Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

26 Лют 2015

Чырвоная кніга Беларусі папоўніцца 14 новымі відамі жывёл і 10 відамі раслін

26 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Чырвоная кніга Беларусі папоўніцца 14 новымі відамі жывёл і 10 відамі раслін, паведаміла ў час анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ія Малкіна.

"У чацвёртае выданне Чырвонай кнігі ўключаны 202 віды дзікіх жывёл і 303 віды дзікарослых раслін, што на 14 відаў больш па дзікіх жывёлах і на 10 - па дзікарослых раслінах у параўнанні з трэцім выданнем", - растлумачыла яна.

Паводле слоў першага намесніка міністра, у Чырвоную кнігу ўключаны віды, колькасць якіх мае тэндэнцыю да зніжэння і адмоўную дынаміку, або віды, якія маюць адзінкавыя вядомыя папуляцыі, што трапляюць пад дзеянне міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь. Напрыклад, гальян азёрны, раней шырока распаўсюджаны ў мелкіх вадаёмах басейнаў Дняпра і Заходняга Буга, за апошняе дзесяцігоддзе скараціў сваё існаванне. За гэты час адзначаны толькі адзін пункт яго пражывання ў Брэсцкім раёне. Папоўнілася Чырвоная кніга і двума відамі атрада рукакрылых, што трапляюць пад дзеянне Канвенцыі аб захаванні відаў дзікіх жывёл, якія мігрыруюць, і Канвенцыі аб ахове дзікай фаўны і флоры і прыродных асяроддзяў пражывання ў Еўропе.

Ія Малкіна адзначыла, што некаторыя віды ўдалося выключыць са спіса рэдкіх і тых, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Так, з моманту выхаду ў свет трэцяга выдання Чырвонай кнігі (2004 год) адбылося павелічэнне колькасці вялікай белай чаплі. "Вобласць распаўсюджвання вялікай белай чаплі апошнія гады павялічваецца за кошт шырокай паслягнездавой экспансіі птушак і асваення імі новых месц пражывання. Цяпер від рассяліўся па ўсёй тэрыторыі краіны, хоць найбольшая колькасць вядомых месц яго гнездавання адзначана на тэрыторыі паўднёвых абласцей (Брэсцкай і Гомельскай). На момант папярэдняга выдання Чырвонай кнігі былі вядомы некалькі лакальных гнездавых пасяленняў толькі на поўдні краіны, а агульная колькасць віду ацэньвалася ў 50-250 гнездавых пар. Сёння ж колькасць вялікай белай чаплі ацэньваецца прыкладна ў 2-3 тыс. пар, што гняздзяцца", - падкрэсліла яна.

Зніклі пагрозы для існавання папуляцый рапушкі еўрапейскай і большасці беспазваночных відаў, таму гэтыя віды дзікіх жывёл і былі выключаны з Чырвонай кнігі.

"Вучоныя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў 2013-2014 гадах правялі аналіз вынікаў данных маніторынгу жывёльнага і расліннага свету, дзяржаўных кадастраў жывёльнага і расліннага свету, навуковых і іншых даследаванняў за апошнія 10 гадоў. Вынікі гэтых даследаванняў сталі падставай для прыняцця пастановы Мінпрыроды ад 9 чэрвеня 2014 года нумар 26, якой устаноўлены спісы відаў дзікіх жывёл і дзікарослых раслін, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. На падставе гэтых спісаў і будзе падрыхтавана чацвёртае выданне", - паведаміла Ія Малкіна.

Чырвоная кніга Беларусі - афіцыйнае выданне, якое змяшчае анатаваны спіс рэдкіх відаў (і падвідаў) дзікіх жывёл і дзікарослых раслін і відаў, якія знаходзяцца пад пагрозай знішчэння на тэрыторыі Беларусі. Яна была заснавана ў 1979 годзе. Першае выданне выйшла ў 1981 годзе, другое - у 1993 годзе, трэцяе выданне выйшла ў двух тамах: "Жывёлы" (2004) і "Расліны" (2005).

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі