12 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі і Усерасійская федэрацыя лёгкай атлетыкі падпісалі дадатковае пагадненне аб супрацоўніцтве. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе БФЛА.
Пагадненне на 2026 год заключылі кіраўнік БФЛА Іван Ціхан і старшыня УФЛА Пётр Фрадкоў. Бакі дамовіліся аб узаемадзеянні па некалькіх пунктах, якія ўключаюць удзел мацнейшых спартсменаў у чэмпіянатах і Кубках Беларусі і Расіі, а таксама ўдзел атлетаў катэгорыі Masters у нацыянальных турнірах сярод ветэранаў. Федэрацыі прадоўжаць абменьвацца трэнерскімі і судзейскімі кадрамі і праводзіць сумесныя трэніровачныя зборы і семінары для спецыялістаў.
Акрамя таго, бакі плануюць арганізаваць міжнародную серыю матчавых сустрэч па лёгкай атлетыцы сярод каманд Беларусі, Расіі і Казахстана ў розных узроставых катэгорыях і выпусціць дакументальны фільм аб супрацоўніцтве БФЛА і УФЛА.
Сустрэча кіраўнікоў федэрацый адбылася ў Брэсце, дзе праходзіць Кубак мацнейшых спартсменаў, які сабраў каля 300 атлетаў з дзвюх краін.