Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

4 Кст 2016

Дакфільм аб рэстаўрацыі ў Свята-Петра-Паўлаўскім саборы Мінска адкрыў серыю аб гістарычных аб'ектах

4 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дакументальны фільм Restauratio аб рэстаўрацыі жывапісу Свята-Петра-Паўлаўскага сабора ў Мінску адкрыў серыю ролікаў аб гістарычных аб'ектах Беларусі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прадзюсар фільма Юрый Ігруша.

Гэты 12-мінутны ролік ілюструе і падрабязна расказвае аб унікальнай тэхналогіі рэстаўрацыі насценнага жывапісу Свята-Петра-Паўлаўскага сабора. Фільм здымаў рэжысёр Аляксей Лосеў, у першую чаргу для фарміравання заяўкі на ўзнагароду вядучай еўрапейскай арганізацыі ў галіне спадчыны "Еўропа Ностра". Унікальныя тэхналогіі, што прымяняюцца пры рэстаўрацыі насценнага жывапісу ў саборы, працэс рэстаўрацыі прэтэндуюць на гэту ўзнагароду.

Як расказаў Юрый Ігруша, КУП "Мінская спадчына", па чыім заказе зроблены ролік, плануе выпусціць яго на электронных носьбітах у сувенірным афармленні для распаўсюджвання. Адчуваецца патрэбнасць у інфармаванні гасцей Беларусі аб гісторыка-культурнай спадчыне, аб'ектах архітэктуры, ходзе іх рэстаўрацыі, адзначыў прадзюсар. Плануюцца іншыя відэафільмы. У прыватнасці, хутка будзе здымацца ролік аб горадзе Мсціславе, які стаў удзельнікам сумеснага праекта Еўрапейскага саюза і Савета Еўропы "Удзел грамадства ў аднаўленні гістарычных гарадоў" (COMUS).

Начальнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі Ала Сташкевіч дадала, што фільм аб унікальнай тэхналогіі рэстаўрацыі насценнага жывапісу Свята-Петра-Паўлаўскага сабора паказвае адваротны бок цяжкай работы рэстаўратара, які скрыты ад вачэй большасці. Асаблівасць насценнага жывапісу ў гэтым саборы - яго шматслойнасць (пяць слаёў фрэсак), і рэстаўратарам было важна яе адлюстраваць, не нашкодзіўшы, падкрэсліла Ала Сташкевіч. Прынцып "не нашкодзь" пакладзены ў аснову рэстаўрацыі жывапісу ў храме, і гэта дае магчымасць прэтэндаваць на прэстыжную ўзнагароду, дадала яна.

У выпадку перамогі праекта з Беларусі гэта будзе трэці факт прысуджэння ўзнагароды "Еўропа Ностра". У 1993 годзе гэтага прыза ўдастоены Мірскі замак за аднаўленне і рэстаўрацыю, у 2016-м - Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік "Нясвіж" за адданае стаўленне да справы.

Europa Nostra ("Еўропа Ностра") - агульнаеўрапейская федэрацыя арганізацый, што працуюць у галіне спадчыны, якую падтрымлівае шырокая сетка дзяржаўных органаў, прыватных кампаній і фізічных асоб. Створана ў 1963 годзе. Працуючы ў 40 краінах Еўропы, арганізацыя з'яўляецца голасам грамадзянскай супольнасці, якая выступае за захаванне і папулярызацыю еўрапейскай культурнай спадчыны. Яна адзначае найбольш выдатныя прыклады захавання і папулярызацыі спадчыны, уручаючы прыз "Еўропа Ностра".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі