7 верасня, Ліда /Кар. БЕЛТА/. Праграму другога дня рэспубліканскага свята беларускага пісьменства ў Лідзе прадоўжаць інтэрактыўныя пляцоўкі, выставы і прэзентацыі, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на арганізатараў.
XXXII Дзень беларускага пісьменства 6 і 7 верасня сабраў у Лідзе творчых людзей і аматараў кнігі. У гэтым годзе рэспубліканскае свята аб'яднала адразу некалькі лейтматываў і прысвечана 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, Году добраўпарадкавання, а таксама 500-годдзю з моманту выхаду кнігі "Апостал" Францыска Скарыны. У дзень афіцыйнага адкрыцця адбыліся прэзентацыі кніжных навінак, прайшлі літаратурныя чытанні, інсцэніроўкі і гістарычныя рэканструкцыі, здзіўлялі і дарылі натхненне на інтэрактыўных пляцоўках, былі адкрыты арт-аб'екты, не абышлося без цёплых творчых сустрэч і музычных сюрпрызаў.
Праграма другога дня абяцае быць не менш насычанай. Раніца 7 верасня пачалася з літургіі ў Свята-Міхайлаўскім кафедральным саборы, пасля чаго адбыўся Хрэсны ход да Свята-Георгіеўскай царквы.
У Лідскім гісторыка-мастацкім музеі таксама будзе што паглядзець і чым натхніцца, зрабіць "ШАХ у гісторыю" на выставах з фондаў установы сумесна з іншымі музеямі краіны. Пройдуць прэзентацыі кніг "Лідскі край: з любоўю і назаўжды", "Край наш вольны, край любімы", "З Міхасём і Міхалінкай крочым роднымі сцяжынкамі", а таксама агучаць вынікі конкурсу "Арт-лаўка".
Адчынены дзверы Лідскага замка. Тут кожны можа акунуцца ў атмасферу гісторыі на экспазіцыях "Лідскі замак. Гістарычныя падзеі і постаці", "Старонкі гісторыі", "Вехі гісторыі" і інш. Прадстаўлены і кнігі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Анімацыйная праграма "Скрозь прызму часу" - своеасаблівая машына часу. Апоўдні прагучыць і "Голас стагоддзяў", калі падвядуць вынікі аднайменнага конкурсу вершаў аб Лідскім замку. Каля яго сцен пройдзе раённы велапрабег, прысвечаны Дню беларускага пісьменства. Падарункам для аматараў актыўнага ладу жыцця стане адкрыццё новай веладарожкі каля Лідскага замка.
Варта зазірнуць у Дом Валянціна Таўлая, наведаць выставы "Пераступіўшы парог", "Гісторыя ў прадметах", "Ад Арэсы да Лідзейкі" і шчыра парадавацца за пераможцаў рэспубліканскага конкурсу імя Валянціна Таўлая на лепшы паэтычны зборнік.
Запрашае гасцей абласны фестываль рэгіянальнага фальклору "Панямоння жыватворныя крыніцы". На пляцоўцы па вуліцы Савецкай закружыць у танцы свята кадрылі.
На сцэне каля мясцовага Палаца культуры таксама будзе меладычна. Тут выступяць пераможцы адкрытага харавога фестывалю "Лідскі ХОР-ФЭСТ".
Каб атрымаць зарад настрою ад рэгіёнаў, сардэчна запрашаем на Фестываль кнігі і прэсы, дзе абласныя і сталічная экспазіцыі прадстаўляюць унікальны літаратурны патэнцыял і кніжныя навінкі. Менавіта яны і іх аўтары будуць у цэнтры ўвагі Дня пісьменства. Тут можна азнаёміцца з культурнай спадчынай, а таксама паразмаўляць з сучаснымі аўтарамі, атрымаць іх аўтограф.
У Лідскай гарадской бібліятэцы нумар 4 прадставяць выставу старадаўніх царкоўных кніг. У 13.00 будзе прэзентавана богаслужэбнае выданне "Мінэя 1724 г.".
У падарунак ад Саюза пісьменнікаў Беларусі - літаратурна-музычная імпрэза "Узнагародай памяць і жыццё" на галоўнай сцэне фестывалю.
Цырымонія закрыцця ХХХІІ свята беларускага пісьменства пачнецца на галоўнай фестывальнай сцэне ў 13.00. Тут перададуць вымпел прадстаўніку горада, які стане сталіцай беларускага пісьменства ў 2026 годзе. Канцэртная праграма Нацыянальнага прэзідэнцкага аркестра стане падарункам для гасцей і ўдзельнікаў гэтага маштабнага форуму роднай славеснасці.