Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

3 Jun 2016

Больш за 600 майстроў з чатырох краін прадставяць свае вырабы на свяце "Купалле" ў Александрыі

3 чэрвеня, Магілёў /Сяргей Кулягін - БЕЛТА/. Больш за 600 майстроў з Беларусі, Расіі, Украіны і Літвы прадставяць свае вырабы на свяце "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў"), якое пройдзе 9-10 ліпеня ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў дырэктар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Алег Хмялькоў.

Канцэпцыяй свята прадугледжана работа "Горада дружбы", які ўключае 3 святочныя вуліцы: Мінскую, Маскоўскую і Кіеўскую. Таксама тут будзе працаваць творчая дэлегацыя з Літвы. Работа майстравога горада будзе арганізавана па прынцыпе кірмашовага дзеяння: гасцей будуць сустракаць латочнікі, скамарохі, мабільныя групы аніматараў і музыкантаў. Усіх будуць частаваць салам, маласольнымі агуркамі, мёдам і, вядома, вясёлым народным гумарам, песнямі і частушкамі. Пасля такой гасціннай беларускай тэрапіі госці адразу трапяць у свет дэкаратыўна-прыкладной і сучасных відаў творчасці, выкананых у самых розных тэхніках.

На "вуліцы Мінскай" майстры і народныя ўмельцы Магілёўшчыны прадставяць сваю творчасць у асобных павільёнах і зонах: "Чароўныя кросны" - ткацтва і вышыўка, пляценне карунак; "Казкі і быліны агню і гліны" - ганчарства і кераміка; "Сонечная саломка" - галаўныя ўборы, цацкі, элементы інтэр'еру, упрыгажэнні, вырабленыя з "беларускага золата" - саломкі, або з элементамі інкрустацыі; "Дрэва жыцця" - лозапляценне і разьба па дрэве, а таксама работа бондараў і іншых.

На "вуліцы Маскоўскай" і "вуліцы Кіеўскай" будуць размешчаны майстры з краін-суседзяў, прэзентавацца стравы нацыянальных кухняў, традыцыйнае мастацтва вышыўкі, ганчарства і керамікі, вырабы з дрэва і бяросты, пісанкі, ювелірнае мастацтва, роспіс, хусткі. "Ва ўсіх гасцей свята будзе ўнікальная магчымасць набыць штосьці на свой густ. Паколькі кожная рэч, зробленая рукамі майстра, па-свойму арыгінальная. Гэта не заводскі штамп. У яго ўкладзена частачка душы аўтара. А значыць, такая рэч мае асаблівую энергетыку. Таму пайсці з горада майстроў у Александрыі без пакупкі будзе проста нерэальна", - упэўнены Алег Хмялькоў.

На кожнай вуліцы таксама будуць размешчаны атракцыёны-фотаатэлье з каларытнымі роставымі фігурамі ў нацыянальных касцюмах. Творчыя групы беларускіх, рускіх і ўкраінскіх персанажаў будуць ствараць на гэтых міні-пляцоўках кірмашовую атмасферу, запрашаць наведвальнікаў для фатаграфавання.

Гулянні традыцыйна пройдуць у маляўнічым месцы на беразе Дняпра, каля моста, які злучае не толькі два населеныя пункты - Александрыю і Копысь, але і дзве вобласці - Магілёўскую і Віцебскую. У мінулым годзе Александрыя сабрала больш за 60 тыс. гасцей. Чакаецца, што ў гэтым годзе прыгожае беларускае свята наведаюць амаль 100 тыс. чалавек.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі