Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

12 Mar 2015

Домрачава і Дубарэзава прадставяць Беларусь у мас-старце на ЧС-2015 па біятлоне ў Фінляндыі

12 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Біятланісткі зборнай Беларусі Дар'я Домрачава і Настасся Дубарэзава атрымалі права выступіць у гонцы з мас-старта на 12,5 км, якая пройдзе на чэмпіянаце свету - 2015 у фінскім Контыялахты ў заключны дзень (15 сакавіка), паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У гонцы з масавага старту спаборнічаюць 30 спартсменак, згодна з вызначанымі кваліфікацыйнымі патрабаваннямі. Трохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар'я Домрачава выступіць у гэтым відзе праграмы як спартсменка, якая ўваходзіць у 15 мацнейшых агульнага заліку Кубка свету. Настасся Дубарэзава трапіла ў лік удзельніц мас-старту з 29-м рэйтынгам дзякуючы ачкам, набраным на гэтым чэмпіянаце свету (38). Аднаго ачка сусветнага форуму не хапіла яшчэ адной беларускай страляючай лыжніцы - Надзеі Скардзіна, каб стаць удзельніцай мас-старту. Пазбавіла гэтай магчымасці Надзею калега па камандзе Ірына Крыўко, якая ўчора па выніках індывідуальнай гонкі перамясціла Надзею з 19-га месца на 20-е, пазбавіўшы тым самым патрэбных для кваліфікацыі балаў.

Дар'я Домрачава, якая ўзначальвае агульны залік розыгрышу Кубка свету (914 ачкоў), у гэтым сезоне перамагала ў мас-стартах двойчы, прычым абодва разы на кубкавых спаборніцтвах у Германіі: у Оберхофе (на 4-м этапе) і Рупольдынгу (5-м). На трэцім этапе КС у Славеніі (Паклюка) бронзу ў аналагічнай дысцыпліне выйграла Надзея Скардзіна. Домрачава тады прыняла рашэнне аб датэрміновым завяршэнні гонкі з-за праблем з вінтоўкай. Пасля промаху на першым агнявым рубяжы яна адправілася на штрафны круг, на выхадзе з якога сутыкнулася з адной з саперніц, упала і пашкодзіла зброю. З-за тэхнічных праблем лідар зборнай Беларусі зрабіла чатыры промахі пры другім візіце на стрэльбішча. Калі стала прайграваць лідарам больш за тры мінуты, яна сышла з дыстанцыі.

У заліку гонак з мас-старту Кубка свету Дар'я Домрачава займае 4-е месца, маючы на сваім рахунку 120 ачкоў. Надзея Скардзіна тут ідзе 12-й (84). Настасся Дубарэзава кубкавых ачкоў у гэтай дысцыпліне не мае. Лідарства за фінкай Кайсай Мякярайнен (139).

Што датычыцца мужчынскага мас-старту на 15 км, які таксама адбудзецца ў заключны дзень сусветнага форуму (15 сакавіка), то мае шанцы выступіць у ім беларускі біятланіст Юрый Лядаў. У лік удзельнікаў ён на гэты момант праходзіць з 21-м рэйтынгам па ачках, набраных на чэмпіянаце свету (49). Зрэшты, на персанальны склад удзельнікаў мужчынскай гонкі з масавага старту паўплываюць вынікі сённяшняй індывідуальнай гонкі (20 км з чатырма агнявымі рубяжамі; пачатак у 19.15 па мінскім часе). Юрый Лядаў у ёй стартуе 31-м. Яшчэ трое яго калег па камандзе адправяцца на дыстанцыю пад такімі нумарамі: 67 - Уладзімір Чапелін, 100 - Дзмітрый Абашаў, 117 - Аляксандр Дарожка. Усяго на біятлонную класіку заявіліся 127 спартсменаў.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі