16 сакавіка, Мінск /Аксана Каруна - БЕЛТА/. Галоўныя праспекты Мінска - Незалежнасці і Пераможцаў - пагаснуць у час акцыі "Гадзіна Зямлі", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА галоўны інжынер УП "Мінгарсвятло" Алег Глушанкоў.
"У час акцыі наша прадпрыемства адключыць на двух сталічных праспектах архітэктурную падсветку жылых дамоў і аб'ектаў камунальнай уласнасці, - сказаў Алег Глушанкоў. - Мы інфармавалі аб правядзенні акцыі і ведамасныя аб'екты, рашэнне аб удзеле за імі".
"Гадзіна Зямлі" - гэта міжнародная акцыя, у час якой Сусветны фонд дзікай прыроды заклікае выключыць святло і бытавыя электрапрыборы на адну гадзіну ў знак неабыякавага стаўлення да будучыні планеты. У гэты ж час гасне падсветка самых вядомых будынкаў і помнікаў свету.
У бягучым годзе "Гадзіна Зямлі" пройдзе 19 сакавіка з 20.30 да 21.30.
Мэта мерапрыемства не ў тым, каб сэканоміць электрычнасць. Акцыя - гэта сімвал беражлівых адносін да прыроды. З году ў год яна прыцягвае ўвагу да неабходнасці адказнага стаўлення да прыроды. Сёння "Гадзіна Зямлі" - самая масавая экалагічная акцыя на планеце. У ёй прымаюць удзел больш як 2 млрд чалавек па ўсім свеце, звыш 170 краін і амаль 7 тыс. гарадоў.
Мінскі гарадскі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя заклікаў жыхароў сталіцы, а таксама арганізацыі і прадпрыемствы Мінска, далучыцца да глабальнай акцыі "Гадзіна Зямлі" і разгледзець пытанне аб адключэнні святла на 1 гадзіну з 20.30 да 21.30 19 сакавіка ў сваіх дамах, а таксама на рэкламных шчытах, пагасіць падсветку будынкаў, рэкламнае асвятленне тых аб'ектаў, дзе адключэнне святла не з'яўляецца крытычным.