8 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Як Мінск адзначыць Дзень горада і сваё 959-годдзе, расказала на прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама Кацярына Лучына, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Ужо 9 верасня ў 16:00 каля Мінскай гарадской ратушы адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання мінчан, якія ўнеслі значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё горада і прымаюць актыўны ўдзел у ахове грамадскага правапарадку і прафілактыцы правапарушэнняў. А 11 верасня ў 16:00 будуць падведзены вынікі конкурсу "Мінскі майстар". У гэтым годзе ў адборачных этапах прынялі удзел больш як 1,8 тыс. работнікаў розных сфер, сярод якіх вызначаны 48 пераможцаў, сярод якіх 15 прадстаўнікоў моладзі", - сказала Кацярына Лучына.
Таксама 11 верасня пройдзе Мінскі міжнародны форум эканамічнага супрацоўніцтва.
Галоўныя мерапрыемствы чакаюць мінчан і гасцей горада 12 верасня. Пачнецца святкаванне ў 10:00 з урачыстага ўскладання кветак да абеліска "Мінск - горад-герой". Прадоўжыцца свята на розных лакацыях. На пляцоўцы музейна-паркавага комплексу "Перамога" пройдуць міжнародныя спаборніцтвы "Мацнейшы пажарны-ратавальнік", у якіх прымуць удзел больш за 100 спартсменаў. У цэнтральнай частцы горада адбудзецца фестываль гістарычнай рэканструкцыі "Мінск старажытны" - відовішчнае дзеянне з удзелам клубаў гістарычнай рэканструкцыі з Беларусі, Расіі, Кітая.
У 11:00 галоўнай лакацыяй свята стане культурна-відовішчная праграма "Мінск маёй душы" каля Палаца спорту. "У ёй прымуць удзел заслужаныя, народныя калектывы, маладзёжныя творчыя групы. Хэдлайнерам мерапрыемства будзе расійскі выканаўца Акмаль. Таксама на пляцоўцы з 10:00 да 23:00 будзе арганізаваны святочны кірмаш", - адзначыла Кацярына Лучына.
На плошчы Свабоды ў 17:00 пачнецца цырымонія ўзнагароджання "Мінчанін года".
У парку імя Горкага пройдзе фестываль прафесій, дзе таксама запланаваны канцэртная праграма, майстар-класы, выставы, прэзентацыі.
Завершыцца свята феерверкам у 23:00.