белдзяржфілармоніі стануць вядомыя кампазіцыі, прызнаныя крытыкамі, музыкантамі і гледачамі. Вясенняя афіша Белдзяржфілармоніі насычана цікавымі праграмамі, і пры строгім выкананні ўсіх мер бяспекі і ўважлівым стаўленні саміх гасцей адзін да аднаго канцэрты будуць праходзіць.

Калі: 4 красавіка
Дзе: Белдзяржфілармонія, Мінск, пр. Незалежнасці, 50

Юбілейны канцэрт ансамбля "Харошкі" ў Мінску

Легенда беларускага танца – заслужаны харэаграфічны ансамбль "Харошкі" – прадставіць праграму, прысвечаную свайму 45-годдзю. За гэты час калектыў, заснаваны ў 1974-м харэографамі Валянцінай Гаевай і Мікалаем Дудчанкам, дасягнуў міжнароднага прызнання і стаў адным з сімвалаў нацыянальнай культуры. Сёння яго візітнай карткай з'яўляецца тонкае спалучэнне самабытнага народнага танца і майстэрскае валоданне элементамі сучаснай харэаграфіі. У новую праграму "Местачковыя малюнкі", натхнёную яўрэйскім фальклорам, увайшлі народныя танцы "Галоп" і "Рэтра-полька", інструментальны нумар для ксілафона з аркестрам і многія іншыя. А завершыць вечар тэатралізаваны фрагмент "Беларусы", у якім гледачы ўбачаць старадаўнія народныя абрады і нумары з залатога фонду ансамбля.

Калі: 8 красавіка
Дзе: ПК Мінскага трактарнага завода Мінск, вул. Даўгабродская, 24

Квест "Белы слон" у Мірскім замку

Аматараў містычных гісторый, тайн і загадак запрашае чарговы эксклюзіўны праект Мірскага замка. Амаль 100 гадоў старадаўняя рэзідэнцыя, унесеная ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, захоўвае паданне пра Белага Слана. І вось настаў час прыадкрыць заслону і даведацца пра неверагодную гісторыю, якая доўгі час была забыта. Ахоўнік замка падрыхтаваў для ўдзельнікаў квеста няпростыя выпрабаванні на логіку і кемлівасць і, вядома ж, на веданне мінулага. Толькі прайшоўшы іх, можна даведацца, пра якога Белага Слана ідзе размова. Квест разлічаны на адначасовы ўдзел асобных каманд з колькасцю ігракоў ад 1 да 5 чалавек.

Калі: 11 і 25 красавіка
Дзе: замкавы комплекс "Мір", Гродзенская вобласць, Карэліцкі раён, г.п. Мір

OLYMPIA CLASSIC: легендарныя хіты 1980-90-х і 2000-х

Легендарныя хіты прагучаць у новай праграме сімфанічнага аркестра OLYMPIA CLASSIC пад кіраўніцтвам дырыжора Міхаіла Снітко. Вядомы калектыў прадаўжае эксперыментаваць. На гэты раз слухачоў чакаюць кампазіцыі такіх папулярных выканаўцаў і груп, як Europe, Haddaway, Joan Osborne, Sting, Phil Collins, The Hooters, Evanescence, Chris De Burgh, Roxette… Не абыдзецца без сюрпрызаў: канцэрт пройдзе пры ўдзеле харавой групы, а некаторыя кампазіцыі прагучаць у суправаджэнні саксафона. Салістка – лаўрэат міжнароднай еўразійскай прэміі BELBRAND AWARD Дар'я Бабко.

Калі: КАНЦЭРТ ПЕРАНЕСЕНЫ

Дзе: КЗ "Мінск", Мінск, вул. Кастрычніцкая, 5

Дзяніс Мацуеў у Вялікім тэатры Беларусі

Упершыню на сцэне беларускага Вялікага сыграе сольны канцэрт знакаміты піяніст-віртуоз Дзяніс Мацуеў. Жаданы госць галоўных залаў свету, пастаянны ўдзельнік буйнейшых міжнародных фестываляў і партнёр вядучых сімфанічных аркестраў прадставіць мінскай публіцы новую праграму. У яе аснову пакладзены шэдэўры Пятра Чайкоўскага – "Поры года", "Роздум", вялікая саната Соль мажор, "Думка". Сёння Вялікі тэатр Беларусі прымае ўсе магчымыя меры па ахове здароўя сваіх гасцей і прадаўжае працаваць у адпаведнасці з рэпертуарнай афішай.

Калі: КАНЦЭРТ ПЕРАНЕСЕНЫ

Дзе: Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі, Мінск, пл. Парыжскай Камуны, 1

УВАГА! Канцэрт Дзяніса Мацуева перанесены на 23 лістапада 2020 года. Білеты сапраўдныя!

"Музычнае падарожжа. Ад Мадрыда да Стакгольма"

Адправіцца ў музычнае падарожжа з Мадрыда ў Стакгольм запрашаюць заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь салістка мінскага Вялікага Алена Сало і канцэртмайстар лаўрэат міжнароднага конкурсу Таццяна Іванова. У час віртуальнага туру слухачы перанясуцца ў еўрапейскія культурныя сталіцы: пройдуцца па вулачках Парыжа, сустрэнуцца са шведскімі вакалістамі, пабываюць на гарачай італьянскай дыскатэцы 1960-70-х гадоў, зазірнуць у адзін з буйнейшых оперных тэатраў Еўропы, пачуюць журчанне літоўскай мовы і зразумеюць прыгажосць англійскай мовы… На працягу вечара прагучаць творы з сусветнага залатога фонду ў розных жанрах – ад арыі да папулярных песень.

Калі: 30 красавіка
Дзе: Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі, Мінск, пл. Парыжскай Камуны, 1

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс