Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

24 Nov 2016

Фестываль імя Салярцінскага ў Віцебску ў гэтым годзе будзе прысвечаны 110-годдзю Шастаковіча

24 лістапада, Віцебск /Кацярына Князева - БЕЛТА/. XXVIII Міжнародны музычны фестываль імя Івана Салярцінскага пройдзе ў Віцебску 2-13 снежня, паведамілі БЕЛТА ў Віцебскай абласной філармоніі.

Прэлюдыяй да фестывалю стане 2 снежня канцэрт выкладчыкаў і навучэнцаў Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя І.Салярцінскага. Адкрые свята на наступны дзень канцэрт камернай музыкі ў філармоніі, прымеркаваны да 110-годдзя Дзмітрыя Шастаковіча. Яго творчасць арганізатары называюць "сімвалам музыкі ХХ стагоддзя, з глыбіннай філасофіяй жыцця, трагізмам быцця і вечнасцю ідэй". Уся сусветная музычная грамадскасць шырока адзначае круглую дату з дня нараджэння кампазітара рознымі творчымі праектамі. У Беларусі такім стаў канцэрт на радзіме продкаў вялікага кампазітара ў вёсцы Шэметава Мядзельскага раёна 25 верасня. Гэта мерапрыемства стала асновай канцэрта адкрыцця XXVIII Міжнароднага музычнага фестывалю імя І.Салярцінскага.

Струнны ансамбль Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі парадуе слухачоў вядомымі творамі кампазітара. Так, у праграме прагучыць струнны квартэт нумар 3, твор 73 - адзін з самых драматычных у гэтым жанры; мініяцюры "Элегія" і "Полька"; дзве п'есы для струннага актэта, твор 11 - Прэлюдыя (Adagio) і Скерца (Allegro molto).

Фестываль заўсёды радуе аматараў класікі прыездам вядомых выканаўцаў. Так, 4 снежня ў філармоніі адбудзецца канцэрт фартэпіяннай музыкі госця з Ізраіля, піяніста з сусветнай славай Аляксандра Марковіча. У праграме прагучаць творы Гайдна, Шапэна, Равеля, а таксама фантазіі на тэмы з оперы Чайкоўскага "Яўген Анегін" і балета Пракоф'ева "Рамэа і Джульета". Свой канцэрт камернай музыкі "Музыка руху "Маладая Польшча" падрыхтаваў лаўрэат міжнародных конкурсаў мінскі ансамбль салістаў "Класік-авангард". Сустрэча з гэтым пастаянным удзельнікам фестывалю чакае публіку 11 лістапада. На наступны вечар сцэну зойме фартэпіяннае трыа з Латвіі Riga MEM з канцэртам камернай музыкі, дзе зноў прагучаць творы Гайдна, Шастаковіча, Мендэльсона. І завершыць фестываль 13 снежня канцэрт фартэпіяннай музыкі. Віцебская публіка зможа атрымаць асалоду ад твораў Бетховена, Шумана, Пракоф'ева.

Традыцыйна фестываль будуць суправаджаць выставачныя мерапрыемствы. 2 снежня ў Арт-прасторы на Талстога, 7 адкрыецца фотавыстаўка "Бакавы зрок" Дзмітрыя Шастаковіча, унука вялікага кампазітара, а ў фае другога паверха філармоніі пачне працаваць выстаўка плакатаў студэнтаў кафедры дызайну Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта - своеасаблівая візуалізацыя музыкі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі