18 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Экіпажы беларускай каманды "МАЗ-СПОРТаўта" не трапілі ў тройку лепшых па выніках сёмага этапу 15-га міжнароднага ралі "Шаўковы шлях", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У пятніцу, 18 ліпеня, гоншчыкі прадоўжылі рух па тэрыторыі Манголіі і пераадолелі 300 км спецучастка паміж Баяхонгарам і Алтаем. Лепшы рэзультат у заліку грузавікоў паказаў расіянін Антон Шыбалаў з "КАМАЗ-Майстра", экіпаж "МАЗ-СПОРТаўта" пад кіраўніцтвам Сяргея Вязовіча стаў пятым з адставаннем амаль дзве мінуты. Беларусы Павел Мурылёў і Віталь Мурылёў размясціліся на 8-м і 10-м радках сярод трынаццаці машын.
"Першая палавіна спецучастка – ніводнага павароту, увесь час прама, а другая частка - суцэльныя папярочныя прамывіны. Вельмі балюча аўтамабілю на такім рэльефе. Таму на другой палавіне мы збавілі скорасць. Вырашылі, што лепш паберагчы машыну на другі дзень марафону, чым гнацца за секундамі. Не бачым у гэтым праблемы, таму што вырашальным будзе заўтрашні дзень. Сёння мы без механікаў, работы з аўтамабілем няма, таму трэба добра адпачыць і заўтра - зноў у бой", - сказаў Вязовіч пасля гонкі.
У генеральнай класіфікацыі сярод грузавікоў экіпаж Вязовіча апусціўся на другое месца, уступаючы камандзе Шыбалава мінуту і 20 секунд. На восьмым этапе 19 ліпеня гоншчыкаў чакае кальцавы этап са стартам і фінішам у мангольскім горадзе Алтай, даўжыня спецучастка складзе 339,37 км. Ралі "Шаўковы ўлях" завершыцца 22 ліпеня ў Горна-Алтайску.